Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «У беларускай школе неабходна больш шырока ўкараняць сучасныя сродкі навучання»


Беларуская сістэма адукацыі захавала лепшы савецкі вопыт і традыцыі і ўзбагаціла іх перадавымі дасягненнямі, педагагічнай навукай і практыкай. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня ў час наведвання ў Мінску СШ № 51, якая ўпершыню адкрылася ў мікрараёне Лошыца-4, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Для новага мікрараёна адкрыццё школы вельмі дарэчы, паколькі ў ім пражывае шмат маладых сем'яў з дзецьмі і іх колькасць пастаянна расце. У новай навучальнай установе ўсё прадугледжана для атрымання якаснай адукацыі на сучасным узроўні і развіцця падрастаючага пакалення.

1378158257533_3-46

Кіраўнік дзяржавы, віншуючы ўсіх з Днём ведаў, падкрэсліў, што гэта свята ўсіх пакаленняў — ад малышоў, якія ўпершыню ідуць у школу, да іх бабуль і дзядуляў, якія адпраўляюць унукаў у паход за ведамі.

«Гэта складаны паход, самы цяжкі, напэўна, у жыцці кожнага чалавека, — лічыць Прэзідэнт. — Кожны з нас захоўвае ў сэрцы ўспаміны аб тым дні, калі ўпершыню пераступіў школьны парог. Мы заўсёды будзем удзячныя першаму настаўніку, педагогам, разам з якімі спасцігалі асновы навук, маральныя каштоўнасці, жыццёвую мудрасць».

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да школьнікаў, педагогаў і бацькоў, адзначыў: «Дзень ведаў мы сустракаем у цудоўнай сучаснай школе ў адным з самых маладых і хутка растучых мікрараёнаў Мінска». Ён падзякаваў будаўнікам за добры падарунак да 1 верасня і выказаў упэўненасць, што дзеці беражліва аднясуцца да новабудоўлі, каб яна заўсёды заставалася такой жа прыгожай.

Як адзначыў Прэзідэнт, добра падрыхтавалася да навучальнага года не толькі гэта школа, але і ўсе навучальныя ўстановы Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы ў цэлым высока ацаніў узровень беларускай адукацыі і ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што ў рэйтынгу нацыянальнага дабрабыту па паказчыках у сферы адукацыі Беларусь уваходзіць у лік лідараў сярод амаль 200 дзяржаў планеты.

У Беларусі ў сёлета пачнуць займацца каля 2 млн вучняў і студэнтаў — гэта прыкладна пятая частка насельніцтва краіны. І ад таго, наколькі паспяхова яны будуць асвойваць веды, залежыць дабрабыт дзяржавы, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што выпускнікі школы ХХІ стагоддзя павінны валодаць найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, свабодна размаўляць на замежных мовах і не проста помніць правілы і формулы, а ўмець прымяняць іх у жыцці, на практыцы. Школа павінна забяспечыць кожнаму дзіцяці роўныя ўмовы для жыццёвага старту.

Як перакананы кіраўнік дзяржавы, для паспяховага вырашэння гэтых задач неабходна больш шырока ўкараняць сучасныя сродкі навучання. З гэтага навучальнага года ў Мінску пачнуць рэалізоўваць маштабны інавацыйны праект «Электронная школа», дзякуючы якому камп'ютарныя тэхналогіі ахопяць практычна ўсе бакі школьнага жыцця. СШ № 51 стане адным з першапраходцаў у гэтай важнай і цікавай справе.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на тым, што школа павінна быць зонай бяспекі і здароўя. «Галоўнае тут — адказнасць і дысцыпліна дарослых, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — У нашых з вамі сілах засцерагчы дзяцей ад няшчасных выпадкаў, адарваць ад камп'ютарных гульняў дзеля заняткаў спортам, зрабіць здаровы лад жыцця сімвалам поспеху і прадметам для пераймання».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ключавой фігурай у школе быў і застаецца настаўнік — падзвіжнік, асветнік, энтузіяст, рамантык, самы галоўны пасля бацькоў чалавек у жыцці дзіцяці, які запальвае ў яго сэрцы агонь пазнання, творчасці і дабра.

Звяртаючыся да педагогаў, Прэзідэнт падкрэсліў, што яны самыя надзейныя памочнікі ў рабоце з людзьмі. «Захоўвайце вернасць ідэалам беларускага настаўніцтва, падтрымлівайце яго высокі аўтарытэт у народзе, адчуваючы сваю адказнасць за маральны клімат у грамадстве», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што ў справе станаўлення асобы трэба абапірацца на вельмі багатую спадчыну беларускага народа, яго прынцыпы і ідэалы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на беларускай зямлі ёсць нямала слаўных мясцін і святынь, якія дапамагаюць выхаванню дзяцей як патрыётаў і якія вучні абавязкова павінны наведаць.

Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што поспех у выхаванні можа быць дасягнуты толькі сумеснымі намаганнямі школы і сям'і. Бацькі павінны ўплываць на дзяцей асабістым прыкладам, з малых гадоў прывучаць іх працаваць, паважаць людзей, быць дастойнымі грамадзянамі Беларусі.

Звяртаючыся да школьнікаў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Першае верасня — гэта перш за ўсё ваша свята, якое адкрывае дзверы ў Краіну ведаў, дзе вас чакаюць разгадкі тайнаў прыроды і гісторыі, паходы і экскурсіі, спартыўныя старты і працоўныя справы. Я жадаю, каб кожны школьны дзень прыносіў радасць адкрыццяў і хоць на крок набліжаў вас да запаветнай мары».

Прэзідэнт пажадаў педагогам і бацькам поспехаў у важнай і адказнай справе выхавання дзяцей.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся сваімі разважаннямі аб працэсе станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы, які павінен стаць неабарачальным.

«Так склалася, што я другі дзень, учора і сёння, — у школе. Стоячы перад дзецьмі, я ўглядаўся ў іх вочы, назіраў за бацькамі, і мяне не пакідала вельмі важная думка, якой я хачу з вамі падзяліцца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Кожнае пакаленне ў сваім жыцці рабіла знакавыя ўчынкі, і адбываліся падзеі, якімі ганарыліся не толькі гэта, але і наступныя пакаленні. Пакаленне да нас здзейсніла вялікі подзвіг — абараніла нашу краіну ад «карычневай чумы», атрымаўшы перамогу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пакаленне да таго ганарылася тым, што звергнула ненавісны рэжым царызму і ўстанавіла ў гісторыі новую грамадскую фармацыю».

Праўда, цяпер, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, некаторыя пераглядаюць тыя падзеі. «Не выключана, што і нас з вамі будуць пераглядаць і пераварочваць — такі ўжо ўклад жыцця», — выказаў меркаванне Прэзідэнт.

Разважаючы аб тым, што такога зрабіла цяперашняе пакаленне, чым можна было б ганарыцца, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Мы стварылі першую дзяржаву ў гісторыі нашай краіны, нашага народа, мы стварылі фундамент гэтай дзяржавы. І я лічу, што мы зрабілі яшчэ не ўсё».

На думку Прэзідэнта, «трэба, можа, адмаўляючы ў чымсьці сабе, абавязкова зрабіць неабарачальным працэс станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы».

«Мы не можам больш дазволіць, каб не толькі мы, але і нашы дзеці жылі не на сваёй зямлі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны зрабіць усё, каб на гэтым кавалку беларускай зямлі назаўсёды ўсталявалася і ўмацавалася наша беларуская дзяржава. Чаго б гэта ні каштавала, мы павінны гэта зрабіць. Мы не павінны больш дазволіць, каб нашы дзеці былі «парабкамі» або наёмнымі. Мы павінны зрабіць усё, каб нашы дзеці ганарыліся намі, нашым подзвігам, які прывёў да таго, што мы стварылі сваю дзяржаву на сваёй зямлі».

«Я як Прэзідэнт зраблю ўсё, каб мабілізаваць грамадства на выкананне гэтай святой задачы — зрабіць працэс будаўніцтва нашай дзяржаўнасці, нашай дзяржавы неабарачальным», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

У ходзе наведвання новай сталічнай школы кіраўніку дзяржавы далажылі аб гатоўнасці ўсёй сістэмы адукацыі Мінска да навучальнага года, а таксама аб тым, што колькасць першакласнікаў паступова павялічваецца.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся пытаннямі ўдасканалення сістэмы аплаты працы педагогаў. «Галоўнае, каб мы далі магчымасць маладым настаўнікам зарабіць. Гэта важны момант», — лічыць Прэзідэнт.

Як праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку, з гэтага навучальнага года на базе 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска будзе ажыццёўлены рэгіянальны праект для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій «Электронная школа». Так, з выкарыстаннем індывідуальных смарт-картак будуць арганізаваны праход кожнага вучня і супрацоўніка ў памяшканне школы, а таксама ўлік спазненняў і пропускаў, рабочага часу, доступ да электронных сэрвісаў і рэсурсаў установы адукацыі. Праектам таксама прадугледжана вядзенне электронных журнала і дзённіка, якія поўнасцю забяспечваюць аператыўнае прадастаўленне інфармацыі аб бягучай паспяховасці вучняў.

У час прэзентацыі праекта «Электронная школа» Прэзідэнту паказалі, як будуць выкарыстоўвацца гэтыя новаўвядзенні ў СШ № 51.

Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай навучальнай установы, умовамі для навучання і выхавання школьнікаў. Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі, як будуць забяспечвацца факультатыўныя заняткі і развівацца творчыя, спартыўныя здольнасці дзяцей. Кіраўнік дзяржавы наведаў школьныя класы, а таксама спартыўную і трэнажорную залы, дзе паразмаўляў з юнымі баскетбалістамі і сфатаграфаваўся з імі.

Ад Прэзідэнта ў дар школе перададзены камплекты спартыўнай формы і баскетбольныя мячы.

Па выніках наведвання школы Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».