Вы тут

Паніка не адбылася


Калі прачнуўся, міжволі падумаў: «Трэба сёння па дарозе на працу абыходзіць месцы, дзе ёсць абменнікі, — там, напэўна, будуць чэргі». Але нічога падобнага я не ўбачыў, калі выйшаў з хаты. Людзі такія самыя, як і раней, горад на месцы. Ужо ў рэдакцыі вырашыў пачакаць вынікаў новых таргоў на біржы і, калі курс долара паднімецца яшчэ, прайсціся па абменных пунктах. Рост «амерыканца» яшчэ на дзесяць рублёў да 9030 (пасля трыццацірублёвай «надбаўкі» ў аўторак) стаў для мяне зялёным святлом ва ўсіх сэнсах.

«Жах»

Да гэтага я паспеў паглядзець, што пішуць людзі пра «страшны прарыў 9-тысячнай столі» на форумах. Абмеркаванне, як звычайна, паступова перайшло з прадмета размовы на асобы. Аднак і сярод сваркі «каментатары» пакідалі цікавыя думкі. Праціўнікі пазіцыі «А-а-а! Жах! Долар каштуе ўжо ў сярэднім 9070!» альбо не бачаць у паслабленні рубля неспадзяванкі (маўляў, расіяне сваю валюту абясцэньваюць, значыць, і нас гэта павінна было закрануць), альбо лічаць, што панікаваць, як у 2011-м, ніхто не будзе, бо зараз высокія стаўкі па рублёвых дэпазітах. Атрымліваецца, што беларусы на гэты раз павінны паводзіць сябе больш спакойна. Зараз праверым.
«Усё як звычайна»

Адзін з абменнікаў каля сталічнага ЦУМа павінен быў вось-вось адчыніцца пасля тэхнічнага перапынку. Мне пашчасціла паспець першым у чаргу. Бліжэй да адкрыцця падышлі яшчэ чалавек дзесяць. Шмат хто прабягаў мімаходзь, толькі зазіраючы на шыльду з курсамі і нешта падлічваючы ў галаве. Але нават тыя, што стаялі за мною ў чарзе, не былі падобны да людзей, якіх я бачыў два гады таму ўначы на чыгуначным вакзале Полацка ў пошуках цягніка, які верне мяне з камандзіроўкі дадому. Тыя нервова спалі ў зале чакання каля абменніка, прыцягнуўшы з дому падушкі, а гэтыя, сённяшнія, спакойна чакалі сваёй чаргі, каб здаць або набыць валюту для сваіх асабістых патрэб. У асноўным побач са мною стаялі жанчыны гадоў па трыццаць, таму можна выказаць здагадку, што верасень прымусіў іх выдаткаваць шмат грошай на падрыхтоўку дзяцей да школы, — залезлі ў зберажэнні. Адна так і адказала на маё з усмешкай кінутае «9 тысяч усе спужаліся, ці што?»: «Ды не. Проста здаю».

Але тут ужо падняліся жалюзі ў акенцы абменніка, і дзяўчына-касір пытальна паглядзела на мяне. Але я нічога не паклаў ёй у скрынку і растлумачыў, што прыйшоў як карэспандэнт. Дзяўчына вельмі здзівілася. Можна было падумаць, што я прадставіўся тэрарыстам. На мае пытанні наконт таго, ці не сталі пасля ўчарашняга больш купляць валюты, а можа, наадварот, здаваць, адказам стала яшчэ большае здзіўленне на твары касіркі: «Усё як звычайна».

***

Паніка не адбылася. Хутчэй за ўсё, пакуль што яна і не адбудзецца, бо, як нагадаў БЕЛТА кандыдат эканамічных навук Валерый БАРАДЗЕНЯ, Савет Міністраў

, сцвярджаючы асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, закладваў максімальны курс долара на канец гэтага года ў памеры да 9500 рублёў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.