Вы тут

Гандлёвая інспекцыя будзе штрафаваць як трэба


Небяспечныя і няякасныя тавары ў хуткім часе павінны знікнуць з беларускіх крам

Знізіліся аб'ёмы вытворчасці масла, сыра, тытуню. Сёння беларускі спажывец больш давярае прадуктам харчавання айчыннай вытворчасці, а непрадуктовыя тавары часцей выбірае імпартныя. Аднак найбольш увагі намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч, размаўляючы з журналістамі, надала якасці і бяспечнасці тавараў у беларускіх крамах.

Час несці адказнасць

«Кожная краіна павінна абараняць свой рынак, а значыць, абараняць і сваіх грамадзян». Ствараюцца і прапісваюцца прававыя акты, нормы, законы — але хто іх выконвае? Якраз на глабальную праверку выканання нормаў бяспекі Міністэрства гандлю выдаткоўвае сілы, бо аднымі паперкамі мала што зменіш. Патрэбны канкрэтныя дзеянні. Менавіта дзеля кантролю ў ліпені гэтага года Указам Прэзідэнта «Пра некаторыя меры па аптымізацыі дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў» была створана гандлёвая інспекцыя Міністэрства гандлю

. «Надышоў час несці адказнасць, калі ты парушаеш закон, калі прадаеш небяспечныя для грамадзяніна тавары», — так пракаментавала будучыя змены Ірына Уладзіміраўна.

Рэвізоры будуць дыферэнцыраваць парушэнні — ад дробнага да вялікага, і ў гэтай адпаведнасці пазначаць памер штрафу. Гэта значыць, калі раней «штрафнікі» плацілі ад 2 да 10 базавых, то цяпер ёсць шкала «да 10». Фактычна, могуць выпісаць штраф і на 1 базавую, і на палову базавай ці ўвогуле нічога. Што датычыцца скончанага тэрміну прыдатнасці захоўвання, рэалізацыі тавараў, то сітуацыя змянілася: штрафы выраслі ад 30 да 500 базавых. «Гандлёвая інспекцыя ў незалежным парадку будзе штрафаваць як трэба», — адзначыла намеснік міністра.

Дайце беларускую агародніну і экалагічную ўпакоўку!

Але пакуль што, на жаль, — парушэнні паўсюль. Па выніках 200 правераных інспекцыяй гандлёвых аб'ектаў «выйшлі» 173 рэкамендацыі (а значыць, парушэнняў). Самай папулярнай «слабасцю» крам у Беларусі з'яўляецца асартыментны пералік. Напрыклад, усім вядомая адсутнасць беларускай агародніны, зеляніны. Дарэчы, такі грэх мае масавую скіраванасць менавіта ў так званых сетках крам. Няма айчынных яблыкаў у адной краме — не будзе і ў іншых.

Набалелае пытанне — упакоўка тавару. Калі прадавец прапаноўвае пакупніку пакецік за асобную плату, то гэта лічыцца «навязваннем». У хуткім часе сітуацыя павінна змяніцца: па патрабаванні спажыўца прадавец будзе абавязаны перадаць тавар у бясплатнай упакоўцы. Адзначыла намеснік міністра і той факт, што ў Мінску пачалі «пакаваць» у экалагічныя пакеты з паперы.

Гарэлку вадой не замаскіруеш

«Рэпрэсіі» дойдуць і да рэкламы парасонавых брэндаў — у нашым выпадку, яны выкарыстоўваюцца для рэкламы аднаго віду тавару пад выглядам іншага. Напрыклад, рэклама гарэлкі пад відам рэкламы мінеральнай ці пітной вады. Адзінае афармленне — лагатып і назва — дазваляе павялічыць продаж менавіта гарэлкі. Падобныя бігборды ўсё часцей з'яўляюцца і ў беларускай сталіцы, таму барацьба з псеўдарэкламай — яшчэ адна мера па дэалкагалізацыі насельніцтва.

А 30 снежня 2013 года пачне дзейнічаць новы закон па абароце алкаголю.

Вялікаму падману — вялікія штрафы. Будзем спадзявацца, што новыя меры сапраўды зменяць сітуацыю з няякаснымі таварамі ў айчынных крамах у лепшы бок.

Кацярына РАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».