Вы тут

ЗВЯРТАЕМСЯ ДА СТАМАТОЛАГА


На пытанні наведвальнікаў сайта www.dоktоrа.bу газеце «Звязда» адказалі намеснік галоўнага ўрача 4-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі г. Мінска Людміла ВЯЧЭРСКАЯ і ўрач-стаматолаг 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Людміла ЖУГІНА.

— Дзіцяці 1 год і 8 месяцаў. Верхнія чатыры зубы моцна пацямнелі, асабліва каля кораня, і звонку, і ўнутры. Адзін зуб адламаўся. Унутры ён таксама цёмны. Адкалоўся кавалачак і яшчэ ад аднаго зуба. Падкажыце, калі ласка, што рабіць? Як папярэдзіць крышэнне зубоў?

— Самым распаўсюджаным захворваннем у дзяцей ва ўзросце да 1,5-2 гадоў з'яўляецца ранні дзіцячы, або «бутэлечны», карыес, які звычайна паражае ўсю паверхню пярэдніх зубоў. Ён развіваецца па прычыне парушэння рэжыму харчавання дзіцяці: начное салодкае піццё, кармленне паміж асноўнымі прыёмамі ежы. Карыес — гэта інфекцыйны працэс, і нярэдка інфіцыраванне ротавай поласці ў дзяцей адбываецца падчас аблізвання дарослымі соскі, іх прывычкі «спрабаваць» ежу з лыжкі, пры пацалунках. Са з'яўленнем першага малочнага зуба бацькі павінны штодня чысціць зубы дзіцяці — раніцай і ўвечары пасля прыёму ежы. Да крышэння і змянення колеру зубоў у дзяцей могуць прывесці і іншыя фактары: траўма зуба, прыроджаная паталогія цвёрдых тканак зубоў. Калі ў дзіцяці змяніўся колер зубоў, адламалася частка каронкі зуба, дзіця неабходна паказаць урачу-стаматолагу. Завочна тут нельга даць дакладную рэкамендацыю.

— У дачкі пасля выпадзення малочных зубоў карэнныя растуць няроўна. Пакуль змяніліся толькі ніжнія і верхнія «адзінкі» і «двойкі». Калі будзе правільным іх раўняць?

1378506832644_7-27

— Прафілактыка зубасківічных анамалій у дзяцей праводзіцца з моманту прарэзвання зубоў з улікам іх узросту і наяўнасці пэўных фактараў. Калі зубы памяняліся і растуць няправільна, рашэнне аб неабходнасці апаратурнага лячэння прымаецца пасля агляду і кансультацыі ўрача-артадонта. Апаратурнае лячэнне можа праводзіцца як з дапамогай індывідуальных, так і стандартных артадантычных апаратаў.

— Са з'яўленнем першых зубоў у дзіцяці імкнулася іх даглядаць, працірала марлевай сурвэткай або проста ватным тампонам, змочаным у вадзе, выкарыстоўвала сіліконавыя дзіцячыя шчотачкі. Зараз нам 1 год 7 месяцаў. Я па-ранейшаму праціраю дзіцяці зубы. Акрамя таго, мы чысцім зубкі самастойна, «як мама», часам выкарыстоўваем дзіцячую пасту без фтору. На жаль, верхнія зубы бліжэй да дзясны пацямнелі. Як папярэдзіць з'яўленне карыесу? Ці неабходна выкарыстоўваць гель «Рокс» для прафілактыкі? Недзе прачытала такія рэкамендацыі:

•выкарыстоўваць дзве зубныя пасты: адну без фтору (Рокс 0-3, Сплат bаbу, Лакалют да 4 гадоў), другую з фторам (Рокс kіds, Сплат junіоr, Лакалют kіds). І чаргаваць іх — раніцай і ўвечары;
•0,05-працэнтны раствор хлоргексідзіну — змочваць ватную палачку і праціраць зубкі 1 раз у дзень (напрыклад, на ноч пасля чысткі зубоў) 2 тыдні;
•гель Рокс (mеdісаl mіnеrаls) — 2 разы ў дзень 1 месяц. Пасля чысткі зубоў нанесці пальцам на зубкі і 1 гадзіну пасля гэтага не есці і не піць;
•адмовіцца ад начных кармленняў (або пасля кожнага праціраць зубкі);
•сказаць «не» салодкаму і сокам.

З чым пагадзіцца? Адмовіцца ад начных кармленняў нам не ўдалося.

— Як ужо раней паведамлялася, самым распаўсюджаным захворваннем у дзяцей ва ўзросце да 1,5-2 гадоў з'яўляецца ранні дзіцячы, або «бутэлечны», карыес. Ён развіваецца па прычыне парушэння рэжыму харчавання дзіцяці. Як-раз з-за начнога салодкага піцця, кармленняў паміж асноўнымі прыёмамі ежы. Любыя салодкія напоі, фруктовыя сокі, дзіцячыя сумесі могуць разбурыць зубы, паколькі на паверхні пярэдніх зубоў назапашваюцца вугляводы, якія і разбураюць няспелую эмаль зубоў. Карыес — гэта інфекцыйны працэс, і нярэдка інфіцыраванне ротавай поласці ў дзяцей адбываецца па віне дарослых. Скажам, падчас аблізвання соскі, пробы ежы з лыжкі, пры пацалунках. Асабліва небяспечная перадача мікраарганізмаў ва ўзросце да 2,5 гадоў, калі адбываецца прарэзванне зубоў.

Папярэдзіць інфіцыраванне можна шляхам пазбягання «слінных кантактаў» з дарослымі. Адным з галоўных прафілактычных метадаў ранняга дзіцячага карыесу з'яўляецца дасканалая гігіена ротавай поласці дзіцяці. Са з'яўленнем першага малочнага зуба бацькі павінны штодня чысціць зубы дзіцяці — раніцай і ўвечары пасля прыёму ежы. З выбарам зубной пасты, прымяненнем іншых прафілактычных сродкаў (лакаў, пенак, геляў) павінен дапамагчы лечачы ўрач-стаматолаг.

— У мяне мезыяльны прыкус. Сабралася на аперацыю, але потым спалохалася. Наколькі складаная аперацыя па выпраўленні такога прыкусу? Як часта бываюць ускладненні, якога кшталту? Наколькі вопытныя хірургі ў Беларусі ў гэтай сферы? Ці можна вылучыць найбольш вопытных для такой аперацыі хірургаў?

— Каб ацаніць характар хірургічнага ўмяшання, неабходна вас бачыць. Вы можаце звярнуцца, напрыклад, у прафесарска-кансультацыйны цэнтр Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, які працуе на базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння па вул. Макаёнка, 17 у Мінску. Тэлефон для даведак: 265 06 25. Вам неабходна папытацца пра кансультацыю спецыялістаў кафедры сківічна-тварнай хірургіі. Можна пракансультавацца як непасрэдна ў загадчыка кафедры — Аляксандра Сяргеевіча Арцюшкевіча, так і ў іншых спецыялістаў кафедры.

— Мая дзяўчына лечыцца ў стаматалогіі «Медыцынская ініцыятыва» па вул. Чырвонай у Мінску. Лечыць верхні карэнны зуб. Першы раз, калі яна прыйшла на прыём, зрабілі здымак двух зубоў — з аднолькавай праблемай. На другім прыёме з аднаго зуба выдалілі нерв і паставілі часовую пломбу. Калі першую часовую пломбу выдалілі і пачысцілі тры каналы, паставілі другую часовую пломбу. Гэта каштавала 580 тысяч рублёў. Пасля высветлілася, што неабходна прыйсці яшчэ і замест пломбы паставіць «каронку»... Усё гэта будзе каштаваць 1,7 млн рублёў. Узнікаюць пытанні. Чаму лечачы ўрач адразу не сказаў, колькі павінна быць працэдур і колькі гэта будзе каштаваць? Ці лічацца дзеянні ўрача неправамернымі ў дачыненні да пацыенткі з-за недастатковага інфармавання? Калі арганізацыя такім чынам «разводзіць» кліента, то якія меры прымаюцца ў такім выпадку?

— Падчас звароту ў камерцыйны медцэнтр на кожнага пацыента заводзіцца стаматалагічная амбулаторная картка. На прыёме ва ўрача ротавую поласць павінны агледзець, запісаць зубную формулу, пры неабходнасці правесці рэнтгенаўскае даследаванне. Далей урач складае план лячэння пацыента. План лячэння растлумачваецца пацыенту, падпісваецца і ўрачом, і пацыентам. У плане лячэння ёсць і такі запіс: «Я меў (мела) магчымасць задаць усе цікавыя для мяне пытанні і атрымаць неабходную вычарпальную інфармацыю». Акрамя таго, пацыент падпісвае «папярэднюю згоду на медыцынскае ўмяшанне». Што да звароту ў выпадку, калі пацыент застаўся незадаволеным медыцынскім абслугоўваннем, то ў першую чаргу для высвятлення сітуацыі неабходна звяртацца да кіраўніцтва лячэбнай установы — галоўнага ўрача паліклінікі або дырэктара медцэнтра, іх намеснікаў.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.