Вы тут

Беларускія грацыі парушылі гегемонію расіянак


У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра «золата» беларускіх гімнастак, якое ўвойдзе ў гісторыю, поспех гандбалістаў мінскага «Дынама» і сенсацыйную перамогу «Юнацтва» ў фінале Кубка Руслана Салея.

1. Упершыню за 15 гадоў беларускія «грацыі» выйгралі «золата» ў групавых практыкаваннях на чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы. На сусветным першынстве, якое праходзіла ў Кіеве, каманда ў складзе Валерыі Пішчэлінай, Ганны Дудзянковай, Марыны Ганчаровай, Марыі Кацяк, Аляксандры Наркевіч і Яны Лукавец абышлі італьянскіх, а самае галоўнае, расійскіх гімнастак. Акрамя гэтага, дзяўчаты здабылі сярэбраны медаль у практыкаваннях з трыма мячамі і дзвюма стужкамі. У індывідуальных спаборніцтвах Меліціна Станюта сабрала камплект бронзавых узнагарод — у практыкаваннях з мячом і стужкай, а таксама ў шматбор'і. З такім добрым вынікам — 5 медалёў — зборная Беларусі заняла трэцяе месца ў агульным заліку, саступіўшы камандам Расіі і Украіны.

2. Таксама неблагі «ўраджай» на мінулым тыдні сабралі беларускія весляры. Так, на чэмпіянаце свету па грэблі на байдарках і каноэ, які праходзіў у нямецкім Дуйсбургу, беларускі тандэм байдарачнікаў — Раман Петрушэнка і Вадзім Махнеў — заваяваў «серабро» на дыстанцыі 500 метраў. Бронзавы медаль здабыў і дуэт канаістаў Дзмітрыя Рабчанкі і Аляксандра Валчэцкага. Яшчэ адна «бронза» на рахунку жаночай байдаркі-чацвёркі ў складзе Маргарыты Цішкевіч, Надзеі Папок, Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук. З улікам яшчэ двух сярэбраных медалёў, здабытых у першыя дні спаборніцтваў, беларускія весляры выйгралі пяць камплектаў узнагарод. Акрамя гэтага, на чэмпіянаце свету па акадэмічнай грэблі, што праходзіў у паўднёва-карэйскім Чунджу, парны экіпаж Кацярыны Карстэн і Юліі Бічык заваяваў бронзавы медаль.

3. Сенсацыйна завяршыўся Кубак краіны па хакеі. У фінальным матчы мінскае «Юнацтва» разграміла жлобінскі «Металург» — 6:0. І калі саму перамогу мінчан можна назваць заканамернай, то такі буйны лік відавочна стаў вялікай нечаканасцю. Па адной шайбе ў вароты жлобінцаў закінулі Павел Развадоўскі, Аляксандр Семачкін, Дзяніс Далідовіч, Георгій Яскевіч, дубль — на рахунку Максіма Слыша. Галоўны трэнер «Юнацтва» Міхаіл Захараў так пракаментаваў перамогу сваіх падапечных у першым Кубку Руслана Салея: «Нягледзячы на лёгкі лік, матч атрымаўся зусім не простым. Перш за ўсё, цяжка было маральна, бо гулялі з вельмі прынцыповым сапернікам. Рады, што хлопцы выдатна стартавалі, — гэта і стала галоўным залогам поспеху. Дзякуй хакеістам за тое, што адпрацавалі «на нуль» і выдатна справіліся з рэалізацыяй».

4. Гандбольны клуб «Дынама» (Мінск) выйшаў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў. У фінальным паядынку кваліфікацыі мінчане перайгралі славацкі «Татран» — 29:27. Група для падапечных Барыса Дзеніча падабралася вельмі сур'ёзная — іспанская «Барселона», французскі «ПСЖ», македонскі «Вардар», швейцарскі «Вакер» і македонскі «Металург».

5. Завяршыўся 22-і тур футбольнага чэмпіянату краіны, які канчаткова вызначыў склад фінальнай шасцёркі каманд. За бортам медальных разборак засталася «Белшына». Бабруйчане не здолелі абыграць аўтсайдараў турніру мазырскую «Славію» (2:2) і прапусцілі наперад «Тарпеда-БелАЗ».Таксама дзякуючы ўпэўненай перамозе над мінскім «Дынама» месца ў шасцёрцы заваяваў «Нёман». Гродзенцы нечакана лёгка разабраліся з падапечнымі Роберта Маасканта — 3:1. Тым не менш «Дынама» захавала за сабой трэці радок у турнірнай табліцы. Нішто не пагражала і лідару чэмпіянату. Аднак «Шахцёр» нечакана саступіў «Дняпру». Дзякуючы дублю Антона Шрамчанкі магіляўчане атрымалі перамогу — 2:0. «Гомель» сыграў з «Мінскам» унічыю (0:0) і застаўся на чацвёртым радку. У выніку «гараджане», якія, дарэчы, скончылі выступленне ў «Лізе Еўропы», саступіўшы і другі матч льежскаму «Стандарду» 1:3, занялі толькі восьмае месца ў групавой стадыі турніру. Адзначым і перамогу БАТЭ над шчасліўчыкамі з Жодзіна. Гэты матч, які, па сутнасці, нічога не вырашаў, скончыўся з лікам 2:0 на карысць барысаўчан. Такім чынам за тытул чэмпіёна Беларусі па футболе пазмагаюцца наступныя каманды: «Шахцёр», БАТЭ, «Дынама» (Мінск), «Гомель», «Нёман» і «Тарпеда-БелАЗ».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Прэзідэнт павіншаваў гімнастак з перамогай

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў нацыянальную каманду Беларусі па мастацкай гімнастыцы з пераканаўчай перамогай на чэмпіянаце свету ў Кіеве. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Гэта выдатны вынік напружанай і мэтанакіраванай працы ўсяго калектыву каманды. Вашы яркія выступленні сталі сапраўдным святам для ўсіх знатакоў гэтага грацыёзнага віду спорту як у Беларусі, так і за мяжой. Вы ўпісалі слаўную старонку ў гісторыю айчыннага спорту», — адзначыў Прэзідэнт.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».