Вы тут

«ГРЫБНАЯ РАДАСЦЬ-2», альбо А вы збіралі чырвонагаловікі... бегма?!


Калі летась я напісала пра збіранне чарніц ва ўмовах «канкурэнцыі», а «Звязда» той матэрыял надрукавала, дык пасля я дужа шкадавала, што не даслала працяг. Але гэтым разам вырашыла не ўпускаць такой магчымасці. Ахвоты паддало з'яўленне ў «Звяздзе» за 5 верасня майго допісу пра грыбы. А літаральна напярэдадні выхаду гэтага нумара «грыбная эпапея» працягнулася ў тым самым лесе, ды яшчэ якім неверагодным чынам! Вось цяпер былі сабраны сапраўды цэлыя вёдры чырвонагаловікаў! А на папярэднія фотаздымкі дваццаці аднаго грыба я і сама пазірала ўжо з усмешкай...

Але напачатку — зноў пра ўспаміны, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да грыбной гісторыі. У нашай сям'і лічаць: тое, што наша, нам і застанецца. Пры любых умовах. У дачыненні да грыбоў гэта дзейнічае так (і ўжо шмат гадоў: колькі б людзей ні прайшлося па «нашых» грыбных мясцінах, з пустымі рукамі мы ніколі не вернемся! І размова ідзе не пра адзін-два грыбкі на дне вядзерца... «Норма» была заўсёды! Вось пройдзе іншы грыбнік, а ты ідзеш за ім літаральна след у след і... падымаеш баравікі. Прычым не скажаш, што ён — разява... Проста «наша — нам» насамрэч працуе.

1378768176351_10-24

...Гэтым разам у мясціны, дзе «водзяцца» чырвонагаловікі, выправіліся па абедзе — зранку былі неадкладныя справы. Зразумела, што і іншыя аматары грыбоў таксама ўжо не спалі ў шапку! Літаральна ў самым пачатку лесу мы згледзелі веласіпед. А вось яго ўладальніка нідзе не было відаць.

Супакоіўшы сябе тым самым, звыклым «наша — нам», разыходзімся з татам у розныя бакі, імкнучыся, каб пад нагамі не хрусцелі галіны. Гэта досыць цяжка, бо лаўжоў і буралому пасля ўраганаў мінулых гадоў у лесе — процьма! Цікава, што і некаторыя чырвонагаловікі аблюбоўваюць менавіта «звалку галін»...

Сёння першы грыб — мой! Ага, працягваюць расці. Гэта прыемна. Так атрымалася, што падчас паходаў па грыбы ў гэтыя мясціны я раблюся спецыялістам па маленькіх чырвонагаловіках, у асноўным іх «цягаю», а тата — па вялікіх.

Гэтак жа складвалася і ў гэты дзень. Я натрапіла на адпаведны «пятачок», на якім, нягледзячы на чырвонае лісце, апалае з дрэў, добра былі відаць грыбы. Хаця сітуацый, падчас якіх здалёк прымаеш ліст за грыб, таксама хапала...

Сыходзіць з той мясцінкі не хацелася, ды тата пачаў настойліва клікаць да сябе. Іду на голас — і бачу побач з ім уладальніка веласіпеда.

Той зазначае: «Во, пайшлі чырвонагаловікі! А дагэтуль не было!» Ага, значыць, і ён даўно ўжо аблюбаваў гэты ўчастак лесу... Затым грыбнік кажа, што аднёс ужо сабранае да веласіпеда і ідзе па грыбы другі раз. Дзівак чалавек! А раптам хто возьме пакінутае?! Гэта ж не ў машыне замкнуць...

А тата, аказваецца, клікаў мяне, каб паказаць, як растуць на невялікай адлегласці пяць вялікіх прыгажуноў. Але, пачуўшы набліжэнне канкурэнта, хуценька іх зрэзаў. Непадалёк знайшла яшчэ аднаго — ладнага — і я...

Так мы і шпацыравалі па лесе ўзад ды ўперад, «прачэсваючы» мясцовасць. Пакеты паціху напаўняліся. Цікава, што ў гэты дзень чырвонагаловікі знаходзіліся не па адным, а па тры адразу! Тата нават адшукаў некалькі старых баравікоў. Павесіў на дрэва — няхай споры рассявае вецер. Натрапіў і на адзін добры. А я і ўвогуле знайшла цуд — два баравічкі, якія зрасліся бакамі. Ух ты! Абсалютныя блізняты! Шкада толькі, што аказаліся трохі чарвівымі. Але ж затое любавалася я імі ў пакеце, пакуль хадзіла па лесе!

Чамусьці ўвесь час атрымлівалася так, што наш «калега» ішоў паперадзе, куды ні звярні. А напачатку ён сабраў ладную колькасць чырвонагаловікаў акурат на ўзлеску! Вось і далёка ад лясной утравянелай дарогі адыходзіць нікуды не трэба... Дзіва, ды і толькі!

Падняла там некалькі грыбоў і я.

Затым мы з татам вырашылі перайсці ў другое па ліку «наша» месца. Вой-ёй! Што пачалося! Ды тут жа ніхто і не быў! Чырвонагаловік, яшчэ адзін, і яшчэ... Паглыбляюся ў лес... О, вунь грыб! А там — другі. А там — трэці.

У літаральным сэнсе разбягаюцца вочы!!! Хутчэй, хутчэй зразаць! Бегма — ад аднаго да другога, па дарозе клічучы тату...

Калісьці, яшчэ малой, накіраваўшыся ў лес з мамай і старэйшым братам, на нашай грыбной паляне я згледзела пяць вялізных чырвонагаловікаў. Бегала ад аднаго да другога, паспешліва зразаючы. А пасля на ўсёй хуткасці панеслася да сваіх, хаваючы «здабычу» за спіною, каб пасля ўрачыста прадэманстраваць «букет» чырвонагаловікаў!

Гадоў трыццаць прамінула з таго часу. А я ўсё гэтак жа (у сваім узросце!) — бегма па грыбы.

І гэтым разам у адным месцы іх было не пяць, а дваццаць! Прызнаюся шчыра: ніколі ў жыцці яшчэ так не «палявала». Ух, горача! І цяжка насіць «здабычу»...

А наперадзе — такія прыгожыя грыбныя мясціны! Зноў разыходзімся ў розныя бакі. І зноў літаральна «скачуць», каб трапіць у поле зроку, чырвонагаловікі. Рознага памеру — маленькія, сярэднія, вялікія. Так, пакеты (іх у руках ужо — два) — на зямлю. І — што?!

Правільна, ад аднаго да другога грыба — бегма, клічучы тату і гучна здзіўляючыся кожнай новай знаходцы, якая, здаецца, імгненна «вырастае» пад рукамі.

У пакетах месца няма. У чаканні таты з яго вялізным пакетам «складзірую» ў кучку. Уф! Дваццаць чатыры штукі — за пяць хвілін бегу. І — мокрая, што мыш! Цікава, колькі грамаў вагі скінула?!

З цяжкай ношай накіроўваемся да дачнай сядзібы. Там перакладваем грыбы ў вёдры, звыкла загружаем машыну бульбай, памідорамі, цыбуляй ды часнаком. Тэхніка «брыкаецца», але цягне.

А дома мама ў вялікім здзіўленні бярэцца за шчокі! Усё бачыла ў сваім жыцці. У дзяцінстве ў роднай вёсцы Яўкіна, што на Смаленшчыне, па столькі цягалі яны з братамі ды іншыя вясковыя дзеці баравікоў. А вось чырвонагаловікі ў такой колькасці і яна бачыць упершыню.

Так, машыну — у гараж, грыбы — на стол, самі — вакол, з нажамі. «Ашкурваем» ножкі, рэжам іх і шапачкі, кідаем у падсоленую ваду. І зноў — практычна ніводнага чарвівага грыба! Толькі пагрызеныя слімакамі трапляюцца. Але гэта — дробязі жыцця. Выразаем...

Рукі так і мільгаюць, бо справа рухаецца да ночы. Але за дзве гадзіны ўтраіх — справіліся! Крыху прамыць, адварыць, пасаліць — і ў каструлях на лоджыю да заўтра. А пасля — даварыць, закруціць і замарозіць. Вось толькі дзе знайсці столькі месца ў лядоўні, калі там — запас ягад на ўсю зіму?!

...Ледзь не цэлую ноч я «бегала» па грыбах, а тады іх «ашкурвала»! І ў сне яны мяне не адпускалі...

Святлана АДАМОВІЧ.


Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».