Вы тут

Швейцарыя і Францыя пад... Мінскам


Многія краіны і гарады даўно ўжо абзавяліся так званымі «залатымі коламі». Нарэшце з'явілася сваё «кола» і ў Мінска, і па ім сярод першых праехала карэспандэнт «Звязды». Распрацоўшчык унікальнай экскурсіі вакол сталіцы Павел Каралёў папярэдзіў, што маршрут яшчэ не «абкатаны». «У перспектыве ў кожным пункце плануецца паставіць стэнды з апісаннем месца і картай, якая б паказвала, што гэта менавіта «кола». Такім чынам усе ахвотныя самі змогуць здзейсніць сваё падарожжа вакол горада», — распавёў экскурсавод. У наш першы і ад таго ўдвая больш захапляльны ваяж увайшлі восем пунктаў, і гэта далёка не ўсё, што можна ўключыць у «Мінскае кола».

Спадчына славутага агранома

Мы выязджаем у накірунку Слуцка і прыкладна праз 20 кіламетраў аказваемся ля шыкоўнага старажытнага парку ў былым маёнтку Ігнатычы, які цяпер мае «савецкую» назву Калініна. Тут захавалася сядзіба роду Ельскіх. На ўваходзе на яе тэрыторыю нашу экскурсійную групу сустракаюць брэхам два барбосы — маёнтак сёння належыць прыватнаму расійскаму ўладальніку. Тым не менш нам дазволілі прагуляцца па парку, агледзець будынак сядзібы і флігель.

1378415811814_1

Ігнатычамі валодалі розныя шляхецкія роды, з 1857 па 1863 год маёнтак знаходзіцца ва ўласнасці Уладзіміра Ельскага. Гэта быў выдатны чалавек: навучаўся ў Сарбоне, ведаў 10 замежных моў і за шэсць гадоў завёў добрую гаспадарку. Але за ўдзел у паўстанні 1863—64 гадоў Уладзімір Ельскі быў сасланы ў Чалябінск, пасля чаго пераехаў у Францыю. Ужо яго сын Вільгельм у ХІХ стагоддзі пабудаваў драўляную сядзібу, якая да нашых дзён не захавалася. Эклектычная камяніца, якую можна ўбачыць цяпер, была ўзведзена ў 1914 годзе як дадатковая і выкарыстоўвалася для экспанавання твораў мастацтва, якія збіраў гаспадар. Вядома, што столь у гэтай сядзібе была выкладзена мазаікай, а ўсе каміны былі розных колераў. Апроч таго, Вільгельм быў вядомым аграномам, і паркавы масіў у Ігнатычах, вядомы як гадавальнік Ельскага, узнік дзякуючы яму. Тут вырошчваліся самыя рэдкія і экзатычныя пароды дрэў і раслін, якімі любіла аздабляць свае маёнткі навакольная шляхта. Дарэчы, дзякуючы Вільгельму Ельскаму на тэрыторыі Беларусі распаўсюдзіўся лубін; адных толькі ружаў у гадавальніку было больш за 400 гатункаў, а бэзу — каля 16. Можна толькі здагадвацца, якога маштабу быў гэты сад, калі яшчэ цягам 30 гадоў пасля рэвалюцыі азеляненне Мінска ажыццяўлялася за кошт яго.

Францыя ў беларускім мястэчку

Пасля Ігнатычаў наш шлях ляжыць у Смілавічы. Спачатку мястэчка належала Агінскім, якія пабудавалі тут у ХVІІ стагоддзі замак. Пасля яго выкупіў Станіслаў Манюшка — дзед вялікага кампазітара — і на пачатку ХІХ стагоддзя стварыў на месцы замка сядзібу. Затым маёнтак перайшоў да роду Ваньковічаў (яны ў 1900-х гадах зрабілі прыбудову, якая гарманічна спалучылася з ранейшым будынкам). Палац захаваўся да нашых дзён у параўнальна нядрэнным стане (магчыма, дзякуючы таму, што ў адным з яго карпусоў размяшчаўся аграрны каледж), хоць самая старая яго частка значна пашкоджана. Цяпер комплекс рыхтуюць да рэстаўрацыі.

Існуе легенда, што апошні ўладальнік маёнтка Леан Дамінік Ваньковіч прыкмеціў хлопчыка, у якога былі здольнасці да мастацтва, і падарыў яму фарбы. Гэтым хлопчыкам быў Хаім Суцін, які нарадзіўся ў Смілавічах і якому наканавана было стаць сусветна вядомым прадстаўніком Парыжскай школы мастакоў. Памяць пра вялікага земляка захоўваецца ў смілавіцкім цэнтры дзіцячай творчасці, дзе ў 2008 годзе па ініцыятыве ЮНЕСКА была створана экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна». Выстава складаецца з дзвюх залаў: першая распавядае пра жыццё мастака ў Беларусі, другая прысвечана парыжскаму перыяду. У зборы — фотаздымкі, рэпрадукцыі карцін Суціна, артыкулы пра мастака і шмат іншага. Сапраўднай «разынкай» з'яўляецца афармленне другой залы ў выглядзе парыжскай кавярні са столікамі, дзе наведнікаў частуюць кавай, зваранай па лепшых французскіх рэцэптах, і паказваюць фільм пра Хаіма Суціна. Шчыра кажучы, раней да творчасці гэтага мастака я ставілася халаднавата, але атмасфера музея наблізіла мяне да яе разумення. Натхнёная, я нават набыла сабе на памяць забаўны фотаздымак Хаіма Суціна, дзе ён разам з невядомай мне жанчынай трымае за пярэднія лапы сабаку.

Над хвалямі лагоднай Гайны

Са Смілавіч, наведаўшы Свята-Дабравешчанскую царкву ў вёсцы Малыя Ляды, мы выязджаем на Лагойск. «Беларуская Швейцарыя», як завуць Лагойшчыну, уражвае сваімі маляўнічымі краявідамі, чаргаваннем узгоркаў і лагчын. Паводле адной з версій, назва самога гарадка пайшла ад слова «лог» — месца паміж узгоркаў.

У горадзе высокія замкавыя валы некалі былі акружаныя ровам. У ХІХ стагоддзі тут была створана сістэма каскадаў, па якіх струменіла вада з ракі Гайны. Нават цяпер, калі роў ужо высах, каменныя парогі і масткі, зарослыя травой, выглядаюць надзвычай прыгожа.

1378415814717_2

Тут жа, на замкавай гары, стаяць руіны калісьці велічнай сядзібы Тышкевічаў. Паўтары сотні гадоў таму дзякуючы гэтаму роду і, у прыватнасці, братам Канстанціну і Яўстаху, Лагойск быў вядомы ўсяму свету як адзін з цэнтраў навукі і культуры. Лагойскі музей старажытнасцяў, створаны братамі Тышкевічамі ва ўласнай сядзібе ў 1846 годзе, быў першым публічным музеем на тэрыторыі нашай краіны. Яго зборы былі настолькі багатыя, што вядомы даследчык Адам Кіркор параўноўваў іх з віленскім і кракаўскім музеямі.

Старадрукаваныя кнігі, больш за тысячу старажытных грамат, калекцыя медалёў і манет, зброя, карты, аўтографы, малюнкі, збор старажытных ваз і партрэтаў роду, прадметы раскопак у Пампеях і Егіпце — толькі некаторыя каштоўнасці з яго фондаў. Браты Тышкевічы фактычна былі першымі археолагамі на Беларусі, яны даследавалі шматлікія курганы і замчышчы Лагойшчыны.

Сама сядзіба слынных даследчыкаў прастаяла да Другой сусветнай вайны і была разбурана партызанамі, бо ў ёй размяшчалася нямецкая адміністрацыя.

У гасцях у апошняга мінскага ваяводы

З Лагойска мы накіроўваемся да маёнтка апошняга мінскага ваяводы Адама Хмары, аднаўленнем якой займаецца наш экскурсавод Павел Каралёў. Славутая Віленская дарога вядзе нас у вёску Сёмкава. На ўездзе з левага боку вачам адкрываецца вялікі старажытны парк плошчай у 10 гектараў. Да самой сядзібы, як і дзвесце гадоў таму, вядзе ліпавая алея. Едучы па ёй, можна памарыць і ўявіць сябе каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім або адным з Песняроў — Янкам Купалам ці Якубам Коласам, якія кожны ў свой час гэтак жа сама ўязджалі ў маёнтак.

1378415816590_3

Адам Хмара праславіўся на службе ў Сапегаў, за што быў прызначаны 29-ым мінскім ваяводам і атрымаў ва ўладанне Сёмкава, дзе ўзвёў шыкоўную рэзідэнцыю, якую называюць «Сёмкаўскім Версалем». Цяпер дзіўна думаць пра гэта і, стоячы сярод напаўразбураных сцен, усведамляць, што калісьці тут была прасторная бальная зала, у якой у нястомных танцах кружылі кавалеры і дамы... І яшчэ больш дзіўна бачыць, а дакладней, адчуваць носам каналізацыйны сцёк у некалькіх дзясятках метраў ад палаца...

У Сёмкаве ўжо не адзін сезон працуюць валанцёры, якія расчышчаюць тэрыторыю, праводзяць археалагічныя раскопкі і кансервуюць сцены сядзібы. Паўтара года таму яны знайшлі ўнікальную памятную пліту з тэкстам на лацінскай мове, датаваную 1804 годам. Аўтарамі пліты былі Адам Хмара і яго брат, якія такім чынам ушаноўвалі памяць сваіх бацькоў. «Цяпер ведай і памятай, хто б ты ні быў, прачытай гэта і падумай, якім пераменам падлягае ўсё ў свеце, бо і саміх грамадзян, і іх айчыны захоплівае імклівы вір знікнення», — выбіта ўнізе на пліце пасля асноўнага тэксту.

Рэзідэнцыя Кубэ і першы беларускі баявік

Пасля Сёмкава мы паглядзелі на добра захаваную, але няўдала пафарбаваную (я налічыла ажно 7 колераў!) тыповую шляхецкую сядзібу роду Друцкіх-Любецкіх у вёсцы Новае Поле. Затым гераічна скакалі цераз раку Менку (мастка праз яе няма, нягледзячы на тое, што гэта важны турыстычны аб'ект), уцякалі ад восаў і караскаліся на валы старажытнага Мінскага замчышча ў вёсцы Гарадзішча.

Нарэшце даехалі да апошняга пункта нашага кола — мястэчка Прылукі. Тут у добраўпарадкаваным парку яшчэ растуць двухсотгадовыя дрэвы і ўзвышаецца прыгожы дагледжаны палац. Ён стаіць на месцы праваслаўнага манастыра. Сядзіба доўга пераходзіла з рук у рукі, пакуль не трапіла ва ўладанне Эмерыку Чапскаму, які адрамантаваў будынак і заклаў парк. Чапскія былі апошнімі гаспадарамі маёнтка.

Палац у Прылуках звязваюць з пачаткам беларускага кінематографа, бо менавіта тут у 1926 годзе Юрый Тарыч здымаў, як прынята лічыць, першы беларускі фільм «Лясная быль», які па ўзроўню спецэфектаў можна лічыць баевіком. Вядома, што падчас Вялікай Айчыннай вайны палац быў адной з рэзідэнцый гаўляйтара Беларусі Вільгельма фон Кубэ. Пры адыходзе адсюль немцы падпалілі будынак, і ўсё ўнутры выгарала. Пасля вайны яго аднавілі і размясцілі ў ім лабараторыю па барацьбе з каларадскім жуком. Пазней на яе базе быў створаны інстытут абароны раслін, які і цяпер месціцца ў будынку былой сядзібы.

***

Вяртаючыся назад у Мінск, мы былі перапоўнены ўражаннямі, хоць ад'язджалі ад сталіцы зусім недалёка — ад 5 да 30 кіламетраў. Яно і не дзіўна, бо за дзень, паехаўшы супраць гадзіннікавай стрэлкі, мы зрабілі кола не толькі ў прасторы, але і ў часе. А колькі яшчэ неверагодна цікавых адкрыццяў можна зрабіць, вандруючы па роднай зямлі! Дарэчы, віртуальную вандроўку па самых адметных і прыгожых мясцінах нашай краіны цяпер можна ажыццявіць дзякуючы новаму праекту нашага выдавецкага дома на сайце zvіаzdа.bу.

Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».