Вы тут

«Вёсачка мая, мая чараўніца...»


Удзельнікі конкурсу «Уладар сяла» спявалі, пілавалі дровы, запрагалі каня і паказвалі відэаролікі пра свае падворкі

У фінале ўжо традыцыйнага конкурсу «Уладар сяла», які адбудзецца ў рамках рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013», Гродзеншчыну прадставіць сям'я Ясемчык з вёскі Дзеравянчыцы Слонімскага раёна — Мікалай, Наталля і іх дзеці Ілья, Мікіта і Дамініка ва ўзросце ад трох да дзесяці гадоў. Яны перамаглі на абласным этапе гэтага сямейнага сельскагаспадарчага праекта, які прайшоў у агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы».

1378333758473_1

Мікалай Ясемчык працуе механізатарам на сельгаспрадпрыемстве «Пераможца», Наталля — памочнік выхавальніка ў дзіцячым садку. У конкурсе «Уладар сяла» ўдзельнічаюць у другі раз: летась у вобласці занялі трэцяе месца, і вось — перамога. Для гэтага трэба было паказаць не толькі спрыт у распілоўцы і рубцы дроў, вырабе кухоннай дошкі з дапамогай толькі сякеры, уменні запрэгчы і распрэгчы каня, у спартыўнай эстафеце, але і заслужыць сімпатыі журы творчымі здольнасцямі ў конкурсе «Давайце пазнаёмімся»

, а таксама відэаролікам-прэзентацыяй свайго падворка. Ясемчыкі першынствавалі ў чатырох конкурсах з шасці. Дарэчы аказаліся і звычкі ў прысядзібнай гаспадарцы (каровы, коні, гусі, авечкі), і хобі Наталлі, якая спявае ў мясцовым хоры.

1378333761771_2

«На свеце няма нічога больш важнага, чым сямейны ачаг, сагрэты дабром», такое ў Ясемчыкаў жыццёвае крэда.

Прычым удзельнікі конкурсу распавядалі не толькі пра сябе, але і пра родныя мясціны, сваіх продкаў і славутых землякоў. Напрыклад, сям'я Шыманчук са Свіслацкага раёна (Андрэй, Наталля, дзеці Арцём і Карына) ганарыцца тым, што іх маленькая вёска Якушоўка вядома на ўвесь свет, бо тут жыў Кастусь Каліноўскі. А Мар'ян і Ірына Тункель з вёскі Больцішкі Воранаўскага раёна пазнаёмілі не толькі са сваімі сынамі Аляксандрам, Вадзімам і Арцёмам, але і з генеалагічным дрэвам сям'і — бацькамі, дзядамі і прадзедамі.

— У нас літоўскія карані, польская кроў, а жывём на прыгожай беларускай зямлі. І трэба абавязкова шанаваць сваіх продкаў, бо гэта сувязь мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні, — зазначае Ірына Тункель.

1378333763758_3

На другім месцы ў агульным заліку абласнога конкурсу аказалася сям'я Якімчык з Мастоўшчыны. Сяргей — аператар па штучным асемяненні ў філіяле «Мастоўскі кумпячок» таварыства «Агракамбінат «Скідальскі», Вольга кіруе аддзяленнем паштовай сувязі ў аграгарадку Дубна. Кажуць, што розныя сямейныя конкурсы для іх разам з дочкамі Кацярынай і Палінай — у радасць, падстава разам павесяліцца. Некалькі разоў удзельнічалі ў раённым конкурсе «Уладар сяла», а цяпер узышлі на абласны п'едэстал.

На трэцім месцы — сям'я Талочка з Ваўкавыскага раёна (Валянцін, Ганна, дзеці Валерыя і Алесь). Валянцін — мастацкі кіраўнік у Вярэйкаўскім цэнтры культуры і адпачынку, Ганна працуе педагогам-псіхолагам у мясцовай школе і дзіцячым садку. Пазнаёміліся яны каля купальскага вогнішча, разам ужо каля дванаццаці гадоў, але рамантычнага настрою не страчваюць, пра што сведчаць вершы і песні сумеснага аўтарства. Менавіта іх мовай сям'я Талочка прадставіла ў Каробчыцах сваю «візітоўку».

1378333766179_4

Увогуле галоўнымі дзеючымі асобамі гэтага спаборніцтва і адначасова свята (арганізатары — Гродзенскі аблвыканкам і абласны камітэт БРСМ) сталі 13 сем'яў. Прычым для сям'і Гольмант з аграгарадка Ёдкі Лідскага раёна (Дзмітрый, Алена, дзеці Маргарыта і Іван) гэтае свята атрымалася, так бы мовіць, двайным: менавіта ў дзень правядзення конкурсу яны адзначылі пяцігоддзе вяселля. А Раецкія з вёскі Нёўда Навагрудскага раёна (Сяргей, Настасся і сын Аляксей) не адмовіліся ад конкурсных выпрабаванняў, нягледзячы на хуткае папаўненне ў сваёй сям'і.

Самай шматдзетнай на конкурсе ў Каробчыцах была сям'я Кушнярэвічаў з пасёлка Астрына Шчучынскага раёна (Аляксандр, Таццяна, дзеці Давід, Рувім, Павел, Мілана і Эля).

— У кожнага з дзетак свой адметны характар, але нас яднаюць дабрыня і ўзаемапавага. А яшчэ працавітасць — у кожнага свае абавязкі па гаспадарцы. Як жа гэта здорава жыць у вялікай сям'і! — кажа Таццяна Кушнярэвіч.

Верагодна, неўзабаве гэтая сям'я папоўніцца: Аляксандр і Таццяна плануюць узяць на выхаванне прыёмнае дзіця.

Вось такія яны, сённяшнія ўладары сяла ў Прынямонні. Дарэчы, падтрымаць іх у Каробчыцы завіталі мінулагоднія пераможцы абласнога этапу, а затым і рэспубліканскага фіналу на «Дажынках» у Горках — сям'я Скорб з аграгарадка Дэмбрава Шчучынскага раёна (Дзмітрый, Алена, дзеці Дыяна і Аляксандр). Дзмітрый працуе аграномам у сельгаскааператыве «Дэмбрава», Алена — настаўніцай пачатковых класаў у тутэйшай школе. Яны не з тых маладых спецыялістаў, якія пасля размеркавання ў сельскую мясцовасць адлічваюць дні да сканчэння абавязковага тэрміну адпрацоўкі, быццам салдаты да «дэмбелю». Не, нікуды з'язджаць не збіраюцца. Каля дома з усімі выгодамі, які прадаставіла маладой сям'і гаспадарка, Алена разводзіць кветкі (сапраўдны разарый), Дзмітрый даглядае за садам, а нядаўна закончыў будаваць лазню.

Барыс ПРАКОПЧЫК.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.