Вы тут

Так трымаць!..


Ці лёгка быць прыгожым райцэнтрам?

Па выніках агляду-конкурсу добраўпарадкавання і санітарнага стану за мінулы год Пружаны аказаліся ў тройцы лепшых сярод невялікіх гарадоў. За прэміяльныя грошы тут паспелі набыць дзве машыны для прыбірання гарадскіх вуліц. Цяпер горад, відавочна, будзе яшчэ прыгажэйшы.

580-гадовыя Пружаны маюць даўнія традыцыі самакіравання. У 1589-м населены пункт атрымаў магдэбургскае права і новы герб. Цікава, што ён вельмі блізкі па сваёй сімволіцы да герба італьянскага Мілана. На сярэбраным полі намаляваны вуж, з пашчы якога з'яўляецца на свет немаўля. Гэтым падабенствам пружанцы абавязаны Ганне Ягелонцы, якая падарыла герб на ўспамін пра сваю маці, каралеву Бону Сфорца. На працягу вякоў горад меў некалькі гаспадароў, а значыць і гербоў. Але ў 1998 годзе намаганнямі мясцовай улады старадаўні герб быў па праве вернуты райцэнтру. Цяпер мемарыяльны знак з гербом упрыгожвае адну з цэнтральных плошчаў.

У навейшай гісторыі Пружаны былі звычайным раённым горадам, дзе пражывала менш за 20 тысяч чалавек. Да канца 1990-х гарадок, які карыстаўся савецкай інфраструктурай, прыйшоў у поўны заняпад, ва ўсялякім разе, па сваім знешнім выглядзе. Пераломным стаў 2003-ці, калі ў райцэнтры адбыліся рэспубліканскія «Дажынкі»

. Тады горад не проста пахарашэў і памаладзеў, ён літаральна нанова нарадзіўся. На месцы, дзе зліваюцца Муха і Вец, утвараючы Мухавец, паявілася прыгожая скульптура, а мост стаў любімым месцам прагулак і сустрэч. Праз чатыры гады ў Пружанах, у адным з першых сярод невялікіх гарадоў, з'явіўся лядовы палац, а тры гады таму быў узведзены водны палац з аквапаркам. Горад сталі называць адным з самых стыльных і дагледжаных райцэнтраў вобласці. Але ж падтрымліваць свой імідж аказалася не лягчэй, чым яго заваяваць.

1378247254191_1

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей ГУК сказаў карэспандэнту «МС», што ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя для паляпшэння гарадскіх вуліц і камунікацый было шмат зроблена. У год асфальтавалі па 6-7 кіламетраў вулічнага дарожнага пакрыцця — для Пружан гэта прыстойны аб'ём. У выніку пад асфальтам аказалася каля 95% вуліц. Зараз, на жаль, такіх бюджэтных магчымасцяў няма. Але, як кажуць, да добрага прывыкаеш хутка. Жыхары пачалі скардзіцца, пісаць звароты, каб хутчэй асфальтавалі дарогу менавіта побач з іх домам. Каб спыніць розныя размовы і здагадкі, вырашылі зрабіць працэс добраўпарадкавання максімальна празрыстым, а інфармацыю даступнай. Усе вуліцы горада, што патрабуюць асфальтавання, былі падзелены на чатыры катэгорыі. Першая — тыя, дзе ёсць камунікацыі і адпаведная дакументацыя, патрэбны толькі грошы на асфальт.

1378247256398_2

Другая — дзе інжынерныя сеткі пракладзены, але патрэбны праектна-каштарысныя работы на асфальт. Трэцяя — дзе не хапае газавых, водных ці электрычных камунікацый. І чацвёртая — дзе няма нічога, а толькі выдзяляюцца ўчасткі для будаўніцтва. Там, зразумела, будуць асфальтаваць у апошнюю чаргу. Парадак добраўпарадкавання і асфальтавання вынеслі на разгляд сесіі раённага Савета, якая яго зацвердзіла. Рашэнне было апублікавана ў раённай газеце і размешчана на сайце райвыканкама. Цяпер кожны можа з ім азнаёміцца і прыкінуць, калі чарга дойдзе да яго вуліцы.

1378247258539_3

А што датычыць штодзённага парадку ў дварах і на вуліцах, за гэтым сочаць работнікі прадпрыемства «Камунальнік». Яго дырэктар Алег ШОПІК паведаміў, што толькі за мінулы год у горадзе пасадзілі каля васьмі соцень дрэў, больш за тысячу кустоў і амаль 200 тысяч кветак.

Прадпрыемствы і арганізацыі даглядаюць не толькі свае тэрыторыі, але і вуліцы насупраць. Ужо з дзясятак гадоў мінула з часу, калі дырэктарскі сход горада дамовіўся ўсталяваць так званыя «чыстыя» чацвяргі. Гэта значыць, акрамя прывычных вясновых суботнікаў, калі тэрыторыя прыводзіцца ў парадак пасля зімы, кожны чацвер некалькі супрацоўнікаў таго ці іншага прадпрыемства або ўстановы выходзяць на тэрыторыю з граблямі ці іншым інвентаром, каб дагледзець кветкі, прыбраць смецце, што назапасілася за тыдзень, выканаць іншую работу. Бо, каб было чыста і прыгожа, трэба ўвесь час падтрымліваць чысціню. Паводле слоў Алега Фёдаравіча, узорам гэтай работы можна лічыць масласырзавод, камбінат будаўнічых матэрыялаў, камбінат кааператыўнай прамысловасці, а таксама ўсе школы горада, якія падыходзяць да пытання добраўпарадкавання не толькі сумленна, але і творча. Жыллёва-камунальная гаспадарка ўсяляк заахвочвае і тых гараджан, якія ператварылі свае двары ў сапраўдныя кветнікі.

Пытанні добраўпарадкавання пастаянна трымаюць у полі зроку дэпутаты райсавета. Як сказала яго старшыня Марыя СЦЕПАНЮК, сёлета работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі разглядалі на прэзідыуме райсавета.

— Горад у нас прыгожы, — кажа Марыя Васільеўна. — А на гэта, як вядома, патрэбна шмат сродкаў. Скажам, летась на добраўпарадкаванне і падтрымку санітарнага стану пайшло 12 мільярдаў рублёў. Калі б менш грошай трацілася на прыбіранне вуліц, дарог і прыдарожных палос, якія штодзень засмечваюцца несумленнымі грамадзянамі, можна было б зрабіць асобныя куточкі горада яшчэ больш прыгожымі.

Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.