16 студзеня, субота

Вы тут

Дапамога з надзеяй на перспектыву


Дзяржава гатова дапамагаць, але не збіраецца падтрымліваць лайдацтва. Таму дзяржаўнае страхаванне ад беспрацоўя ў нас уводзіць не будуць. Прынамсі, пакуль. Пра гэта паведаміла карэспандэнту «Звязды» старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна РАМАНОВІЧ. Таксама яна распавяла пра дэфіцыт кадраў і некалькі іншых тэндэнцый на гарадскім рынку працы.

— Жанна Аляксандраўна, рынак працы і занятасць зменлівыя, як і само жыццё. Чым яны характарызуюцца сёння ў нашай сталіцы?

— Сёлета рынак працы фарміруецца пад уплывам скарачэння працоўных рэсурсаў, а значыць, рабочай сілы і росту попыту на кадры з боку наймальнікаў. Напрыклад, колькасць працоўных рэсурсаў летась скарацілася на 13,7 тысячы чалавек і склала 1405,9 чалавека. Асноўная прычына — скарачэнне долі насельніцтва ў працаздольным узросце — з 67,4 працэнта ў 2006 годзе да 65 — у мінулым. Вынікам такіх тэндэнцый з'яўляецца змяненне рынку працы, што выражаецца ў зніжэнні агульнай колькасці занятых у эканоміцы (такое скарачэнне дасягнула летась 9 тыс.чалавек), і ў росце дэфіцыту кадраў на гарадскім рынку працы, калі выбыўшыя кадры асноўнага сектара эканомікі ўзнаўляюцца прынятымі на работу прыкладна на 88%. Сёлета на 1 ліпеня наймальнікі заявілі 24,7 тысячы вакансій, летась у гэты час — 20 тысяч. У сталіцы адзначаецца і зніжэнне попыту свабоднай рабочай сілы: рэгістрацыя беспрацоўных скарацілася на 20 працэнтаў. Акрамя таго, калі летась забяспечанасць аднаго беспрацоўнага свабоднымі месцамі складала 8, то сёлета — 14 рабочых месцаў.

— У прэсе была інфармацыя, што, магчыма, у Беларусі будуць распрацоўваць сістэму страхавання ад беспрацоўя. На якой стадыі знаходзіцца цяпер гэтае пытанне?

— Паводле нашага заканадаўства, страта працы адносіцца да таго страхавога выпадку, пры якім грамадзяне забяспечваюцца адпаведнай страхавой выплатай па дзяржаўным страхаванні — дапамогай па беспрацоўі. Такая выплата ажыццяўляецца за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, які, у сваю чаргу, фарміруецца з абавязковых адлічэнняў наймальнікаў. Сёння ў сістэме сацыяльнага страхавання ад беспрацоўя ў нашай краіне існуюць нормы, прынятыя і ў міжнароднай практыцы, а менавіта: памер дапамогі хаця і ўмоўна, але прывязаны да заработнай платы. Залежыць ён і ад прычыны страты працы, працягласці беспрацоўя, наяўнасці ў чалавека ўтрыманцаў. Памер максімальнай дапамогі ў нас абмежаваны дзвюма базавымі велічынямі і не залежыць ад аб'ёму ўнесеных страхавых узносаў і страхавога стажу беспрацоўнага.

Для краін з высокім даходам характэрны сістэмы страхавання, пры якіх перыяд аплаты страхавых узносаў дасягае для застрахаванага сямі гадоў. З улікам існуючай практыкі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на гэтым этапе лічыць немэтазгодным укараненне ў нашай краіне дзяржаўнага страхавання ад беспрацоўя, бо палітыка занятасці павінна быць скіравана менавіта на стымуляванне хутчэйшага працаўладкавання беспрацоўных, а не павышэнне памераў выплат тым, хто часова без работы.

— Якія стандарты ў галіне сацыяльнага абслугоўвання ўкаранёны ў Мінску? Як яны выконваюцца?

— У сталіцы выкананы стандарты ў сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прынятыя адпаведнай пастановай урада яшчэ ў 2003 годзе, створаны 9 тэрытарыяльных цэнтраў — у кожным адміністрацыйным раёне і гарадскі. Зладжаная праца цэнтраў, а таксама ўкараненне новых формаў сацыяльнага абслугоўвання дазваляюць задавальняць усе асноўныя патрэбы чалавека, які апынуўся ў цяжкім жыццёвым стане. На рэалізацыю праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў Мінску сёлета выдзелена 149,831 34 млрд рублёў. Што ўключае праграма? Гэта штомесячныя выплаты да пенсій асобным катэгорыям, кампенсацыя затрат на рамонт кватэр ветэранам, забеспячэнне бяспечных умоў пражывання інвалідаў, ветэранаў, падтрымка ветэранскіх арганізацый і іншае.

Праграма прадугледжвае таксама падтрымку дзяцей і моладзі. Напрыклад, толькі на даплаты поўнага кошту пуцёвак на аздараўленне дзяцей у лагерах сёлета выдаткавана 3,562 9 млрд рублёў з мясцовага бюджэту. Дапамога аказваецца інвалідам першай групы, інвалідам-калясачнікам, непрацуючым інвалідам другой групы, калі ім больш за 70 гадоў, а памер пенсіі не перавышае 1,5 бюджэту пражытачнага мінімуму, многія катэгорыі на бясплатнай ці часткова аплачваемай аснове забяспечваюцца паслугамі сацыяльнага транспарту. На рэалізацыю гэтага мерапрыемства з бюджэту горада сёлета выдзелена 7,762 3 млрд рублёў.

Сёлетняй вясной у горадзе стартаваў новы сацыяльны праект «Універсітэт трэцяга ўзросту» дзеля павышэння сацыяльнага статусу, творчай актыўнасці і якасці жыцця пажылых. Праект гэты рэалізуецца сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў» пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду «Памяць, адказнасць, будучыня» і міжнароднага аб'яднання «Узаемаразуменне». У межах гэтага праекта пры нашых цэнтрах адкрываюцца факультэты інфармацыйных тэхналогій, замежных моў, сацыяльнай работы.

Дзейнічаюць праекты дапамогі студэнтаў па надомным абслугоўванні, па прадастаўленні паслуг персанальнага памочніка інваліду, па дапамозе калясачнікам, адкрыты сацыяльныя аптэкі і сацыяльныя цырульні. Усё большы размах набывае ў сферы сацыяльнай дапамогі валанцёрскі рух.

— Як у сталіцы ажыццяўляецца адрасная сацыяльная дапамога? На каго ў першую чаргу яна разлічана?

— Адрасная сацыяльная дапамога, паводле адпаведнага ўказа Прэзідэнта, накіравана на падтрымку аб'ектыўна нізкіх даходаў насельніцтва на ўзроўні бюджэту пражытачнага мінімуму, аказанне дапамогі ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, якія парушаюць нармальную жыццядзейнасць. Такая падтрымка даецца ў выглядзе штомесячных, аднаразовых дапамог, забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Адрасна дзяржава дапамагае і асобным катэгорыям грамадзян. Напрыклад, інвалідам трэцяй групы і дзецям да 18 гадоў, не прызнаных інвалідамі — на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, інвалідам першай групы і сем'ям, што выхоўваюць дзіця-інваліда з чацвёртай ступенню страты здароўя.

Толькі за першае паўгоддзе адрасная дзяржаўная сацыяльная дапамога прадастаўлена амаль 12 тысячам грамадзян. Сярэдні памер штомесячнай дапамогі на аднаго атрымальніка ў Мінску склаў больш за 190 тыс. рублёў, аднаразовай сацыяльнай дапамогі — больш за 900 тысяч. Асноўныя атрымальнікі — гэта няпоўныя і шматдзетныя сем'і, што гадуюць непаўналетніх дзяцей, сем'і, што выхоўваюць двайнятак і больш дзяцей.

— А колькі, дарэчы, сёння зарабляе сярэднестатыстычны мінчанін?

— Па выніках першага паўгоддзя ўзровень сярэднямесячнай зарплаты ў сталіцы склаў 6,189 млн рублёў (па рэспубліцы — 4,7709), у тым ліку за чэрвень — больш за 6,600 млн, або прыкладна 758 долараў ЗША. У параўнанні з папярэднім годам рост склаў 47 працэнтаў, рэальная зарплата з улікам індэкса росту спажывецкіх цэн узрасла больш чым на 21%. Натуральна, пры гэтым варта памятаць, што ўзровень зарплаты вар'іруецца па відах дзейнасці: ад 4,0465 млн рублёў у адукацыі да 7,4095 — у будаўніцтве.

— Ахова працы на нашых прадпрыемствах, вытворчы траўматызм — пра што яны гавораць?

— Адразу скажу, што за студзень — ліпень гэтага года зніжаны паказчыкі траўматызму са смяротным і цяжкім зыходамі. Але, хаця гэтыя паказчыкі і змяншаюцца, дзяржаўным інспектарам працы клопатаў хапае. Асноўныя прычыны няшчасных здарэнняў на вытворчасці — гэта, традыцыйна, парушэнні пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, патрабаванняў прававых і тэхнічных нарматыўных актаў. Яны даюць кожны трэці няшчасны выпадак. Больш за 26% здарэнняў адбываецца з за невыканання кіраўнікамі і спецыялістамі іх абавязкаў па ахове працы. Прычына кожнага чацвёртага здарэння — неасцярожнасць самога пацярпелага.

Характэрна, што асноўныя парушэнні заканадаўства аб ахове працы, якія дапускаюцца наймальнікамі, не патрабуюць нейкіх значных матэрыяльных выдаткаў. Вельмі часта мы бачым, што ў многіх арганізацыях элементарна адсутнічае комплексны падыход да кіравання сістэмай аховы працы або гэтая сістэма ўвогуле адсутнічае, хаця яна павінна пастаянна карэкціравацца і кантралявацца. Рэальны ўплыў на зніжэнне ўзроўню траўматызму можна аказаць толькі шляхам забеспячэння выканання наймальнікамі і самімі работнікамі сваіх непасрэдных абавязкаў па ахове працы.

— Наша беларуская традыцыя грунтуецца на тым, што старыя павінны быць дагледжаны дзецьмі, і, дай Бог, каб так было ва ўсіх. Але ёсць, і, відавочна, нямала проста адзінокіх, якім і ў краму, і па пенсію цяжка схадзіць, але ад сацыяльных устаноў яны адмовяцца… Ці ў традыцыі тут справа? Што змяняецца ў вырашэнні гэтай праблемы?

— Пытанне сапраўды складанае і важнае. Але зрухі ёсць, і зрухі істотныя, пачаткам якіх стала пастанова ўрада краіны аб правядзенні эксперыменту па ўкараненні новых формаў сацыяльнага абслугоўвання. Месцам правядзення такога эксперыменту быў выбраны Мінск.

Калі коратка, адзінокі чалавек, якому больш за 70 гадоў, або сям'я заключае з установай нашай сістэмы дагавор пажыццёвага ўтрымання, паводле якога перадае сваё жыллё ва ўласнасць горада Мінска і цяпер як атрымальнік рэнты пераходзіць на дзяржаўнае ўтрыманне ў годных умовах (пяціразовае харчаванне, медабслугоўванне) з захаваннем сваёй пенсіі і рэнтай у памеры ад 1 да 3 базавых велічынь.

Ёсць і іншы варыянт: грамадзянін пражывае на сваёй жылплошчы, але таксама знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, а пасля яго смерці гэтае жыллё пераходзіць дзяржаве. Высновы рабіць, магчыма, рана, але пачатак ужо зроблены. Безумоўна, справа гэта наколькі важная, настолькі і па-чалавечы далікатная. Кожны чалавек, проста пажылы або з абмежаванымі магчымасцямі, павінен знаходзіцца ў камфортным асяроддзі, і такія ўмовы мы павінны ствараць у самім горадзе. Гэта і безбар'ернае асяроддзе, і ўстаноўка ліфтаў у метро і пандусаў ва ўзводзімых і дзе трэба — у раней пабудаваных жылых дамах, і магчымасць карыстацца транспартам і г. д.

Калі ўлічыць, што ў Мінску пражывае каля 120 тысяч інвалідаў, пастаянна павялічваецца колькасць людзей пажылых, — дык ці ж не святы наш абавязак рабіць усё дзеля таго, каб іх якасць жыцця была на самым высокім узроўні.

Пятро РАМАНЧУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.