Вы тут

ПАРТРЭТЫ Ў ПРАМЯНЯХ НОЧЫ


Сярод літаратуразнаўцаў здаўна распаўсюджана думка, што адмоўныя персанажы атрымліваюцца ў пісьменнікаў значна лепш, чым станоўчыя... Таму здзівілася, прачытаўшы наступную анатацыю: «Кніга «Імёны» з'яўляецца ў нейкім сэнсе антыподам папярэдняй кнізе Глобуса «сУчаснікі», бо замест гратэскных герояў у фацэцыях тут старанна выпісаны ўрачыстыя партрэты вядомых людзей».
Як ні круці, але пісьменнік Адам Глобус — вядомы майстар літаратурных шаржаў. Нават самыя светлыя людзі ў яго атрымліваюцца з чарвяточынкай, хаця б таму, што іх выявы знаходзяцца пад адной вокладкай з тымі, хто далёкі ад дасканаласці. Таму цалкам заканамерна з майго боку было сумнявацца ў тым, што такі чалавек, як Глобус, здатны стварыць «парадны партрэт».

Але сумневы мае былі абсалютна дарэмнымі. Праўда, да заяўленых самім аўтарам у адным з інтэрв'ю «станоўчых герояў» героі Глобуса ўсё ж не дацягвалі, аднак смерць большасці насельнікаў гэтай кнігі, безумоўна, дадала іх постацям сур'ёзу і ўрачыстасці. Больш за тое, я не пабаюся сцвярджаць, што, нягледзячы на наяўнасць у кнізе некалькіх эсэ пра яшчэ жывых людзей («АЛЕГ. Словы пра выкладчыка Алега Хадыку», «ГЕН. Словы пра мастака Гену Хацкевіча-Мінскага»), галоўнай гераіняй у кнізе ўсё ж з'яўляецца Смерць.
Менавіта яна выбірае ракурс, з якога пісьменнік распавядае пра тых, каго ведаў.
Натуральна, пры жыцці Караткевіча ніхто б не стаў пісаць пра яго запойнае п'янства, пра спробу самагубства і розныя іншыя рэчы, якія не цягнуць на «ўрачысты партрэт» і наогул не ў нацыянальнай традыцыі ўспамінаў пра класікаў. Але трэба прызнаць, што класік беларускага неарамантызму, які караскаецца па лесвіцы на ўсіх чатырох канечнасцях, хоць і далёкі ад «параду», але і агіды не выклікае. Наадварот, ён сімпатычны якраз сваёй прыземленай чалавечнасцю.
Усё, напісанае пра Караткевіча Глобусам, чытаецца проста на адным дыханні — бо тут і асабісты кантакт, і спачуванне, і веданне пісьменніцкага асяродку: сяброў, суседзяў, сям'і. І, безумоўна, гэта цікава як адлюстраванне проста ўнікальнага збегу абставін. Бо каму з нас давялося жыць з класікам у адным пад'ездзе, ды яшчэ і ў розныя часы, ды яшчэ і ў розных дамах? Уражвае, што Уладзімір Караткевіч, яшчэ не ведаючы пра тое, што суседскі хлопчык Валодзя Адамчык вырасце ў пісьменніка Адама Глобуса, папрасіў напісаць пра сябе праўду... Здаецца, яго малады сусед выканаў просьбу проста выдатна, хоць, вядома, чытачы не былі б супраць, каб гэтыя ўспаміны былі больш разгорнутымі. Усё ж асабістае жыццё пісьменнікаў — матэрыял малавядомы, таму для разумення некаторых момантаў не зашкодзіў бы каментар.
Папрасіла аўтара напісаць пра сябе і мастачка Люда Русава. У эсэ пра яе — зусім іншая танальнасць, чым у аповедзе пра Караткевіча. Гэта ўжо не столькі ўспамін, колькі поўны трагічнага пафасу роздум над лёсам маргінальных мастакоў. Глобус паказвае Русаву як чалавека, якога не цікавіла жыццё без мастацтва і па-за мастацтвам. Нават смерць ёй бачылася творчым здзяйсненнем... Аднак жыццё і творчасць не заўсёды супадаюць з нашымі ўяўленнямі пра іх. «Таму жыццё Люды Русавай часцяком выглядала бязглуздым, недарэчным, выглядала пластылінавай цацкай. Нібыта яна паспрабавала падужацца з багамі, паспрабавала з тлену вылепіць форму і ўдыхнуць у штучна вылепленае цела жывую пульсацыю. Не атрымалася! Пластылін застаўся сабачым тлушчам».
Нягледзячы на тое, што ўсе творы ў кнізе так ці інакш аб'яднаныя тэмай смерці, у эсэ «Анатоль. Словы пра паэта Анатоля Сыса» яна становіцца да ўсяго сюжэтабудаўнічым стрыжнем. Гэтыя «Словы...» уяўляюць з сябе калаж, знітаваны з некалькіх рознаўзроўневых твораў: кароткіх показак, некралога, верша... Першы тэкст у ім напісаны хутчэй па законах апавядання, чым па законах успамінаў. Падзеі ў ім пачынаюць разгортвацца за некалькі дзён да смерці паэта. Твор мае дзве паралельныя лініі, якія ўвесь час перасякаюцца — у адной памірае паэт Сыс, у другой — у інтэрнэце з'яўляецца лжывая абвестка пра смерць жонкі Глобуса. Пасыл гэтага твора, на мой погляд, палягае ў канстатацыі містычнага ўяўлення пра тое, што смерць людзей геніяльных, апантаных творчасцю, мае адмысловую якасць — цягнуць за сабой іншыя смерці, прынамсі, у адным асобна ўзятым асяродку. Відавочна, што матэрыялам для гэтага твора сталі рэальныя дзённікі пісьменніка, бо падзеі ў ім згадваюцца літаральна не па днях, а па гадзінах і хвілінах, што дадае твору эфект праўдзівасці, непасрэднага судачынення.
Больш пазітыўнымі ўяўляюцца эсэ пра людзей, якіх з поўным правам можна назваць Настаўнікамі, але ўкладаючы ў сэнс гэтага слова розны змест. «САШ. Словы пра таварыша майго, школьнага настаўніка біялогіі — Аляксандра Карпейчыка», «АЛЬГЕРД. Словы пра мастака і настаўніка Альгерда Малішэўскага», «АЛЕГ. Словы пра выкладчыка Алега Хадыку». Творы паказваюць абсалютна розныя чалавечыя характары, абсалютна розныя педагагічныя здольнасці і падыходы... Здаецца, гэтыя постаці аб'ядноўвае толькі асоба аўтара і яго жаданне зафіксаваць адыходзячую пароду беларускіх інтэлектуалаў.
Каб у кнігі быў іншы змест, то варта было б асобна спыніцца на вокладцы — лаканічнай, чорна-шэрай з жоўтым. «Як пахавальны аўтобус», — казалі мы ў дзяцінстве пра такое колераспалучэнне... Але сур'ёзнасць і мемарыяльны характар кнігі ў нейкім плане гэта апраўдваюць, таму абмяжуюся правакацыйнай прапановай наклейваць на вокладку што-небудзь. Усё ж не кожны з нас здатны настолькі пагружацца ў эстэтыку смерці.
Тым больш што ў кнізе хапае і сапраўды забаўных старонак беларускай літаратурнай гісторыі.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?