Вы тут

Каварства і каханне: айчынны варыянт


У чым Вітаўт абышоў Ягайлу?

Браты як браты — гулялі разам, сілаю мераліся, забаўляліся. Жартачкі скончыліся са смерцю Кейстута.
І хто ведае, як там было насамрэч: ці то чорны чалавек нейкі спакусай улады заразіў, ці то сваё чорнае кожны сам у сабе песціць. А мо ўсё і не так было?.. Аднак смерць бацькі Кейстута зрабіла Вітаўта моцным і непераможным. А яго стрыечны брат Ягайла знайшоў сябе ў іншай краіне...

Яшчэ з моманту прэм'еры балета «Страсці» (пра Рагнеду) стала зразумела: гісторыя — вялікая тэма, якая можа быць асновай для нацыянальнага балета. Можа быць... І стала зноў: у гэтыя дні актыўна абмяркоўваюць прэм'еру балета «Вітаўт» кампазітара Вячаслава Кузняцова ў пастаноўцы Юрыя Траяна, які з'яўляецца мастацкім кіраўніком балетнай трупы Вялікага тэатра Беларусі.

Балет і патрыятызм

Гісторыю сваёй краіны сорамна не ведаць. Але колькі яе ні вывучай — заўсёды застаецца нешта, што можна адкрываць, адкрываць. І колькі ні гавары пра гісторыю — усё мала, усё роўна застаецца нехта, для каго гэта будзе ўпершыню. І ўсё роўна будуць тыя, хто захоча яшчэ і яшчэ.

1378506810843_1

Так было, напрыклад, калі ішоў у Купалаўскім тэатры спектакль «Князь Вітаўт». Ішоў доўга. Меў сваіх прыхільнікаў. Але нават калі спектакль аджыў сваё, былі тыя, хто засумаваў без Вітаўта. Без рэальнага героя. Не столькі без героя мастацкага твора (спектакля). І вось чарговая перамога нашага героя Вітаўта над забыццём: балетны варыянт. Балет, як і спектакль, звяртаецца да драматычных падзей смерці Кейстута і супрацьстаяння двух стрыечных братоў, якія прэтэндавалі на ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Што тут казаць: каб увасобіць на сцэне гэтых двух герояў, былі задзейнічаны лепшыя артыстычныя сілы. Тут цяжка паспрачацца з Юрыем Траянам, што ёсць каму ў нашай трупе ўвасабляць Вітаўта: на партыю прызначаны Ягор Азаркевіч, Антон Краўчанка, Ігар Аношка. І тыя, хто антыпода Ягайлу танцаваць могуць, ёсць: Алег Яромкін і той жа Ягор Азаркевіч. Ёсць каго і што танцаваць — паводле гісторыі. Але ключавое слова тут — «танцаваць». Харэаграфія нацыянальнага балета павінна быць адметнай, а пастаноўка выглядаць эфектнай, ствараць уражанне драмы, якая чалавека зрабіла асобай...

Што да эфектаў, то з імі ўсё ў парадку: святло, гульня колераў, дым, галава з рагамі над сцэнай, чырвонае полымя вогнішча. Сутнасць драмы вынікае з сюжэтнай лініі (калі хто ведае гісторыю) ды яшчэ з праграмкі (бо інакш цяжка разабрацца ў тым, што адбываецца) . Што ж да лініі харэаграфіі — яна таксама з нечага вынікае: з гісторыі развіцця беларускага балета ў апошнія дзесяцігоддзі…

Але так хочацца, каб гісторыя яго развіцця працягвалася, бо балет — мастацтва, якое без слоў можа пераварочваць душу (і мы ж бачылі, як гэта бывае!). І цяпер нам прапануюць новыя балетныя спектаклі, ці назвы ў афішу… Вельмі добрыя назвы: «Вітаўт» — гучыць з гонарам.

1378506812679_2

Між іншым, балет «Вітаўт» і глядзець можна з гонарам. Яго адчуюць тыя, для каго гісторыя вышэй за харэаграфію, а пачуццё патрыятызму вышэй за мэту тэатра пераварочваць душу. Тут яно, бадай, і пануе: наша гісторыя, наша трупа, наш тэатр... Слова «наш», безумоўна, сагравае, гэтак жа, як свая кашуля. Але бываюць моманты, калі думаеш яшчэ і пра якасць кашулі. А добрая якасць можа найлепш падмацаваць пачуццё патрыятызму: сваё любіць больш прыемна тады, калі яно на ўзроўні...

Тым не менш, глеба для патрыятызму ёсць: не толькі з-за самога героя, падоранага нам гісторыяй. Яшчэ адным героем балета з'яўляецца музыка да яго. І гэта для мяне было самае галоўнае: у музыцы ёсць глыбіня, засяроджанасць, разважлівасць, ёсць і экспрэсія, і напружанне, сум і надзея. Яна распавядае і нараджае вобразы, якія кожны можа ўявіць сам і суаднесці з тым, што бачыць на сцэне. Музыка — дзіўнае мастацтва, якое можа праз гукі і мелодыі даць «убачыць» і эпохі, і народы з іх асаблівым светаадчуваннем. Можа мінулае злучыць з сучаснасцю: яно ж прарастае ў нас, таму і адгукаецца, рэзаніруе.

Што ж тады ёсць чалавек, творца, які ўмее ствараць такую музыку, у якой чуеш больш, чым гэта дазваляе сюжэт, нават з рэальнымі гістарычнымі персанажамі? Вячаслаў Кузняцоў падчас стварэння балета «Вітаўт» перанёс інфаркт, але аднавіўся. І прапаноўвае аднавіцца — праз музыку — іншым. Добра, што ёсць такая магчымасць — слухаць беларускую музыку ў Вялікім тэатры...

Музыка і светаадчуванне

З аўтарам музыкі, кампазітарам, прафесарам Вячаславам КУЗНЯЦОВЫМ захацелася паразмаўляць пасля прэм'еры.

1378506815187_3

— Гэта ўжо не першы балет на гістарычную тэму, да якога вы напісалі музыку...

— Так, раней былі «Макбет» і «Клеапатра». На жаль, не паставілі. Мяне гісторыя натхняе. Па-першае, заўсёды можна ўявіць сябе там. Напрыклад, у Егіпце: уявіў піраміды — і нібыта перанёсся туды, стаў часткай таго свету... У выпадку з «Вітаўтам» таксама дапамагала працаваць уяўленне. Уяўляў сябе спачатку ў лясах Вялікага Княства Літоўскага, потым у замку Кейстута. Далей — у Кракаве, дзе пануе бляск. Адсюль і адчуванне сутыкнення двух сусветаў. Але ж гэтае адчуванне можа быць у любую эпоху: калі сутыкаюцца розныя каштоўнасці і маральныя сістэмы. У гэтым сэнсе для мяне гэта філасофскі спектакль. Хоць героі належаць сёння розным краінам, але ж сутнасць супрацьстаяння не ў гэтым. Гэтыя героі належаць адначасова свету. Напрыклад, гісторыя Спартака ці сюжэт «Рамэа і Джульеты» даўно выйшлі за рамкі адной культуры. Гэта гісторыя агульначалавечая.

— Напэўна, немагчыма пісаць музыку пра тых, каго ты не прыняў ці не палюбіў?

— Героі гэтага балета вельмі яркія. Вітаўт жа — воін! Прычым калі я ўбачыў галоўных выканаўцаў роляў, то я зразумеў: усе Вітаўты! Артысткі, якія танцуюць Ганну, — усе трапяткія. Ядвіга — валявая, з характарам. А якія Ягайлы! Таксама з характарам, хоць гэты вобраз больш цёмны. Але яны з Вітаўтам браты. Бывае такое, што адзін брат хуліган, а другі — выдатнік. Мы пастараліся ўсе вобразы зрабіць вельмі рэльефнымі: калі кахаць, то так, што на разрыў нерву. Калі біцца — то насмерць.

— Ці вывучалі вы тую эпоху, пра якую збіраліся пісаць музыку?

— Так, але, хоць ёсць гісторыя, нам усё ж цяжка пранікнуць туды, каб адчуць, што там было і як. Мы можам здагадвацца пра тыя пачуцці, якія кіравалі людзьмі. Таму справа ва ўражанні. І ў музычным таксама. Я вось так адчуў. І калі я спрабую адкруціць назад амаль сем стагоддзяў, то ў мяне яны гучаць вось так. У іншага кампазітара яны будуць гучаць інакш, у трэцяга — у адпаведнасці з яго светаадчуваннем і ўспрыманнем гісторыі... Але справа не толькі ў гістарызме. Для мяне істотнай была гісторыя характараў, пачуццяў — тое вечнае, што важна для мастацтва. У якія вякі мы ні зазіралі б, мы іх лепш можам адчуць менавіта праз людзей, якія тады жылі, праз іх дзеянні, у аснове якіх — характар. Яго мы можам паказаць праз нейкія перажыванні, страсці. У нас аснова сюжэта, героі — гістарычныя. Але ж мы не ведаем дакладна, якія эмоцыі імі кіравалі ў якія моманты. Мы зрабілі варыянт: можа, вось такія... Але зноў-такі: нам так бачыцца з вышыні эпох.

— Многія патэнцыйныя гледачы балета памятаюць спектакль «Князь Вітаўт» паводле п'есы Аляксея Дударава Купалаўскага тэатра. Вы яго глядзелі?

— Не, не атрымалася. Але п'есу Дударава чытаў. Ён мне падараваў, падпісаў. Гэта і было першым крокам да стварэння балета. Прайшло ўсяго тры гады!.. Я выйшаў з Акадэміі музыкі, сустрэў Дударава. Паразмаўлялі. Потым ён патэлефанаваў мне, перадаў п'есу. Я пачытаў. Натхніўся. Вядома, стварэнне балета не было літаральным паводле п'есы. Той твор драматычны, але ў балеце няма слоў, а ёсць экспрэсія іншага кшалту, якая дапамагае гледачу разумець, што адбываецца. Таму дадаліся і з'явіліся чыста балетныя ідэі, якія б дапамаглі раскрыць сутнасць супрацьстаяння герояў Вітаўта і Ягайлы.

— Вы як аўтар дапамагалі пастаноўшчыку? Таму што музыку кожны чуе па-свойму.

— Вядома. Мы ўвесь час былі ў кантакце. Сустракаліся з пастаноўшчыкам Юрыем Траянам, з мастаком Эрнстам Гейдэбрэхтам (калі ён прыязджаў сюды з Германіі, дзе зараз жыве). З дырыжорам. З ранку да ночы я бываў на рэпетыцыях: прыходзілася нешта карэктаваць падчас працы. Адна справа — напісаць музыку. Але ж ёсць яшчэ артысты, якім танцаваць. Больш хуткі тэмп — для іх ужо ўсё мяняецца. Гэта мы глядзім балет і думаем: як прыгожа! А яны працуюць, вытрымліваюць каласальнае напружанне. Напрыклад, Адажыа не можа доўжыцца больш за пэўны час: артысты стамляюцца фізічна. А ў нас у балеце другое Адажыа вялікае. Імкнуліся скараціць, але самі выканаўцы сказалі: «Мы вытрымаем...»

— Дагэтуль у афішы тэатра быў гістарычны беларускі балет «Страсці» Андрэя Мдзівані ў пастаноўцы Елізар'ева. Ці глядзелі вы яго?

— Гадоў 15 таму. У мяне добрае ўражанне. Я адчуваю, што абавязкова знойдуць паралелі і ў харэаграфіі. Нічога страшнага. Мы так захапіліся працай, што вырашылі: зробім спектакль, а там ужо іншыя няхай мяркуюць. На тое і крытыкі... Але прафесіяналы (я спецыяльна запрашаў сваіх калег) бачаць прафесійныя хібы. А глядач павінен убачыць гісторыю. Ён не будзе думаць пра тое, як хто які жэст зрабіў. Калі гэта прабярэ, калі прымусіць скалануцца душу — значыць, сэнс ёсць.

— Вас як аўтара можна павіншаваць, таму што кампазітар піша твор і далёка не заўсёды ўпэўнены, ці адбудзецца яго прэм'ера.

— Так, у мяне ёсць шмат сачыненняў, якія я напісаў, а яны ляжаць. Вялікія, нават оперы. Прапанаваў, а мне кажуць: «Не наша тэма, пачакаем». Гэты спектакль мне прапанавалі. Тэатру спатрэбілася гістарычная тэма. Падабралася група: аўтар ідэі, добры мастак, пастаноўшчык. І была цудоўная трупа. Аркестр, дырыжоры. Заставалася ўсё злучыць. Што мы і рабілі.

— Цудоўна, што другі сезон у Вялікім тэатры адкрываецца прэм'ерай твора беларускага кампазітара. Летась — операй Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда», сёлета — балет «Вітаўт». Але гэта адзінкі. Што трэба зрабіць для таго, каб гэта стала сістэмай і слухачы маглі знаёміцца з творамі сучасных беларускіх кампазітараў?

— Я не хацеў бы, каб гэта вырашалася шляхам нейкага ўказання: маўляў, адзін балет ці опера на год... Але прыслухацца да кампазітараў трэба, калі яны прыносяць творы. Заказваць можна больш. Чаго ж пісаць «у стол»?.. Вось паглядзелі, што нейкі кампазітар цікава працуе: давайце яму закажам такую тэму, прапануем яму добрага лібрэтыста, мастака, створыцца каманда. І атрымаецца твор. Як у выпадку з «Вітаўтам»: гэта не столькі заказ, колькі выдатная прапанова. Гэта гонар для мяне...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

У каго і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.