Вы тут

Тут ён раскрыў крылы...


11 верасня спаўняецца 75 гадоў з часу адкрыцця Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку — першай музейнай установы ў Беларусі, прысвечанай канкрэтнай асобе. З гэтай нагоды на пытанні «Звязды» адказвае дырэктар музея, аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў пра гісторыю Навагрудчыны і яе славутых ураджэнцаў Мікалай ГАЙБА.

— І сёння ў даследаваннях пра Міцкевіча падаюцца два варыянты мясцін, дзе Адам нарадзіўся: горад Навагрудак і фальварак Завоссе. Якое ж месца ў гэтай «спрэчцы» займае дом-музей?

— Дом быў пабудаваны бацькам Адама Міцкевіча ў 1806-1807 гадах. У ім сям'я Міцкевічаў жыла да 1812 года — да смерці бацькі паэта. Пасля сям'я пакідае гэты дом, бо не было сродкаў яго ўтрымліваць, і пераходзіць жыць у флігель, які стаяў на пляцы. Пасля смерці маці 9 кастрычніка 1820 г. дом атрымалі ў спадчыну чатыры браты: Францішак, Адам, Аляксандр і Ежы Міцкевічы. Гаспадаром стаў Францішак, браты ж раз'ехаліся: Аляксандр меў юрыдычную практыку ў Кіеве, Ежы, медык, знаходзіўся на Валыні, Адам быў высланы ў Расію. Францішак жыў у Навагрудку да выбуху паўстання 1830 года. Ён удзельнічаў у паўстанні, за што ў 1833 годзе яго маёмасць, у тым ліку і дом, была канфіскавана і затым прададзена. Шмат разоў дом пераходзіў з рук у рукі. Новыя гаспадары ставілі ўласную мэблю, посуд...

У 1863 г. згарэў драўляны флігель, а ў 1881 г. агонь знішчыў сам дом. Праз некалькі гадоў яго адбудавалі. Знешні выгляд будынка быў зменены. У верасні 1938 г. тут адкрылі музей.

1378843632229_11-13

— Як ён ствараўся?

— Навагрудчане і раней спрабавалі ўвекавечыць памяць аб сваім славутым земляку. Навагрудскі павятовы рэўкам 16 верасня 1920 г. выдаў загад аб утварэнні ў доме, дзе жыў Адам Міцкевіч, музея або бібліятэкі яго імя. Аднак працягвалася польска-савецкая вайна, і ўжо праз два тыдні ў горад увайшлі польскія войскі.

Рэальна дом-музей быў створаны ў 1930-я гады намаганнямі «Міцкевічаўскага камітэта» — добраахвотнага навуковага таварыства пад кіраўніцтвам мясцовага ваяводы. 28 чэрвеня 1931 г. на былым доме Міцкевічаў была ўсталявана мемарыяльная дошка з надпісам (на польскай мове): «Тут на заранку жыцця раскрыў крылы для паэтычнага ўзлёту Адам Міцкевіч». Праз 5 гадоў у флігелі размясцілі невялікую часовую экспазіцыю будучага музея. Адкрылі яго 11 верасня 1938 года, першым дырэктарам стаў Уладзіслаў Ляруй.

З усталяваннем у Заходняй Беларусі савецкай улады пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 3 снежня 1940 г. дом-музей быў узяты пад ахову дзяржавы і перайшоў у распараджэнне Народнага камісарыята асветы. Бюджэтам на 1941 г. выдаткоўваліся неабходныя сродкі на рамонт, абсталяванне і афармленне дома-музея і флігеля, прадугледжвалася стварэнне бібліятэкі.

У даваенным музеі знаходзіліся памяткі пра Марылю Верашчака: старасвецкі куфар, абкаваны масіўнымі абручамі, люстэрка, шаль і крыж, які вісеў у яе спальні, розныя фотаздымкі. У музеі былі судовыя акты бацькі і дзеда, напісаныя гусіным пяром, лісты Адама да сяброў і Марылі, некалькі кніжак з хатняй бібліятэкі ў Парыжы. Але гэтыя і іншыя экспанаты не захаваліся: у чэрвені 1941 г. дом-музей быў разбураны нямецкай авіябомбай.

— І што ўяўляе цяпер музейная калекцыя? Якія экспанаты лічыце найбольш каштоўнымі?

— У пасляваенныя гады да 100-годдзя з дня смерці паэта дом-музей адбудавалі ў даваенным выглядзе. Рашэнне аб аднаўленні музея было прынята Навагрудскім Саветам дэпутатаў працоўных у 1948 г. Экспазіцыя грунтавалася на матэрыялах, дасланых з музея Адама Міцкевіча ў Варшаве, а таксама з іншых устаноў Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны.

Урачыстае адкрыццё адбудаванага дома-музея адбылося 26 лістапада 1955 года. А новая, цяперашняя экспазіцыя ў пяці пакоях галоўнага будынка адкрылася 25 мая 2001 г. — з удзелам прапрапраўнука паэта Рамана Гарэцкага-Міцкевіча. Першыя тры залы (дзіцячы і гасцінны пакоі, кабінет бацькі) нагадваюць інтэр'ерам дом сям'і Міцкевічаў. Можна ўбачыць гадзіннік, які стаяў у віленскім пакоі Адама Міцкевіча ў 1822 г., акуляры, падараваныя яму рускімі сябрамі, камінную заслонку з былога палаца Храптовічаў у Шчорсах, столікі і крэслы з Туганавіч, дзе жыла Марыля Верашчака. Сярод іншых рэчаў, звязаных з Міцкевічам і яго акружэннем, — прадметы мэблі і сталовага посуду, раяль, веер, гадзіннікі першай паловы ХІХ ст., матэрыялы з раскопак на радзіме паэта ў Завоссі, яго кнігі, рукапісы, партрэты сяброў і знаёмых. Паказваем таксама бронзавую мадэль помніка Адаму Міцкевічу ў Парыжы (адзіны экспанат, які захаваўся з даваеннага музея), гранітную пліту з бюстам паэта (Варшава, 1900), заказаную яго старэйшай дачкой Марыяй.

Сёння ў музейных фондах знаходзіцца 9 прыжыццёвых выданняў твораў Міцкевіча, 120 старадрукаваных кніг, рукапісы твораў беларускіх і замежных паэтаў, пісьменнікаў, калекцыя жывапісу і графікі, фота- і фонадакументаў. Маем пераклады твораў Міцкевіча на розныя мовы свету. Нядаўна гэтая калекцыя папоўнілася паэмай «Пан Тадэвуш» у перакладзе на кашубскую і на азербайджанскую мовы, а таксама зборнікам твораў Ю. Славацкага, выдадзеным у 1930-х гадах, сучаснымі манаграфіямі польскіх даследчыкаў паэм «Пан Тадэвуш» і «Дзяды».

— Наколькі запатрабаваны музей наведнікамі?

— Штогод мы сустракаем да 20 тысяч чалавек, праводзім звыш 500 экскурсій на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах. Ладзім літаратурна-музычныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі, выставы, батлеечныя спектаклі.

Летась у Маскве выдадзены ў супрацоўніцтве з нашым музеем часопіс «Усадьба Мицкевичей в Новогрудке» (32 старонкі фармату А4, тыраж 100 тысяч экзэмпляраў), дзе змешчана каля 30 каляровых фотаздымкаў. Часопіс распаўсюджваецца ў краінах СНД, неўзабаве гэты выпуск можна будзе набыць у кіёсках «Белсаюздруку».

— Відаць, што 75-гадовы юбіляр не цураецца новых музейных тэхналогій ...

— Так, мы маем свой сайт у інтэрнэце, старонкі музея створаны ў сацыяльных сетках. З мінулага года на нашым сайце прапануем наведнікам здзейсніць віртуальнаепадарожжа па музеі — 3D-панарамы. Для іх зручнасці мы хацелі б мець і мультымедыйнае абсталяванне, каб кожны змог паглядзець фільмы пра Адама Міцкевіча, паслухаць песні на яго вершы (яны ёсць у нашых фондах), пашырыць інтэрактыўны доступ да нашых музейных прадметаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».