Пагадненне аб гэтым было падпісана ўчора на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая Лю Юньшанем.
«Ваш візіт мае надзвычай вялікае значэнне і, у прыватнасці, закліканы закрыць яшчэ адно звяно, якое было недастаткова развіта ў сістэме нашых адносін. Я маю на ўвазе ўзаемадзеянне СМІ
», — сказаў Анатоль Рубінаў. На яго думку, гэта гістарычны момант для развіцця супрацоўніцтва СМІ дзвюх краін, асабліва тэлебачання. «Нам цікава было б бачыць, што дзеецца ў Кітаі. Але не заўсёды можна паехаць і зняць сюжэт. Напэўна, кітайцам таксама цікава ведаць, як развіваецца Беларусь», — сказаў ён. Таму было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай Дзяржтэлерадыёкампаніяй і Цэнтральным тэлебачаннем Кітая.
Дарэчы, Анатоль Рубінаў адзначыў, што з 2005 года супрацоўніцтва дзвюх краін набыло стратэгічны характар. А пасля сёлетняга візіту ў КНР Прэзідэнта Беларусі адносіны перайшлі на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства. Кітай удзельнічае ў інвестыцыйных праектах і выдзеліў крэдытную лінію на $16 млрд. Асобна Анатоль Рубінаў адзначыў праект па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Важным з'яўляецца і супрацоўніцтва ў палітычнай сферы: «У нас адзіныя падыходы ў галіне сусветнай палітыкі. Мы заўсёды дзякуем КНР за пастаянную падтрымку Беларусі ў міжнародных арганізацыях, найперш у ААН». Больш за тое, Беларусь цвёрда стаіць на пазіцыі пра ўз'яднанне Тайваня з КНР і лічыць гэта непазбежнай падзеяй, якая павінна адбыцца.
Спікер закрануў і тэму супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі, культуры і вайсковай сферы.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.