16 студзеня, субота

Вы тут

«Зоркі» танкавага біятлону


Некаторы час таму падмаскоўны палігон Алабіна з'яўляўся мекай танкавага майстэрства. Лепшыя танкісты з Беларусі, Расіі, Казахстана і Арменіі змагаліся тут за лідэрства ў гэтай ваеннай прафесіі. З першых у свеце міжнародных спаборніцтваў «Танкавы біятлон» беларуская каманда вярнулася з 3-м месцам і... з бронзавым танкам.

Першым стаў танкавы экіпаж з Расіі. Сярэбраны медаль дастаўся танкістам з Казахстана. Чацвёртае месца — у армянскай дружыны.

Два экіпажы прадстаўлялі нашу краіну на спаборніцтвах. У асноўны ўвайшлі танкісты з 355-га гвардзейскага асобнага танкавага батальёна 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады. Ролю запасных выконвалі вайскоўцы з танкавага батальёна 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.

1378506824854_7-3

 

За дзень да спаборніцтваў беларускім танкістам далі магчымасць апрабаваць даручаную тэхніку, праехаць на танку Т-72 па маршруце трасы. Усе машыны толькі прыбылі ў парк 2-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі з рамонтнага завода, іх прабег складаў не больш за 150 кіламетраў. Рознакаляровыя танкі былі ў выдатным тэхнічным стане. Пасля лёсавання беларусам дастаўся танк жоўтага колеру.

— Да самага апошняга моманту наша каманда ўпэўнена трымалася на другім месцы, — расказаў наводчык-аператар танка гвардыі радавы Аляксей КРАСНАПРОШЫН

. — Аднак не абышлося без тэхнічных непаладак: правады тэлекамер заблакіравалі аўтаматычны механізм зараджэння. У выніку экіпаж апынуўся на штрафным крузе. Час быў упушчаны, і наша каманда фінішавала трэцяй. Хоць па колькасці знішчаных мішэняў і беспамылковага пераадолення перашкод, па прызнанні суддзяў, мы былі лепшымі.

Дастаткова хаця б таго, што іх прызналі лепшымі ў Беларусі. Іначай, не гэтая слаўная тройка прадстаўляла б нашу краіну на спаборніцтвах такога ўзроўню.

— Перш чым трапіць на «Танкавы біятлон», членам экіпажа давялося прайсці не менш складанае спаборніцтва — праўда, ужо сярод сваіх, — зазначыў камандзір 3-й танкавай роты 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады гвардыі старшы лейтэнант Іван ВЫСАКОС. — Экіпаж быў прызнаны лепшым у батальёне: падчас папярэдніх стрэльбаў ён паказваў добрыя вынікі на трэнажорах і ў палявых умовах, дзейнічаў хутка і зладжана. Самае галоўнае, што члены экіпажа маглі ліквідаваць магчымыя няспраўнасці падчас стральбы.

Толькі такія ўмельцы былі і ў іншых вайсковых часцях. Таму галоўны конкурсны адбор адбыўся на палігоне Абуз-Лясноўскім, што пад Баранавічамі. Тут падчас сур'ёзных выпрабаванняў яны, танкісты са 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, і паказалі лепшыя вынікі. Адразу і высветлілася, хто паедзе на спаборніцтвы ў Расію. Другімі на палігонных вучэннях сталі гродзенцы. Яны былі прызначаны запаснымі.

На працягу месяца два экіпажы трэніраваліся на Абуз-Лясноўскім. Дзясяткі гадзін, праведзеных тут, не прайшлі дарэмна. Усе перашкоды падчас «Танкавага біятлону» былі пройдзены паспяхова. Манеўравалі «змейкай», зараджалі кіраваную ракету, стралялі, пераадольвалі брод, мінаўзрыўную агароджу, з лёгкасцю ехалі па калейным мосце.

Як прызнаюцца члены экіпажа, яны хутка знайшлі агульную мову. У танкістаў па-іншаму і быць не павінна! І гэта нягледзячы на розны ўзрост, жыццёвы лёс, супрацьлеглыя характары.

Аляксей Краснапрошын, наводчык-аператар танка, нарадзіўся ў Мар'інай Горцы. У армію прызваўся адразу пасля заканчэння школы. Тое, што хлопца выбралі для ўдзелу ў спаборніцтвах, стала нечаканасцю для яго і гонарам для бацькоў. У лістападзе юнак дэмабілізоўваецца. Толькі армія, асабліва танкавы біятлон, яму запомніцца надоўга. Хлопец перакананы: спаборніцтвы дадалі яму ўпэўненасці ў сабе, прыбавілі жыццёвага вопыту.

Камандзір беларускага экіпажа, старшы лейтэнант Арцём Багданаў, — камандзір і ў рэальным ваенным жыцці. Ён камандуе танкавым узводам 355-га гвардзейскага асобнага батальёна 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады. Малады чалавек прыехаў у сталіцу з Бабруйска. Скончыўшы агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі, ва Уруччы вось ужо другі год праходзіць афіцэрскую службу.

Механік-кіроўца ў экіпажы — гвардыі яфрэйтар Ігар Бабіч. У 355-ы гвардзейскі асобны танкавы батальён на час падрыхтоўкі і правядзення спаборніцтваў прыбыў з Заслонава, дзе праходзіць службу па кантракце. Нарадзіўся хлопец у вёсцы Чарневічы Глыбоцкага раёна, што на Віцебшчыне.

Падчас узнагароджання лепшых танкавых экіпажаў з рук міністра абароны Расійскай Федэрацыі генерала арміі Сяргея Шайгубеларускія танкісты асноўнага экіпажа атрымалі медалі «За ўмацаванне баявой садружнасці».

Адным словам, «Танкавы біятлон» не прайшоў безвынікова. Галоўнае ўпраўленне баявой падрыхтоўкі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь нават плануе ўнесці змены ў праграму вучобы танкістаў. Менавіта ў адпаведнасці з тымі нарматывамі, якія праводзіліся падчас «Танкавага біятлону». Палічылі, што падобныя спаборніцтвы — практычна адзін з эпізодаў вядзення рэальных баявых дзеянняў. Хіба толькі адсутнічае агонь з боку праціўніка. А гэтага лепш і не ведаць.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.