За мінулыя дваццаць гадоў навукова-асветніцкая экспедыцыя прайшла і праехала амаль 25 тысяч кіламетраў. На гэтым шляху Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга было асвечана каля 600 храмаў, манастыроў, капліц. У мерапрыемствах гэтай духоўна-асветніцкай місіі ўдзельнічалі 4,5 мільёна жыхароў гарадоў і вёсак.
Гэты фотарэпартаж можна было пачынаць дваццаць гадоў таму, калі Беларусь упершыню адзначала сваё новае нацыянальнае свята пісьменства і друку. Тады быў зроблены першы запіс у дзённіку навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» з Дабрадатным агнём. Менавіта ў той час былі выказаны першыя спадзяванні на адраджэнне гістарычнага Баркалабаўскага манастыра.
Сёлета экспедыцыя зноў завітала на месца, дзе ўдзельнікі духоўнай місіі калісьці ўкапалі першы драўляны крыж. Цяпер на тым маляўнічым лузе ўжо выраслі першыя пабудовы Баркалабаўскага Узнясенскага жаночага манастыра
. Такіх прыкладаў шмат. Духоўнае адраджэнне — галоўная мэта экспедыцыі. Яе галоўны стрыжань, які яднае людзей розных узростаў і поглядаў — нашы спадчынныя святыні.
Духоўна-асветніцкім напрамкам вызначаецца склад экспедыцыі. Яе ўдзельнікі — вядомыя беларускія навукоўцы, дзеячы літаратуры і мастацтва, святары, грамадскія дзеячы. Сёлета яны наведалі гарады і вёскі Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцей, пабывалі ва ўстановах культуры і адукацыі, бальніцах, дзіцячых прытулках, удзельнічалі ў памінальных набажэнствах на месцах пахавання воінаў Вялікай Айчыннай вайны.
Як ва ўсе мінулыя гады, падчас сёлетняй экспедыцыі папаўняўся агульнабеларускі «Сад малітвы». Ва ўсіх населеных пунктах адбывалася пасадка дрэўцаў, якія будуць нагадваць пра наведванне гэтых мясцін паломнікамі з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Пад карэнне саджанцаў падсыпалася зямля з папярэдніх месцаў, дзе ўжо пабывала экспедыцыя.
Такім чынам дубкі, яблынькі, бярозкі, клёны, вырастаючы з адзінай зямлі, нібы далучаюцца да нашай адзінай малітвы. Тысячы такіх дрэўцаў ужо растуць, набіраюць моцы каля храмаў, у школьных дварах, у скверах і на плошчах ва ўсіх абласцях рэспублікі.
Зразумела, што такі маштабны праект працягласцю ў дваццаць гадоў прыцягнуў да сябе знакавых асоб. Гэта яны на сустрэчах з вяскоўцамі і гараджанамі даносяць свае веды пра мінулае праваслаўнай царквы, пра першаасветнікаў, сусветна вядомых землякоў — навукоўцаў, пісьменнікаў, герояў-абаронцаў Айчыны.
Дзякуючы экспедыцыі сотні тысяч слухачоў пачулі цікавыя выступленні кандыдата багаслоўя, прафесара, протаіерэя Сергія Гардуна; члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Сцяпана Лаўшука; археолага, доктара гістарычных навук, прафесара Пятра Лысенкі. Сотні тысяч гледачоў горача віталі народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч, якая натхнёна чытала вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, урыўкі з прозы Якуба Коласа і многіх іншых зорак айчыннай літаратуры.
Нязменны кіраўнік і арганізатар экспедыцыі, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» пісьменніца Ніна Загорская падчас аднаго з выступаў сказала: «Сад нашай супольнай малітвы стаіць на мінулым і расце ў будучыню. Лісце з пасаджаных намі дрэў упадзе на далоні прапраўнукаў...»
Яўген ПЯСЕЦКІ. Фота аўтара.
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.