Вы тут

ЗМРОК — ГЭТА НЕ ТАК І СТРАШНА


Даказвае скульптар Уладзімір Лапо

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску працуе выстава скульптара, мастака, вандроўніка і беларуса з брытанскім грамадзянствам Уладзіміра Лапо. Праект прэзентуе творы графікі розных гадоў і скульптуры, выкананыя ў тэхналогіі «dіrесt саst» — прамога ліцця. Гэтая тэхналогія была вядома яшчэ ў Сярэднявеччы, вядомым нам як «змрочны час». Што, зрэшты, часткова і тлумачыць назву выставы. Але змрок як з'яву аўтар спрабуе разгледзець і з іншых, больш станоўчых ракурсаў.

Метад прамога ліцця адмаўляе мадэляванне, любое папярэдняе стварэнне працоўнай копіі на карысць рэальнага аб'екта. Гэта дадае пэўны элемент выпадковасці, спантаннасці ў стварэнні мастацкага твора, прымушае меру асабістага ўмяшальніцтва аўтара дамінаваць.

Уладзіміра Лапо часта называюць прадстаўніком маргінальнай культуры. І, па сутнасці, выстава «Крок у змрок» з'яўляецца пэўнай квінтэсэнцыяй даследаванняў душы маргінальнага чалавека, які, як гумілёўскі «пасіянары», у прынцыпе, і кіруе гэтым светам. Прынамсі здаецца, што філасофія мастака яшчэ і ў тым, што якраз маргінальная культура кіруе светам. Уладзімір Лапо — творчая асоба, чыя мастацкая дзейнасць выходзіць за рамкі агульнапрынятых стыляў і кірункаў. Мастак, графік, скульптар, стваральнік інсталяцый, літаратар у адной асобе, ён увасабляе сабой кропку дотыку дэструктыўнага і творчага працэсаў, рэальнасці і выдумкі, мастацкай і аб'ектыўнай рэчаіснасці.

Яго графіка і скульптуры наўмысна неахайныя. У прынцыпе, яны нават здольныя адштурхнуць. Але менавіта гэтая абарончая рэакцыя перад нечым незнаёмым, змрочным і цьмяным якраз і прымушае задумацца. Што гэта за свет, у якім мы жывём? Хто ўсе гэтыя людзі? Чаму яны такія злыя альбо незадаволеныя? Альбо, наадварот, сытыя, добрыя і задаволеныя, што бывае, безумоўна, значна радзей.

Уладзімір Лапо, як прадстаўнік маргінальнай культуры, знаходзіцца на памежжы асяроддзяў, груп, сістэм, адчувае ўплыў іх супярэчных нормаў і каштоўнасцяў, пры гэтым канструюе асабістую рэальнасць, крайнюю індывідуальнасць, што знаходзіць праяву ў ладзе жыцця, формах самавыяўлення, у метадах творчай дзейнасці.

Куратар выставы Наталля Паторская нездарма ўзгадвае вядомага амерыканскага сацыёлага Роберта Парка. Ён пісаў: «Такі чалавек няўхільна робіцца (у параўнанні з яго непасрэдным культурным асяроддзем) індывідам з больш шырокім гарызонтам, больш вытанчаным інтэлектам, больш незалежнымі поглядамі». Парк разумее маргінальную асобу, як безумоўна, станоўчы, канструктыўны элемент.

— Іншы сацыёлаг, Эверэт Стоўнквіст, разглядае маргінальнага чалавека як ключавую асобу (kеу-реrsоnаlіtу) у кантактах культур, — тлумачыць куратар. — Такое разуменне асобы ў поўнай меры можна аднесці да аўтара праекта — грамадзяніна свету.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.