Вы тут

«Залатая» каманда


Ужо некалькі дзён прайшло з трыумфу беларускіх гімнастак на чэмпіянаце свету ў Кіеве. Але значнасць гэтай падзеі, як рэха, адбіваецца дагэтуль. Днямі адбылося ўшанаванне нашых «грацый» і тых людзей, якія прывялі дзяўчат да верхняй прыступкі п'едэстала.

Унікальнасць перамогі беларускіх «групавічак» заключаецца не толькі ў тым, што апошні раз наша каманда святкавала «вікторыю» 15 гадоў таму, але і ў тым, што адбылося гэта ў стагадовы юбілей мастацкай гімнастыкі. Таму цалкам натуральна, што ў гэты дзень і спартсменкам, і іх настаўнікам не хапала рук, каб утрымаць усе падарункі, дыпломы і кветкі.

Ганаровых грамат ад Мінспорту ўдастоіўся абсалютна кожны член трэнерскага штаба, сярод якіх галоўны трэнер нацыянальнай каманды Ірына Ляпарская, старшы трэнер зборнай Таццяна Нянашава, славутая гімнастка, першая савецкая алімпійская чэмпіёнка і старшы трэнер РЦОП па мастацкай гімнастыцы Марына Лобач, нядаўняя алімпійская прызёрка, а цяпер трэнер беларускай каманды Любоў Чаркашына і іншыя. І, безумоўна, памятныя граматы ўручылі чэмпіёнкам свету — Марыне Ганчаровай, Ганне Дудзянковай, Марыі Кацяк, Яне Лукавец, Аляксандры Наркевіч, Валерыі Пішчэлінай, а таксама нашым «асобніцам» — ужо шасціразовай бронзавай прызёрцы сусветнага першынства Меліціне Станюце і падрастаючай «зорцы» айчыннай гімнастыкі Кацярыне Галкінай. Павіншаваў каманду і іх галоўны спонсар — аператар мабільнай сувязі МТС, які падараваў спартсменкам і іх трэнерам новенькія смартфоны.

1378333856173_5-55

А вось Нацыянальныя латарэі ўручылі нашай «дрым-цім» сертыфікат на 50 млн рублёў, на што тут жа адрэагавала Ірына Ляпарская: «Будзем шыць новыя купальнікі!».

У размове з карэспандэнтам «Звязды» Ірына Юр'еўна адзначыла, што прыемна было дасягнуць такога выніку ў складаны пасляалімпійскі сезон: «У зборнай адбыліся сур'ёзныя змены складу, а гэта заўсёды адчувальна. На месца лідара зборнай прыйшла Меліта Станюта. На 75% абнавілася каманда ў групавых практыкаваннях. Але, як бачыце, мы справіліся. І гэта заслуга вельмі многіх людзей — трэнераў, урачоў, харэографаў — усіх, усіх, усіх».

У канцы вечара віншавальныя словы ад Аляксандра Лукашэнкі ў адрас зборнай па мастацкай гімнастыцы зачытаў памочнік Прэзідэнта па пытаннях спорту, фізкультуры і развіцця турызму Максім Рыжанкоў. І ад сябе іранічна дадаў, звяртаючыся да гімнастак: «Вы зноў захілілі сваімі грацыёзнымі дзявочымі плячыма мужчын-функцыянераў у змрочных касцюмах».

А міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко паспеў запэўніць усіх прысутных, што неўзабаве пачнецца доўгачаканае будаўніцтва Палаца мастацкай гімнастыкі — лепшы падарунак для «залатой» каманды.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?