Вы тут

«Прышчэпка» ад даўгабуду


Дзяржзаказ дазволіць ільготнікам атрымліваць ужо гатовае жыллё

Для грамадзян з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, у 2014 годзе плануецца пабудаваць 2,5 млн кв. метраў жылля. Менавіта ў наступным годзе пачне рэальна дзейнічаць сістэма дзяржзаказу, калі па гэтай лініі плануецца пабудаваць не менш як 1 млн кв. метраў жылля. Як на практыцы будзе дзейнічаць механізм дзяржзаказу і якія плюсы ён мае? На гэтае і іншыя пытанні жыллёвага будаўніцтва карэспандэнту «Звязды» адказвае першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Ірына АРХІПАВА.

1378415830530_6-28

— Наколькі вядома, сістэма дзяржаўнага заказу выключае ўдзел грамадзян у інвестыцыйным этапе будаўніцтва жылля...

— Так. Згодна з нормамі адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы, цяпер унітарныя камунальныя арганізацыі бяруць крэдыт пад будаўніцтва жылых дамоў на льготных умовах у Беларусбанку. Ужо ўзгоднены пералік жылых дамоў, уключаных у гэты дзяржзаказ. Будаўніцтва дамоў ажыццяўляецца ў нарматыўны тэрмін з наступным пераафармленнем кватэр, пасля ўвядзення іх у эксплуатацыю, на грамадзян, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі паводле ўказа № 13.

— Атрымліваецца, што цяпер «чаргавік» будзе звяртацца ў мясцовы выканкам не для атрымання прапановы на будаўніцтва нейкага дома, а «па ключы» ўжо гатовай кватэры?

— Будзе прыкладна так.

— Звычайна кааператыў забудоўшчыкаў яшчэ на стадыі будаўніцтва дома арганізоўваў на агульным сходзе выбар паверха будучай кватэры кожнага члена ЖБСК. Як з гэтым момантам будзе цяпер?

— Гарадскія ўлады разам з УКБ раёнаў арганізуюць справядлівае размеркаванне кватэр па паверхах і канкрэтнай дакладнай плошчы жылых памяшканняў. Верагодна, што там будзе ўлічвацца і прынцып сацыяльнай справядлівасці (маецца на ўвазе дата пастаноўкі на жыллёвы ўлік, сацыяльны статус сям'і і іншыя нюансы).

— Пад гатовае жыллё людзям будуць выдаваць ільготныя крэдыты на існуючых цяпер умовах?

— Так. Умовы льготнага крэдытавання акрэслены ўказам № 13 кіраўніка дзяржавы. Тут нічога не змянілася. Аднак... Раней у пачатку будаўніцтва кліент не ведаў, колькі грошай яго жыллё будзе каштаваць на фінішы і ці не трэба яму яшчэ дакрэдытоўвацца. Вельмі актуальнай гэтая праблема была ў час моцнай інфляцыі, калі назіралася сур'ёзнае падаражанне будматэрыялаў і энерганосьбітаў.

Цяпер, пры атрыманні кватэры, чалавек будзе дакладна ведаць, колькі яго жыллё каштуе.

— Сапраўды, гэта спросціць людзям механізм фінансавання атрыманага жылля. Тут відавочны плюс. Аднак ці не павялічыцца агульны кошт жылля ў структуры дзяржзаказу — у параўнанні са старым механізмам ільготнага крэдытавання будаўніцтва?

— Кошт жылля не залежыць ад спосабу будаўніцтва, але... Па сістэме дзяржзаказу жылыя дамы будуць уведзены ў эксплуатацыю дакладна па графіку нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва. Тэрміны будаўніцтва жылых аб'ектаў, з вызначанага пераліку тых эканамічных дамоў, якія рэкамендавана ўзводзіць па дзяржзаказе, звычайна здаюцца ў эксплуатацыю ў тэрмін да года.

— Праблема даўгабудаў сёння самая актуальная ў галіне...

— Так. Сёння ў жыллёва-будаўнічых кааператывах, якія сталі праблемнымі па тэрмінах будаўніцтва, ад 40 да 80 працэнтаў сем'яў з'яўляюцца чаргавікамі з ільготным крэдытаваннем. Астатнія члены ЖБК з'яўляюцца асобамі з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў, але без права атрымліваць дзяржпадтрымку. Менавіта ў гэтай катэгорыі людзей у апошнія складаныя часы ўзнікалі праблемы з фінансаваннем будаўніцтва. Падрадчыкі жылога аб'екта ў гэтых выпадках не маюць магчымасці рытмічна будаваць такі жылы дом, бо ён у агульным аб'ёме фінансуецца дрэнна. У такіх сітуацыях будаўнічыя арганізацыі не вінаваты ў стварэнні праблемных дамоў.

На наш погляд, стварэнне сістэмы дзяржзаказу засцеражэ і будаўнічыя арганізацыі ад нерытмічнага фінансавання, і чаргавікоў — ад розных праблем у будаўніцтве ці ад змяненняў умоў (кошту) будаўніцтва на розных этапах узвядзення дамоў.

— У такіх дамах, пабудаваных па дзяржзаказе, кватэры атрымаюць толькі людзі пэўнай сацыяльнай катэгорыі. Гэта тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і адначасова права на атрыманне дзяржпадтрымкі ў выглядзе льготнага крэдыту. Аднак тут узнікае слушнае пытанне. А ці хопіць у розных населеных пунктах ці ў раёнах гарадоў гэтых самых ільготнікаў, каб толькі за іх кошт фарміраваць кааператывы вялікіх шматкватэрных дамоў?

— На першым этапе праблем з фарміраваннем такіх дамоў кліентамі льготных катэгорый не будзе. Нагадаю, што ў наступным годзе плануецца пабудаваць каля мільёна квадратных метраў жылля па дзяржзаказе. На такі аб'ём жылля чаргавікоў з ільготнымі крэдытамі ў Беларусі павінна хапіць. Праблемы з фарміраваннем дамоў сістэмы дзяржзаказу могуць узнікаць у невялікіх раённых цэнтрах. А вось першыя дамы па новай сістэме ў сталіцы і абласных цэнтрах будуць сфарміраваны даволі хутка.

Паўната фарміравання патэнцыяльнымі жыхарамі дамоў сістэмы дзяржзаказу будзе залежаць і ад канкрэтных аб'ёмаў бюджэтнага фінансавання, што накіроўваюцца ў сферу льготнага крэдытавання насельніцтва.

— Днямі Мінбудархітэктуры сумесна з міністэрствамі фінансаў, эканомікі і прадстаўнікамі банкаўскага сектара краіны падлічыў сярэдні кошт квадратнага метра жылля для чаргавікоў. Паводле зробленага прагноза, па выніках года ён складзе каля 5,9 млн рублёў. Няўжо, зыходзячы менавіта з гэтага кошту «квадрата», цяпер і будзе ажыццяўляцца льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля?

— Аб'ёмы льготнага крэдытавання вызначаны бюджэтам краіны на гэты год. Таму памеры крэдытаў для грамадзян будуць разлічвацца ў адпаведнасці з тым, што кошт жыллёвага квадрата складае 4,6 млн рублёў.

Мы апелюем лічбамі афіцыйнай статыстыкі. Дык вось, па першым паўгоддзі сярэдні кошт квадратнага метра складаў 4,825 млн рублёў. Удакладню, што гэта кошт «квадрата» ўжо здадзеных у эксплуатацыю дамоў. Частка з гэтых дамоў пачынала будавацца яшчэ ў 2011-м ці нават у 2010 гадах.

— Што будзе з цэнамі на жыллёвыя метры ў наступным годзе?

— Кошт квадратнага метра жылля для чаргавікоў, якія маюць права на дзяржаўную падтрымку, будзе акрэслівацца пасля скрупулёзнага абгрунтоўвання яго памераў на пасяджэннях рабочай групы.

Паводле распрацаванага прагнозу на 2014 год, сярэдні кошт квадратнага метра жылля для чаргавікоў складзе 6,8 млн рублёў. Паказчык па аб'ёме крэдытавання ў разліку на 1 метр плошчы жылых памяшканняў будзе вызначаны пастановай урада з давядзеннем заданняў па жыллі абласцям і гораду Мінску. Розніцу паміж рэальным сабекоштам будаўніцтва і фінансаваннем з бюджэту неабходна будзе аплачваць людзям. У існуючых складаных эканамічных умовах дзяржава і так даволі моцна дапамагае насельніцтву льготнымі крэдытамі, але аб'ёмы такой дапамогі абмежаваны.

— На наступны год для чаргавікоў запланавана пабудаваць каля 2 млн кв. метраў жылля ў індустрыяльным выкананні. Ці не значыць гэта, што магутнасці нашых домабудаўнічых камбінатаў будуць выкарыстоўвацца не ў поўнай меры?

— Вы забыліся пра камерцыйнае жыллёвае будаўніцтва, якое актыўна карыстаецца прадукцыяй домабудаўнічых камбінатаў. Акрамя таго, частка канструкцый ДБК накіроўваецца за мяжу. Тут трэба ўзважана балансаваць з аб'ёмамі. Гэта пытанне дасканалага планавання на ўзроўнях аблвыканкамаў і гарвыканкамаў. Менавіта гэтыя структуры павінны забяспечваць заказамі домабудаўнічыя камбінаты, як з боку бюджэтнага будаўніцтва жылля, так і па лініі прадастаўлення будпляцовак прыватным інвестарам.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.