Вы тут

ВАКЦЫНА... АД РАКУ


Падкажыце, для чаго неабходны скрынінг па раку шыйкі маткі? Ці сапраўды кожнай жанчыне варта з мэтай прафілактыкі менавіта гэтага захворвання кожны год праходзіць агляд у гінеколага?

Кацярына, г. Мінск».

Акушэр-гінеколаг кабінета паталогіі шыйкі маткі 25-й цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Гузэль ШЫНКЕВІЧ:

— Штогод у свеце дыягнастуецца каля 500 тысяч новых выпадкаў раку шыйкі маткі, і штогод ад яго гінуць каля 230 тысяч жанчын. Такому захворванню заўсёды папярэднічаюць перадпухлінныя змяненні эпітэлію, якія называюцца дысплазіямі. Рак шыйкі маткі звычайна развіваецца павольна — на працягу некалькіх гадоў, хоць ёсць і выпадкі, калі яго развіццё працякае досыць бурна. Пры адсутнасці лячэння дысплазія прагрэсуе ад лёгкай формы да ўмеранай і цяжкай. Цяжкая ступень дысплазіі не выключае ўнутрыэпітэльнага раку. Гэта ранняя стадыя неінвазіўнага раку патрабуе лячэння ў гінеколага-анколага.

Рак шыйкі маткі — захворванне, якое можна папярэдзіць, калі яно выяўлена на стадыі перадраку або на ранняй стадыі раку.

Для ранняй дыягностыкі гэтай паталогіі прымяняецца цыталагічны скрынінг, або тэставанне ўсіх жанчын, у якіх сімптомы могуць не праяўляцца. Скрынінг прызначаны для выяўлення перадракавых змяненняў. Дзякуючы гэтаму рак шыйкі маткі можа быць выяўлены на самых ранніх стадыях і поўнасцю вылечаны. Скрынінг забяспечвае дастатковую абарону, калі паўтараецца рэгулярна. Ён павінен праводзіцца штогод пасля першага сексуальнага кантакту.

Жанчынам, у якіх падчас скрынінгу выяўлены парушэнні, неабходна далейшае назіранне, абследаванне і лячэнне. Прымяняюцца метады паглыбленага даследавання — пашыраная кальпаскапія, гісталагічнае даследаванне, пацвярджэнне наяўнасці ДНК віруса папіломы чалавека (ВПЧ) у цэрвікальным эпітэліі. Роля вышэйзгаданага віруса ва ўзнікненні дысплазій і раку шыйкі маткі даказана: звыш 90 працэнтаў выпадкаў захворвання выклікана менавіта гэтым вірусам. Існуе звыш 100 тыпаў ВПЧ, і каля 15 з іх выклікаюць утварэнне атыповых клетак цэрвікальнага эпітэлію. Пазней гэтыя клеткі могуць прагрэсаваць у ракавыя.

ЖАНЧЫНЫ ЧАСТА ЗАДАЮЦЬ ПЫТАННЕ: ЦІ ЗАЎСЁДЫ ТРЭБА ЛЯЧЫЦЬ ІНФЕКЦЫЮ, ВЫКЛІКАНУЮ ВІРУСАМ ПАПІЛОМЫ ЧАЛАВЕКА? НЕ. ЛЯЧЭННЕ НЕАБХОДНА ТОЛЬКІ Ў ВЫПАДКУ ВЫЯЎЛЕННЯ ЎРАЧОМ ПАТАЛАГІЧНЫХ ЗМЯНЕННЯЎ НА ШЫЙЦЫ МАТКІ ПРЫ ЦЫТАЛАГІЧНЫМ ДАСЛЕДАВАННІ І (АБО) КАЛЬПАСКАПІІ.

Большасць жанчын пасля інфіцыравання пазбаўляецца віруса на працягу 6 месяцаў — максімум года. Яны могуць нават не ведаць, што ў іх была гэтая інфекцыя.

Верагоднасць інфіцыравання ВПЧ павялічваецца пры наяўнасці наступных фактараў:

1. Ранні пачатак палавога жыцця, калі клеткі эпітэлію шыйкі маткі з'яўляюцца няспелымі, а таму схільныя да пранікнення віруса.
2. Наяўнасць многіх палавых партнёраў, сексуальных кантактаў.
3. Адсутнасць выкарыстання механічнай кантрацэпцыі — прэзерватыва.

Даказана, што вельмі эфектыўным метадам прафілактыкі з'яўляецца вакцынацыя. Паводле даследаванняў, калі масава вакцынаваць усіх жанчын, то праз 50-60 гадоў можна будзе наогул забыцца на рак шыйкі маткі. Вакцынацыя рэкамендуецца дзяўчынкам, пачынаючы з 12 гадоў, аднак праводзіцца ў любым узросце да 50-55 гадоў. Вакцынацыя праводзіцца ў тры этапы на працягу 6 месяцаў. Прэпарат уводзіцца ў арганізм з дапамогай унутрымышачнай ін'екцыі.

Такім чынам, становіцца зразумелым, што канцэпцыя скрынінгу ў ахове здароўя — актыўнае выяўленне хваробы або прыкмет магчымага яе з'яўлення ў людзей, якія лічаць сябе здаровымі. І гэта вельмі дзейсны інструмент у прафілактыцы раку.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».