Вы тут

Танкавы корпус № 2


Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму Мар'іна Горка славілася самым вялікім ваенным гарнізонам у Беларусі. З 11 воінскіх фарміраванняў, што размяшчаліся тут, сёння існуе толькі адно — 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння.

Месца, дзе знаходзіцца элітнае падраздзяленне Узброеных Сіл, нагадвае некаторым мясцовым жыхарам яшчэ пра адну ўнікальную часць, якой ужо няма, — 8-ю гвардзейскую танкавую дывізію.

Ваенная біяграфія злучэння

Сфарміраваны 2-і танкавы корпус (так першапачаткова называлася злучэнне) быў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тады, пасля перамогі савецкіх войск у бітве за Маскву, узнікла неабходнасць стварыць чатыры новыя буйныя танкавыя аб'яднанні. Адно з іх з'явілася ў горадзе Горкім (зараз Ніжні Ноўгарад) у красавіку 1942 года. Першым камандзірам 2-га танкавага корпуса быў назначаны гамяльчанін, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр Аляксандр Лізюкоў.

Беручы ўдзел у буйнейшых аперацыях Вялікай Айчыннай, танкісты крок за крокам вызвалялі Радзіму. Пасля баёў пад Сталінградам ад корпуса, па ўспамінах ветэранаў, засталася толькі назва і невялікая група афіцэраў. На доўгі час аб'яднанне было выведзена ў рэзерв на перафарміраванне, пасля чаго з верасня 1943 года пачало называцца 8-м гвардзейскім танкавым корпусам.

Пасля вайны, восенню 1945 года, корпус увайшоў у склад Беларускай ваеннай акругі і быў перайменаваны ў 8-ю гвардзейскую танкавую Чырванасцяжную дывізію. У 1947 годзе яе месцам дыслакацыі стала Мар'іна Горка

. У склад дывізіі ўвайшло 7 палкоў, 4 батальёны і асобны ракетны дывізіён.

Служыць тут марылі танкісты...

У хуткім часе праслаўленае злучэнне стала сапраўднай кузняй ваенных кадраў. Тут праходзілі службу і атрымлівалі вопыт кіравання войскамі многія военачальнікі Савецкага Саюза і незалежнай Беларусі. У тым ліку і сённяшні міністр абароны генерал-лейтэнант Юрый Жадобін.

1378506818627_7-7

Тут марылі працягваць службу і тыя, хто ўжо ў свой час развітаўся з арміяй. Так было з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Васілём Цыкрам, які прыехаў у Мар'іну Горку па рэкамендацыі роднага брата, што служыў начальнікам сувязі ў першым батальёне 94-га палка.

І гэта пасля франтавой загартоўкі, якую ён атрымаў, будучы ў складзе пяхотнага палка ў Іванаўскай вобласці, танкавага палка ва Уладзіміры і самаходнага артылерыйскага палка ў Растове, дзе з'яўляўся камандзірам разліку.

Усюды 18-гадовы юнак быў па тры месяцы. І ўсё за апошні год вайны! За вызваленне венгерскага горада Папа быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. А пасля вызвалення Вены застаўся сумны напамін: тут падчас баёў Васіль Цыкра разам з усімі членамі экіпажа гарэў у самаходцы. Пасля два з паловай месяцы праляжаў у шпіталі, залечваючы абгарэлыя рукі і твар. Тут сустрэў і Дзень Перамогі.

— Хто не бачыў, нават уявіць сабе не можа, колькі ў нас тады было радасці! — успамінае Васіль Андрэевіч. — Усе палілі са стрэльбаў: хто ў вокны, хто ў неба. Так адзначалі Перамогу!

Далейшую службу Васіль Цыкра працягваў у Малдавіі. Тут, у зенітным палку, служыў у аркестры. Іграў на альце, барытоне, трубе. Армія з яго зрабіла музыканта. Пасля дэмабілізацыі на радзіме — у пасёлку Смотрыч, што ў Хмяльніцкай вобласці ва Украіне, — працаваў у Доме культуры. Адсюль разам з сям'ёй прыехаў у 8-ю танкавую дывізію, дзе ўладкаваўся ў аркестр 94-га гвардзейскага палка. Пасля іграў у дывізіённым аркестры, стаў старшынёй роты кіравання ў штабе дывізіі. У 1973 годзе звольніўся ў запас і тут, у Мар'інай Горцы, якая за гэты час паспела стаць для яго другой радзімай, асеў назаўсёды.

І не ён адзін. Ці то гэты куточак беларускай зямлі палюбіўся Аляксандру Вароўскаму, ці то яго прывабіла прафесія танкіста, афіцэр запасу не прызнаецца. Напэўна, і першае, і другое. Ці як патлумачыць тое, што ён, адслужыўшы тут, паехаў дахаты ў Сібір і праз год вярнуўся?

— 8-я гвардзейская танкавая дывізія стала для мяне другім домам, — расказвае Аляксандр Кірылавіч. — Калі пасля дэмабілізацыі паехаў на радзіму, вельмі засумаваў па калектыве, па танках... Напісаў ліст у полк, у якім прасіў забяспечыць мяне працоўным месцам. Атрымаў станоўчы адказ. Пачаў збіраць чамаданы: быў упэўнены, што еду ні на год і ні на два. Ажаніўся з дзяўчынай, з якой вёў перапіску. Прыехаў сюды ўжо з жонкай і сынам.

І працягваў службу ў гэтым палку да звальнення ў запас. 27 гадоў жыцця прысвяціў ваеннай прафесіі і танкам! Быў наводчыкам, механікам-вадзіцелем, намеснікам камандзіра роты па ўзбраенні.

Танкавае майстэрства па-арабску і вучэнні, як на вайне

У пасляваенны час у дывізіі пачалася планавая баявая вучоба.

У арганізацыі навучальнага працэсу даводзілася пераадольваць нямала сур'ёзных цяжкасцяў: адсутнічала матэрыяльная база, адчуваўся недахоп вучэбнай літаратуры, у казармах было няўтульна. Нярэдка вайсковая падрыхтоўка спалучалася з гаспадарчымі работамі і іншымі неадкладнымі задачамі.

Даводзілася дзяліцца вопытам і з замежнымі калегамі. Гэтую важную місію даручылі вопытнаму танкісту Вароўскаму. Інтэрнацыянальны доўг выконваў у Балгарыі, Судане і Лівіі. Па некалькі гадоў ён, інструктар па ваджэнні танкаў Т-72, выкладаў замежным афіцэрам танкавае майстэрства.

— Заняткі вёў на арабскай мове, якую прыйшлося вывучыць. Часам размаўляў па-англійску і па-ўкраінску, — успамінае танкіст. — Палігонаў там не было, таму навыкі адпрацоўвалі ў пустыні. І трэба сказаць, што, нягледзячы на такія ўмовы, нашы танкі вялі сябе цудоўна!

У той час на ўзбраенні дывізіі знаходзіліся танкі Т-34 і Т-76, М4А2 «Шэрман», ІС-2, самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі СУ-85, СУ-76, СУ-57, бронетранспарцёры і бронемашыны БТР МЗА1, «Скаут», БА-64. Як лічыць былы танкіст Міхаіл Іваноў, які прайшоў шлях ад наводчыка танка да яго камандзіра і якога ваеннае жыццё насіла амаль па ўсіх танкавых палках СССР, іх нельга параўнаць з цяперашняй тэхнікай.

— Сучасным танкам кіраваць намнога лягчэй, — перакананы былы камандзір танкавага батальёна. — Раней экіпаж танка складаўся з пяці чалавек, а сёння ўсе задачы здольныя выканаць тры спецыялісты. Ужо няма ў танку зараджальшчыка і стралка-радыста. Іх функцыі выконвае тэхніка. Зараз танкавы экіпаж — камандзір танка, наводчык-аператар і механік-вадзіцель. Праўда, як раней, так і цяпер, не вывучыўшы тэорыю, кіраваць танкам немагчыма. Калі гляджу парад, так хочацца ізноў пракаціцца на Т-34, уключыць стабілізатар, даць выстрал!

Як успамінаюць ветэраны, у першыя гады пасля Перамогі, асабліва ў перыяд «халоднай вайны», баявая падрыхтоўка была арганізавана па прынцыпе «Вучыць войскі таму, што неабходна на вайне».

— Вучэнні былі яшчэ якімі! — дадае былы зампаліт батальёна 8-й гвардзейскай танкавай дывізіі Іван Паўлюкавец. — Узводныя, ротныя, батальённыя, палкавыя, дывізіённыя, нават у маштабе Узброеных Сіл.

Міхаіл Іваноў, напрыклад, удзельнічаў у вучэннях краін Варшаўскага дагавора. Прычым вучэнні пачаліся ў Румыніі, а скончыліся ажно ў Германіі.

— Аднойчы да нас у Малдавію прыязджаў сам маршал Жукаў! — успамінае Васіль Цыкра. — На той час ён з'яўляўся камандуючым Адэскай ваеннай акругі. Дык вось з намі ён праводзіў заняткі. У яго былі такія вучэнні, быццам ізноў ішла вайна!

Танкістаў заўсёды бераглі падчас вайны: іх лічылі галоўнай ударнай сілай сухапутных войск. У мірны час гэтая прафесія паступова страчвала актуальнасць. Пра што сведчыць хаця б тое, што ў 1990 годзе 8-я гвардзейская танкавая дывізія была пераўтворана ў 6313-ю гвардзейскую базу захоўвання маёмасці. У 1991-м і яна была расфарміравана.

Так магутнейшая танкавая дывізія перастала існаваць на беларускай зямлі. Прайшло некалькі гадоў — і самы вялікі гарнізон краіны застаўся толькі на старонках кніг і гістарычных дакументаў. Ды ў памяці тых, хто яшчэ некалькі гадоў таму нёс службу ў Пухавіцкім краі.

Вераніка КАНЮТА. Фота аўтара.

г. Мар'іна Горка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.