Вы тут

«Грыбная радасць» і вясёлка-вандроўніца


Да пошуку грыбоў у нашай сям'і ахвочыя ўсе. Хтосьці — у большай меры, хтосьці — у меншай. Але «паляўнічы» азарт у кожнага ў крыві. Няма грыбоў — лічы, год не ўдаўся.

Колькі іх сабрана з дзяцінства і да гэтых дзён — не злічыць! Прычым, зразумела, самыя каштоўныя «трафеі» — гэта баравікі. За імі ідуць чырвонагаловікі, абабкі, лісічкі (іх павінна быць многа — паштучна не лічацца), апенькі (ну, тут зразумела — лік ідзе на вёдры) і пэўнага колеру сыраежкі. Усё. Асабіста я ніякіх «зелянух таўстапузых» (азначэнне Івана Сцяпанавіча з вядомага серыяла «Сваты») не прызнаю. І, адпаведна, не збіраю.

Прыгадваю прыгожы лес майго маленства каля роднай вёскі Клінок, які зваўся «Сад». І нездарма! Як там было чыста і светла сярод бярозак! З якой асалодай там збіралі грыбы!

Пасля пераезду ў Чэрвень мы практычна адразу ж пачалі асвойваць навакольныя лясы. Колькі дзясяткаў кіламетраў праходзілі за сезоны — ягадны і грыбны! Пехатою — ад самага дому да лесу, па лесе... Значна пазней з'явіліся веласіпеды (вось вазьмі пацягай іх па лесе праз ламачча ды паваленыя дрэвы ды пакруці педалі, стомлены хаджэннем), і толькі тры гады таму — машына...

Ці не штогод мы адкрывалі для сябе новыя грыбныя мясціны, даючы ім сваю назву. Для іншых, можа, і не заўсёды зразумелую... А праз пэўны час па некаторых у сезон можна было праблукаць паўдня — і не падняць ніводнага грыба. Яны проста больш там не раслі...

Памятаецца шмат. Вёдры і вядзерцы лісічак. Цэлыя ёмістасці крамяных баравікоў. Шмат чырвонагаловікаў у лесе і моцных абабкаў з цёмна-карычневымі шапачкамі на ўскрайку балота. Штосьці з гэтага занатавана ў фотаздымках — яшчэ чорна-белых, якія з братам рабілі самі...

1378333791196_5-34

А тое мора баравікоў з вялізнымі ножкамі, якія сядзелі проста ў лазе (як у загадцы)! Яны і зараз перад вачыма. Ніводнага чарвячка і нават знаку ад яго! Зрэшты, чаму тут здзіўляцца — гэта быў 1986 год... Інфармацыі пасля аварыі на ЧАЭС было няшмат. Чулі, што грыбы трэба правяраць, доўга прамываць, замочваць, зліваць некалькі разоў ваду, у якой гатуюцца... Ну як ты адмовішся ад такога цуду! Збіралі. Сушылі. Кансервавалі. Елі. Жывём...

Гады тры таму перанялі ад брата і яго сям'і новую адмысловую традыцыю. 31 снежня, у апошні дзень года, варыць суп са свежазамарожанымі грыбамі. Смак — выключны! Раю ўсім аматарам грыбных страў! А пакуль суп гатуецца, пах разыходзіцца па ўсім пад'ездзе. Толькі гады перасталі быць грыбнымі. Прынамсі, у нашай мясцовасці. А сёлета і ўвогуле...

Лета з яго моцнай гарачынёй і адсутнасцю дажджоў зрабіла сваю справу. Калі дзесьці і сустракаліся грыбы, дык на свае вочы (за рэдкім выключэннем) іх не бачылі. Не, размовы хадзілі, вядома. Маўляў, каля той вёскі хтосьці два вядры грыбоў назбіраў ці каля той... Але ўсё гэта асабіста мне нагадвала... рыбацкія гісторыі — пра во-о-о-о-о-ось такую рыбіну, выцягнутую сваімі рукамі!

Словам, лета імкліва кацілася да свайго завяршэння. Дажджы калі і надараліся, дык усё якіясьці несур'ёзныя. Вось і апошні дзень жніўня... Вырашылі праверыць «свае мясціны» за дачнай сядзібай, у якіх літаральна летась пачалі знаходзіць чырвонагаловікі. Прычым у верасні — ці не кожныя выхадныя.

Напярэдадні яшчэ раз (кантрольны!) праверылі грыбныя месцы за горадам. Па-ранейшаму пуста (не лічачы сямі татавых лісічак).

...Ні на што не спадзеючыся, шпацыруем. Не будзе грыбоў, дык прагуляемся. І тут... Тата падымае першага чырвонагаловіка — дакладна такога ж выгляду, як і летась. Адышоўшыся, праз пэўны час знаходжу адразу тры ў адным месцы. Праз пяць хвілін іх ужо ў маім пакеце (не верачы ў паспяховасць уласнай задумы, вядзерцы не бралі) — восем. А ў выніку — трынаццаць у мяне (меншых) і восем у таты (большых). Прычым яго два апошнія — з вельмі тоўстымі ножкамі! Ніколі ў жыцці такіх не бачыла!

Хтосьці зараз, можа і смяецца, чытаючы гэтыя радкі. Маўляў, ды я... кожны дзень... вёдрамі... А для нас гэта была такая радасць! Асабліва на фоне сёлетняга «безгрыбоўя»... Да таго ж у нашай сям'і ўмеюць захапляцца малым. Лічу, што гэта нядрэннае ўменне...

А як жа радавалася нашаму «ўлову» мама, якая чакала нас на сядзібе! Брала ў рукі кожны грыб, разглядвала, охала ды ахала. А дома, перш чым пачаць апрацоўваць чырвонагаловікі, я зладзіла ім сапраўдную фотасесію!

Але і на гэтым прыемныя ўражанні не скончыліся. 31 жніўня нават надвор'е было як сюрпрыз. Да абеду, падчас нашай грыбной вандроўкі, ярка ззяла сонейка. Але ў лесе гарачыня не адчувалася. А вось па выхадзе з яго... Давялося хуценька пазбаўляцца ад лішняй вопраткі.

Прыпарвала добра. А затым сонца імкліва закрыла хмара, і з яе пакапала. Не так, каб моцна. Не так, каб доўга. Але — чатыры разы. Вырашылі вяртацца з дачы дахаты.

Разгрузіўшы сеткі з насеннай бульбай ды іншыя дары ўчастка, паехалі ў гараж. Пільна паглядаючы па баках на перакрыжаванні, раптам чую ад таты: «Глядзі, вясёлка!» Ого! Даўно такой не бачыла! Вялізная, і ўсе колеры — бы выпісаныя пэндзлем! Супер! На зваротным шляху спрабую зняць на фотакамеру тэлефона. Далекавата... А праз паўгадзіны вясёлка зноў нам паказалася — у паўночным акне кватэры. «Добрую адлегласць «прайшла», — падумалася. — Вясёлка-вандроўніца!»

Вось гэтым і запомніўся апошні дзень лета-2013. Калі б я была школьніцай і пісала традыцыйнае сачыненне «Як я правяла лета», абавязкова згадала б пра гэтыя цуды і свой выдатны настрой!

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.