Вы тут

Гэта Салодкае слова «чапок»!..


Што можна набыць, калі зазірнуць у «чапок»:

— Кандытарскія вырабы.
— Напоі, гарбату і каву.
— Піражкі.
— Канцылярскія вырабы.
— Шкарпэткі.
— Фарбу для абутку.
— Падшывачны матэрыял.
— Рэчы туалету.

— Галубцы, гарачыя галубцы! Хлопцы, бярыце хот-догі! Толькі з печкі выцягнула! А якія ў нас піражкі! Паспрабуйце — не пашкадуеце, а пасля па дабаўку прыбяжыце. Сто адсоткаў даю!

Бадзёрая прадавец у буфеце рэкламавала сваю прадукцыю не менш актыўна, чым прадаўцы на сталічнай Камароўцы. Адначасова з прасоўваннем у масы тавару яна паспявала разліваць у пластыкавыя кубачкі гарбату, рэгуляваць чаргу... і даваць жыццёвыя парады. Гэткія сітуацыі сто разоў бачыў у звычайных беларускіх кавярнях, аднак ніколі не мог падумаць, што нешта падобнае сустрэну ў войску.

Пра тое, што ў арміі ёсць буфеты, пачуў яшчэ ад свайго бацькі, які пры Саюзе служыў пад Патсдамам, у групе савецкіх войскаў у Германіі. Так званы «чапок» (салдацкая чайная) знаходзіўся на тэрыторыі вайсковай часці. Палову аднапавярхоўкі займала памяшканне, дзе разам з прадуктамі можна было набыць залацістыя гузікі з зорачкамі, падшывачны матэрыял, адэкалон «У палёт!», рознакаляровыя ніткі... А ў суседняй зале хлопцы ў камуфляжы маглі папіць гарбаты з печывам і нават нямецкую «Штэрн Колу», пра якую ў краіне Саветаў на пачатку 1980-х ведалі толькі аматары замежных камандзіровак. У чайную салдаты хадзілі, зразумела, калі атрымлівалі грашовае забеспячэнне. Рабілі праменад у вольны час. У іншым выпадку прадпрымальны салдат мог лёгка нарвацца на чарговы нарад. «Звычайная ежа надакучвала, а таму хацелася салодкага, нечага схаванага ў прыгожай нямецкай абгортцы», — з настальгіяй узгадваў армейскую службу мой бацька.

1378506830822_7-25

Цалкам зразумець яго словы я здолеў толькі тады, калі сам апынуўся за шэрым армейскім плотам. У нашай вучэбцы кармілі добра, сытна, аднак да ралета з надпісам «Буфет», які знаходзіўся ў сталовай, з кожным днём цягнула ўсё больш і больш. За прылаўкам па адэкватных цэнах разлівалі напоі, каву, прадавалі шакалад, цукеркі, кандытарскія грыбочкі і сандвічы. А на высокіх паліцах у скрынях стаялі алоўкі, у стопках ляжалі шкарпэткі і тоўстыя сшыткі. Вось яно, сапраўднае поле цудаў для тых, хто не можа штодня наведваць улюбёную краму! Грошы знікалі адразу, а чарговае пірожнае, схаванае за шчакой, прымушала з сумам узгадваць салодкае грамадзянскае жыццё. Гэта ўжо пасля мы дамаўляліся і адпраўлялі ў «чапок» аднаго хлопца, а адразу тоўпіліся ў вялікіх чэргах, хавалі ў бушлатах усё тое, што толькі маглі схаваць кішэні зімовай вопраткі. Дарэчы, захоўваць у форме прадукты строга забараняецца, а таму харчы «знішчаліся» адразу пасля вячэры, калі салдат меў вольны час.

Гэта было яшчэ ў снежні, а летам у нас з'явілася яшчэ адна чайная. З марозівам, смажнямі і некалькімі столікамі, за якімі можна было папіць гарбаты з салодкім круасанам. Для нас, рэзервістаў, «чапок» быў адным з улюбёных месцаў, а мы для прадаўцоў — цудоўная магчымасць папоўніць касу. У спякоту з прылаўкаў змяталася ўся вада, увесь пламбір выцягваўся з лядоўні. Упэўнены: прадаўцы намі былі задаволены, а мы яшчэ загадзя лічылі грошы напярэдадні паходаў у буфет. Між іншым, рэдкія перападлікі ўспрымаліся ледзь не як здрада, а чарговы прывоз мы праводзілі вачыма з палёгкай, маўляў, нарэшце, смачненькае прывезлі!

— Хлопцы! Колькі казаць! Хутчэй падыходзім. Піражкі чакаць не будуць — стынуць! — крычала перад галоднай салдацкай чаргой рухавая кабета, прапаноўваючы ў сурвэтцы хот-дог.

І сапраўды, у «чапок» не зарасце салдацкая сцяжына. Так было і пры маім бацьку, пры мне і будзе пры тых, хто прыйдзе пасля нас. Час ідзе, а салдацкія традыцыі застаюцца.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?