Вы тут

«Дробязі» жыцця


Народная падказка

Стыхійна ўтвораныя людзьмі сцежкі — гэта не заўсёды дрэнна. Наадварот, яны могуць служыць падказкай для аптымальнай пракладкі законных пешаходных дарожак.

Гэтае пытанне нядаўна абмеркавалі на планёрцы ў абласным цэнтры. Сапраўды, чалавеку ўласціва крочыць найбольш аптымальным шляхам, і таму ў многіх еўрапейскіх краінах даўно практыкуюць пракладку дарожак па ўжо апрабаваных пешаходамі сцежках. Тым самым паляпшаючы эстэтыку гарадскіх тэрыторый, бо, як правіла, разам з «легалізацыяй» гэтых сцежак абараняюцца ад вытоптвання навакольныя газоны і клумбы.

У Гродне ўжо ўзялі на заметку большасць несанкцыянаваных сцежак агульнай даўжынёй каля 9 кіламетраў. Прыкладна палову з іх у бліжэйшай перспектыве плануецца добраўпарадкаваць асфальтаваннем альбо ўкладкай тратуарнай пліткі. Першыя дзве такія дарожкі на месцы стыхійна ўтвораных неўзабаве з'явяцца ў раёне вуліцы Паповіча.

Але так будзе не ўсюды. Пешаходныя шляхі павінны быць не толькі зручнымі, але і бяспечнымі. І калі сцежкі (напрыклад, што вядуць да праезнай часткі дарог) не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, то яны, зразумела, падлягаюць ліквідацыі.

Газонакасілка для сельсавета

У Навагрудскім раёне даволі вострай была праблема адсутнасці альбо зношанасці сродкаў малой механізацыі для навядзення парадку ў сельскай мясцовасці.
Цяпер гэтыя абавязкі падмацоўваюцца і рэальнымі магчымасцямі: рашэннем райвыканкама для ўсіх сельскіх Саветаў закуплены 24 сучасныя газонакасілкі Husqvаrnа — па дзве на кожны. Яны будуць задзейнічаны для выкошвання травы ў населеных пунктах — у прыватнасці, на тых участках, якія засталіся без гаспадароў, на могілках. Летась, дарэчы, раённыя ўлады паклапаціліся аб забеспячэнні кожнага сельвыканкама бензапілой для выдалення аварыйных дрэў і зараснікаў хмызняку там, дзе ўжо ніхто не жыве.

Творчы падыход

Больш за 5 мільярдаў рублёў затрачана ў аграгарадку Вярэйкі Ваўкавыскага раёна на рамонт тутэйшых будынкаў і добраўпарадкаванне вуліц. Аднак добрыя справы не заўсёды робяцца толькі за грошы.

У цэнтры аграгарадка, на месцы старога будынка сельсавета, які быў знесены некалькі гадоў таму, нядаўна з'явіўся камень-валун вагой амаль 4 тоны. Яго добра відаць з дарогі, а падышоўшы бліжэй, можна даведацца, што вёска Вярэйкі заснавана ў 1789 годзе.

Задума ўшанаваць такім чынам гісторыю вёскі з'явілася ў старшыні Вярэйкаўскага сельвыканкама Уладзіміра Кашына. Яго падтрымаў мясцовы прадпрымальнік, спецыяліст па вырабе помнікаў Валянцін Гжымайла. Калі адшукалі патрэбны камень, то майстар бясплатна апрацаваў яго, выканаў надпіс з указаннем даты заснавання вёскі. А кіраўнік аддзялення «Вярэйкі» сельгаспрадпрыемства «Ваўкавыскае» выдзеліў тэхніку для перавозкі і ўстаноўкі валуна.

Па раскладзе

На прыпынках гарадскога транспарту ў Лідзе, дзе ёсць павільёны, да паслуг пасажыраў нядаўна з'явіліся планшэты з раскладам руху аўтобусаў — пахвілінным, па кожным рэйсе.

Раённым бюджэтам фінансуюцца выраб і ўстаноўка больш за 100 такіх планшэтаў, а непасрэдна гэтым займаецца дарожна-эксплуатацыйнае падраздзяленне гарадскога прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Расклад руху транспарту для кожнага канкрэтнага прыпынку прадастаўляе аўтобусны парк № 2. Раздымная канструкцыя планшэтаў (да металічнай пласціны прыкручваецца аргшкло) дазваляе лёгка абнавіць інфармацыю, калі адбыліся змены ў раскладзе.

Такім чынам узмацняецца адказнасць перавозчыкаў перад сваімі кліентамі. Пры гэтым пасажыры інфармуюцца аб магчымых адхіленнях ад графіка руху аўтобусаў, якія дапускаюцца правіламі аўтамабільных перавозак.

Барыс ПРАКОПЧЫК,
Гродзенская вобласць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.