Вы тут

Апошні смяецца ці плача?


Тэатральны фестываль у Брэсце адкрыўся на высокай ноце. Паспяховай работы яму пажадалі губернатар Брэстчыны Канстанцін СУМАР і міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ. Таму што брэсцкі фэст — знакавая падзея ў культурным жыцці краіны. І не толькі. За мяжой ён набірае ўсё большыя вядомасць і папулярнасць: дзве сотні тэатраў сёлета выказалі жаданне прыехаць у Брэст. У сваёй кароткай прамове на адкрыцці ХVІІІ фестывалю Канстанцін Сумар выказаў упэўненасць, што будзе і дваццаты, і саракавы міжнародныя фестывалі, і брастаўчане ўсё для гэтага зробяць.

Праграму свята Мельпамены адкрыла пастаноўка тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» «Хто смяецца апошнім» — па хрэстаматыйнай п'есе Кандрата Крапівы. І хоць спектакль не заслужыў асаблівай пахвалы крытыкаў, бо гэта не зусім фестывальны спектакль, але ж на суд гледачоў была вынесена, несумненна, работа добрая і якасная. Варта ўлічваць, што камедыю Крапівы ўсе ведаюць са школьнай праграмы. Для свайго часу твор быў даволі смелы, у ім выкрываліся прыстасаванства, падхалімства, баязлівасць, пляткарства. Рэжысёр зрабіў гэту п'есу дзеяй без часу. І калі у першых сцэнах героі выходзяць у даваенным адзенні, то потым пакрой касцюмаў мяняецца, як бы сціраючы рамкі эпох. Гэта спасцігаеш паступова. Напрыклад, напачатку маю ўсмешку выклікала газета «Звязда», што нязменна тырчала з партфеля прафесара Чарнавуса, бо была яна... цяперашняя, каляровая, купленая ў бліжэйшым кіёску. Потым становіцца зразумела, што газета наша, разам з іншымі элементамі сцэнаграфіі, — масток прамежкам амаль у стагоддзе. Нічога не змянілася, праблемы засталіся. І ў апошняй дзеі, калі парторг Левановіч вядзе сход у джынсах, а сакратарка Зіна Зёлкіна канспектуе з дапамогай ноутбука, перад намі паўстаюць гарлахвацкія і зёлкіны нашага часу. А фінал... Усе мы памятаем, як прынцыповы парторг выкрывае аферы ілжэвучонага і прайдзісвета, як бліскуча выступае Чарнавус, як праўда бярэ верх над хлуснёй і апошнімі смяюцца сумленныя людзі. І тут спачатку ўсё ідзе так, сакратар парткома выклікае сімпатыю дасціпнасцю і партыйнай прынцыповасцю... пакуль яму не тэлефануюць на мабільны і не аддаюць загад. І тут раптам усё мяняецца кардынальна. З палёгкай смяецца Гарлахвацкі і кліча калег на банкет.

1378935521976_12-38

Ад ігры акцёраў глядач атрымаў асаблівае задавальненне, як і ад пастаноўкі Гродзенскага абласнога тэатра лялек «Пікавая дама». Нездарма ж гэты спектакль уганараваны столькімі прэміямі і дыпломамі. Да іх можна дадаваць яшчэ і яшчэ — ну, напрыклад, за радасць асалоды ад прагляду. Пастаноўка Алега Жугжды на скрыжаванні двух класічных варыянтаў — аповесці Пушкіна і оперы Чайкоўскага — зачаравала літаральна з першых хвілін і трымала ў сваім магічным асяроддзі да апошняй сцэны. Гледача прымусілі сачыць за дзеяй, не адрываючыся ні на імгненне, стараючыся не ўпусціць дэталі і дробязі. Лялькі і людзі ў спектаклі становяцца адным цэлым, а пушкінская «Пікавая дама» — наскрозь драматычны твор — падаецца нечым лёгкім і нават вясёлым, як добрая казка. Бо для некаторых трагічных персанажаў Пушкіна рэжысёрам прыгатаваны іншы фінал. Напрыклад, Лізанька не тоне ў халодных водах Нявы, яе ратуюць добрыя і надзейныя рукі. Справа нават не ў сюжэце, а ў ігры акцёраў, віртуознай і велічнай.
Чаканым быў спектакль тэатра «Школа драматычнага мастацтва» з Масквы паводле паэмы Лермантава «Мцыры». І чаканні гледача не падманулі. Нам паказалі аўтарскі тэатр, смелае вырашэнне паводле класічнага твора. Як і было заяўлена, спектакль увасоблены ў стылі, які злучае кантактную імправізацыю, баявыя мастацтвы і танец. Мабыць, усе памятаюць шчымлівую гісторыю юнака Мцыры, які вырас у сценах манастыра і ў іх жа мусіць завяршыць сваё маладое жыццё. Аднойчы ён спрабаваў уцячы адсюль, адчуць свабоду, але спроба аказалася няўдалай...
Сыграць трагедыю юнай душы на мове пластыкі і танца вельмі складана, але гэта ўдаецца творчаму тандэму. І калі пасля спектакля ў першых радах гледачоў горача апладзіраваў масквічам Генеральны консул РФ у Брэсце Мікіта Маткоўскі, падумалася, што ён выражае агульны глядацкі настрой.

***

Сёлетні фэст цікавы тым, што яго складаюць не толькі ўласна тэатральныя пастаноўкі. Праходзяць публічныя чыткі п'ес, майстар-класы вядомых дзеячаў тэатра. Так, рэжысёр Кшыштаф Гарбачэўскі і відэамастак Роберт Млечка, стваральнікі спектакля Старога нацыянальнага тэатра у Кракаве «Партрэты польскіх каралёў», далі майстар-клас. А вось сам спектакль іх атрымаў неадназначныя водгукі. Шмат людзей прыйшло і на майстар-клас маскоўскага рэжысёра Канстанціна Мішына.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.