У Шумілінскім раёне адбыўся абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Месцам правядзення цікавых і часам вясёлых спаборніцтваў стала Обальская сярэдняя школа. За перамогу змагалася каля 20 сем'яў — пераможцаў рэгіянальных этапаў конкурсу.
Каб было зразумела. наколькі гэта праект папулярны, адзначу, што ў Прыдзвінскім краі ў рэгіянальных этапах конкурсу прыняло ўдзел каля 150 сем'яў. Цікава, што сярод прэтэндэнтаў на «залаты медаль» былі і тыя, хто мае па 5-6 дзетак.
Пасля беларускамоўнага прывітання ўдзельнікі нарыхтоўвалі дровы і з ювелірнай дакладнасцю іх складвалі. Разыначкай сёлетняга «Уладара» стаў конкурс «На ўсе рукі майстар», падчас якога мужчыны вязалі... венікі для лазні. У вёсках сакрэт гэтага ўмення перадаецца ад бацькі да сына, з пакалення ў пакаленне. І аматары лазні добра ведаюць, што ад якасці венікаў шмат залежыць. Калі венік зроблены, так бы мовіць, на вышэйшым узроўні, лёгкай будзе і пара...
Вызначыць лепшых «коннікаў» атрымалася дзякуючы выпрабаванню па запраганні і распраганні каня — у конкурсе «Святочны воз»
. Ну, і якое свята можа абысціся без «брэнда» нашай краіны — бульбы? Конкурсы «Бульбаш» і «Сялянскія прысмакі» сталі чарговымі выпрабаваннямі для ўдзельнікаў. Неабходна было не толькі «здабыць» бульбіны, але і прыгатаваць з іх самыя смачныя дранікі. Якасць апошніх змаглі ацаніць не толькі члены журы, але і ўсе ахвотныя.
Абласны этап праекта стаў сапраўдным падарункам як для сем'яў-удзельніц, так і для мясцовых жыхароў. Апошнія шчыра падтрымлівалі канкурсантаў бурнымі апладысментамі і плакатамі...
Пераможца Віцебскага абласнога этапу конкурсу — сям'я Віталя і Надзеі Кулаковых з Лёзненскага раёна — будзе змагацца за першае месца ў фінальным этапе з «уладарамі» з іншых абласцей. Ужо па традыцыі фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага свята «Уладар сяла» пройдзе ў рамках рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Нагадаю, сёлета гэтае свята праводзіцца ў горадзе Жлобіне Гомельскай вобласці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.