Вы тут

Удзячнасць дарагога каштуе


Чым жыве сёння Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, наколькі важкім з'яўляецца ўклад дэпутацкага корпуса сталіцы ў вырашэнне надзённых пытанняў і праблем Мінска, якую ролю ў гарадскім кіраванні адыгрываюць народныя абраннікі і з чым да іх ідуць выбаршчыкі — пра гэта размова нашага карэспандэнта са старшынёй Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васілём ПАНАСЮКОМ.

— Васіль Васільевіч, па-вашаму, гарсавет сёння — гэта...

— ...гэта найважнейшы элемент самакіравання ў Мінску. Менавіта ў выключнай кампетэнцыі дэпутатаў знаходзіцца зацвярджэнне планаў і прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, прыняцце бюджэту, гарадскіх дзяржаўных і мэтавых праграм літаральна ва ўсіх сферах сталічнага жыцця. У Савеце працуюць 52 дэпутаты, 9 пастаянных камісій. А калі улічыць, што сярод абраннікаў — самыя аўтарытэтныя, паважаныя людзі — ад мастакоў, педагогаў да кіраўнікоў найбуйнейшых прадпрыемстваў, то я скажу з упэўненасцю, што ў кампетэнтнасці гарсавета можна не сумнявацца.

Дзеля чаго працуе гарадскі дэпутат? Дзеля тых, хто яго абраў. Таму ўсе нашы высілкі скіраваны на паляпшэнне якасці жыцця ў сталіцы. Дэпутаты не з'яўляюцца простымі «зацвярджальнікамі» рашэнняў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Асабліва прынцыпова, з улікам наказаў выбаршчыкаў, мы адстойваем сацыяльную скіраванасць бюджэту горада і планы развіцця ўсіх галін гаспадаркі горада...

— Адным з прыярытэтаў развіцця краіны вызначана мадэрнізацыя эканомікі. Як гэтую ўстаноўку ажыццяўляе гарсавет?

— Мы ўсведамляем выключную важнасць задачы і разумеем, што галоўныя ўстаноўкі дае кіраўніцтва краіны, але мы маем права рэгулярна кантраляваць — і кантралюем — работу нашага выканкама ў гэтым кірунку. Найперш, праз рэгулярныя справаздачы Савету нашай гарадской выканаўчай улады: што мадэрнізуецца, як выкарыстоўваецца бюджэт, якая рэальная аддача ад ўкладання народных грошай, наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца інавацыйны фонд. Дарэчы, па выніках апошняй справаздачы дэпутаты зрабілі выканкаму даволі істотныя заўвагі наконт таго, што да выбару аб'ектаў, якія падлягаюць мадэрнізацыі, ці да размеркавання фондаў трэба падыходзіць больш дакладна. Пры гэтым адзначу, што і Савет, і выканкам традыцыйна працуюць у адным кірунку і з аднолькавым разуменнем важнасці вырашэння тых пытанняў і праблем, якія пакуль што ёсць у жыцці сталіцы.

— Выбіраючы дэпутатаў, мінчане пасылалі разам з імі ў гарсавет і свае наказы. Што яны прасілі і як гэтыя просьбы выконваюцца?

— Літаральна на першай сесіі 26-га склікання быў створаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі праблемных пытанняў і наказаў грамадзян, якія былі выказаны ў час перадвыбарчай кампаніі. І гэты план — адзін з нашых асноўных дакументаў. Сёння ў ім 39 пытанняў і ўжо да канца года структурамі Мінгарвыканкама і адміністрацыямі раёнаў большая іх частка будзе выканана. Што за пытанні? Тут і цеплавая мадэрнізацыя жылля, і рамонт устаноў адукацыі і аховы здароўя, будаўніцтва школ, падземных пераходаў, пытанні парковак і г.д.

Напрыклад, зараз пад асаблівым кантролем Савета і выканкама знаходзяцца сапраўды вострыя пытанні будаўніцтва паліклінік у мікрараёнах Брылевічы і Каменная Горка. Праўда, ужо ў бягучым квартале работы на гэтых аб'ектах будуць пачаты, пра што нашы дэпутаты і інфармуюць на сустрэчах выбаршчыкаў. (Дарэчы, на бліжэйшай нашай сесіі ў верасні мы заслухаем справаздачу Мінгарвыканкама пра ход рэалізацыі наказаў выбаршчыкаў.) Дадам, што ў стадыі завяршэння знаходзіцца будаўніцтва трамвайнай лініі ў Серабранку з падземным пераходам на Пляханава, хутка прыме пацыентаў 7-я дзіцячая паліклініка.

Натуральна, хвалюе нас і праблема шчыльнай забудовы новых мікрараёнаў, асабліва Каменнай Горкі. Відавочна, у планы будаўніцтва будуць па гэтым раёне ўключаны аб'екты адукацыі і іншай інфраструктуры. Гарадскі Савет трымае пад пільным кантролем сітуацыю з дамамі, што маюць звышнарматыўныя тэрміны здачы ў эксплуатацыю, і эфектыўнасць выкарыстання зямельных участкаў пад будаўніцтва. І вы разумееце, што вялікая колькасць пытанняў, няхай сабе і не такіх глабальных, вырашаецца, як кажуць, «у рабочым парадку» — добраўпарадкаванне тэрыторый, невялікі ў маштабах горада рамонт і іншае.

— Сувязь грамадскасці з дэпутатамі пастаянная і праз прыёмы, і праз сустрэчы, і праз лісты. Якія яшчэ формы ўдзелу насельніцтва ў самакіраванні?

— На мінулай сесіі мы зацвердзілі новыя рэдакцыі палажэння аб органах тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і аб аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы ў гэтых органах. Мы бачым у іх дзейны, жывы, аб'ектыўны індыкатар якасці нашага жыцця, вывучэння грамадскай думкі мінчан і іх рэакцыі на рашэнні ўлад горада. У горадзе 147 такіх утварэнняў, і эфект ад іх работы відавочны. Хто лепш за саміх жыхароў ведае праблемы сваёй вуліцы, дома, мікрараёна? Хто можа аператыўна адрэагаваць на нездавальняючую работу раённых альбо гарадскіх службаў і ўстаноў, арганізаваць жыхароў мікрараёна на сумесную работу з ЖЭСамі па добраўпарадкаванні двароў — у тым ліку і з долевым удзелам насельніцтва, па будаўніцтве дадатковых парковачных месцаў і закупках абсталявання для дзіцячых пляцовак?

Напрыклад, у Фрунзенскім раёне прадстаўнікі ад органаў самакіравання прысутнічаюць на пасяджэннях раённай адміністрацыі, гэтыя людзі «ўваходжыя» і да кіраўнікоў раёнаў, і да кіраўнікоў і спецыялістаў гарвыканкама. Я асабіста бачу ў такой форме самакіравання вялікую будучыню.

— Набліжаецца чэмпіянат свету па хакеі. Справа гонару кожнага мінчаніна, кожнага беларуса ўнесці свой уклад у тое, каб гэтая для ўсіх нас знакавая падзея прайшла на найвышэйшым узроўні...

— Згодны, падзея гэта не толькі спартыўная, але і вартая вялікай увагі з-за таго, якое значэнне яна мае для павышэння іміджу нашай краіны ў свеце. Магу сказаць, што разуменне гэтай важнасці ёсць у кожнага сталічнага дэпутата, і яно праяўляецца ў тым, што краіна тут павінна паказаць сябе годна.

Таму мы з разуменнем падыходзім і да неабходных часам карэкціровак бюджэту Мінска, інвестыцыйных праграм. Ёсць разуменне і таго, што ўсё, пабудаванае для чэмпіянату, застанецца гораду: і новая спартыўная арэна, і іншыя аб'екты і гасцініцы, якіх для такога горада, як наш, пакуль што недаравальна мала.

— Васіль Васільевіч, а з якімі канкрэтна наказамі ад сваіх выбаршчыкаў Адоеўскай акругі ў Савет прыйшлі вы? Што зроблена? З чым асабіста да вас яны звяртаюцца?

— Маю поўнае права ганарыцца, што настойліва і мэтанакіравана садзейнічаў рэалізацыі такіх наказаў, як рамонт чатырох школ, будаўніцтву транспартнай развязкі «вул. Мантажнікаў — кальцавая дарога», рамонт вуліц Панамарэнкі і Харкаўскай, будаўніцтва паліклінікі ў Сухараве. Былі і не такія значныя просьбы. Напрыклад, у аднаго з маіх выбаршчыкаў на магіле яго родзіча быў украдзены помнік, і я змог даказаць адказнай за ўтрыманне могілак арганізацыі неабходнасць кампенсацыі нанесенай шкоды. Або сёлетняй, калі памятаеце, надзвычай снежнай зімой да мяне звярнуліся мае пенсіянеры. З разуменнем таго, што дворнікі шчыравалі з усіх сіл, пажылыя людзі папрасілі, каб па дарозе да магазінаў, паліклінік ці аптэк былі расчышчаны і лаўкі, і падыходы да іх. Часам чалавеку сталага веку проста неабходна на хвілінку прысесці адпачыць, ідучы па сваіх патрэбах ці проста на прагулку. Паверце, іх удзячнасць для мяне была дарагога вартая. Таму я ўпэўнены, што кожны дэпутат ды і ўвогуле кожны, хто надзелены ўладай і магчымасцямі зрабіць людзям дабро, павінен гэтае дабро рабіць. Не людзі дэпутатам служаць, а дэпутаты людзям. На гэта, у першую чаргу, і арыентуецца ў сваёй рабоце наш гарадскі Савет.

І карыстаючыся нагодай, хачу шчыра павіншаваць усіх мінчан з надыходзячым святам — Днём горада і пажадаць усім добрага здароўя, дабрабыту, шчасця і новых поспехаў у працы на карысць роднай Бацькаўшчыны і яе сталіцы, міру і дабрабыту!

Пятро РАМАНЧУК.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.