Вы тут

Жытнёвы звон, калючае ржышча


Уладзімір Ліпскі: Дзённік жніўня

Цяпло жыцця

Уладзімір Ліпскі — уважлівы да жыцця пісьменнік, публіцыст, які тонка ўзіраецца і ў наваколле, і ў сваю ўласную душу. Відаць, гэтымі памкненнямі і выкліканы яго назіранні «жнівеньскага характару». І хаця выходзяць гэтыя старонкі з пісьменніцкага дзённіка ўжо ў верасні, усё ж яны перадаюць настрой лета, нагадваюць пра сонейка, праменьчыкі якога радуюць нас і сёння. А яшчэ нагадваюць нам, усім насельнікам багатай на яркія фарбы прыроды і яркую гістарычную памяць краіны, пра нашых далёкіх і блізкіх папярэднікаў. Пра нашых прашчураў. Пра родныя ваколіцы, гарады і вёскі, што пеставалі і будуць пеставаць нашы характары, нашы сэрцы і душы... І як тут следам за Уладзімірам Ліпскім не паўтарыць радок Пімена Панчанкі: «Калі за лета не ўбачу жыта, зраблюся хворым...»

Жнівень і жыта.
Жнівень і лівень.
Жнівеньскія росы — пахадзі па траве босы.
У жніўні — мядовы і яблычны Спасы, рыхтуй на зіму запасы.
Пад жнівеньскімі промнямі наліваюцца чырванню брусніцы, журавіны. Набіраюцца моцы жалуды, арэхі. Вытыркаюцца з зямлі грыбы — спажыўныя і лекавыя.
Жнівень дае жыццё!
У жніўні — свежа і востра думаецца. Белы палетак паперы міжволі засяваецца ўмалотнымі словамі.

***

Дзіва! Рыжуха аса напала на зялёнага коніка.
Асядлала зладзейка мірнага скакунка і, відаць, пачала яго джаліць. Конік сабраўся з сіламі, разам з асой падскочыў угору.
Рабаўніца ўтрымалася на спіне сваёй ахвяры. А конік зноў падскочыў. Аса захісталася. Ёй ужо не да лугавога танцора, толькі б не зваліцца.
За пятым ці шостым падскокам коніка рабаўніца смешна звалілася на дол. Грымнулася плячыма і кульнулася пад травяную сцяблінку. Стомлены конік прыгарнуўся да іншай травінкі. Адпачывалі. Аддыхваліся.
Конік-пераможца першым узняўся над травой і паскакаў сваім кірункам.
Аса праз нейкі міг паляцела ў іншы бок.
Скажы, жнівень, што гэта было: разбой, нападзенне ці гульня? А можа, стомленая аса захацела пракатацца на жвавым коніку?
У прыродзе, як і сярод людзей, — шмат загадак.

***

Дзеткі, плотачкі і акунькі, заліхвацкі гуляюць на мелкаводдзі. Віляюць хвосцікамі, плаўнікамі, як бы прынюхваюцца, цалуюцца адно з адным.
Чаму ж тады дарослы акунь-гарбун ганяецца за плоткай? Яна, бядачка, ажно вылятае з возера і пікіруе над вадой.
Браточкі, ці не такое ж бывае і ў асяродку Hоmе Sаріеns? Дарослыя людзі ганяюцца адзін за адным, каб укусіць, паставіць падножку, пазайздросціць і пры гэтым выставіць сябе дабрадзеем, змагаром, героем.

***

Ходзяць буслы па жніўю. Даўгалыгія, з чырвонымі нагамі. Дзюбы і вочы шукаюць спажывы.
І ўсплыло далёкае маленства.
Таксама ж, як буслы, сноўдаліся па свежым іржышчы. За плячыма — торбачка з выбеленага палатна. Збіралі каласкі, згубленыя жняяркай. З тых зярнятак Мама ўмудралася варыць кашу, пячы аладкі.
А бегалі мы па жніўю басанож. І ногі нашы рабіліся чырвонымі, як бусловыя. Калючае ржышча вельмі ж смакавала іх.
Прыгадаўся дзядзька Бусел з суседняй вёскі. Малодшы яго сын казаў пра бацьку:
— Ён у нас, што бусел, носіць і носіць дзяцей у хату. Мяне сёмым прыпёр...
На свежае ржышча прызямліліся яшчэ два буслы. Павольна ходзяць, прыпыняюцца, роздумна пазіраюць наўкол. Жытнёвы палетак прыбраны. Чым не аэрадром, адкуль хутка ўзляцяць яны ў вырай?

***

Пусцеюць мае Шоўкавічы.
Там, дзе некалі буйна каласілася жыта, растуць бярозкі, елкі. Сенажаць даўно ніхто не касіў.
На нашым былым агародзе раскашаваўся дуб-волат. Аж захлёбваецца ад зямной спажывы. Яго ўжо і ўтрох не абняць. А верхавінай хутка будзе чапляць дажджавыя хмаркі.
У вёсцы — адна паўнацэнная сям'я — Мікалая і Надзеі Трацэўскіх. Жывуць дачнікі, на лета наязджаюць гарадскія дзеці.
Іду на пагост. Няспешна завітваю да кожнай магілкі. Пазіраюць на мяне былыя касцы, аратыя, жнеі, даяркі, пастухі, леснікі. Кажу ім, што адышла ў нябыт іх эпоха. Косы, сярпы, плугі, бароны, пілы, сечкі, кашы — уся іх зброя здадзена ў музеі, валяецца на сметніках. Не вераць шоўкаўцы ў гэта. Я і сам не хачу паверыць. Хіба можа памерці тая мясціна, дзе сотні людзей нараджаліся, хрысціліся, жаніліся, ставілі на крыло дзяцей?
Зноў іду к свайму дубу. Каля яго — мая альтанка, мая ліпавая алея, маё седала каля новага штыкетніка. На старых граблях — рамка з прозвішчамі шоўкаскіх сем'яў. Усё гэта — мой мемарыял, мая павага да вяскоўцаў. Яны гаравалі і жартавалі, вельмі ж верылі ў нас, Дзяцей. Залатыя мае, даруйце, што мы не выратавалі Шоўкавічы. Нам бы толькі не згубіць памяць.

***

— Братачка, мо будзеш гневацца, але бяда здарылася, — ускочыла ў хату мая сястра Люба.
— Што такое?
— Кот, ліха на яго, залез на дах. Лапай падчапіў тваю нізачку рыбы і ўжо цягнуў на гарышча. Адабрала!..
Супакойваю сястру, і смех мяне душыць: малайчына, катуся, злаўчыўся займець здабычу, але ж не скарыстаў.
Прыгадаўся аўцюк, які хваліўся:
— Ці не паверыш, каласок, у маладосці я адной рукой трактар падымаў.
— Няўжо?
— Ага, падымаў, але не падняў...

***

Вёсачка Дабужа — «таежны тупік» на памежжы Рэчыцкага і Светлагорскага раёнаў. Рака Бярэзіна, лясныя азёры, шчодрыя дубнякі ды бары ахутваюць гэта паселішча. Тут звекавала мая сястра Люба. Тут адвечна жылі Караткевічы, Корбуты, Сыцькі.
Нашчадак Сыцькоў, зялёны парастак радаводу Уладзімір, разам з жонкай Вольгай збудавалі ў Дабужы сваю хату. Працуюць, зарабляюць на хлеб у Светлагорску (ён — інжынер, яна — настаўніца), а душа іх тут, у чароўным прыродным куточку.
Пры ўваходзе ў іх хату вас сустрэне старажытная млынарня — ступа з таўкачом. На сцяне — дарожнае кола і хамут. Пакой, дзе печ, аббіты дубовымі круглячкамі. Гаспадары разводзяць вінаград, буякі, маюць пасеку, гадуюць вожыкаў, смаўжоў, непадалёк у арэшніку растуць лекавыя грыбы «вясёлка», а ў лясной яміне, якая не перасыхае і летам, водзяцца ўюны. Вольга жартуе: «Віламі іх дастаём, а ў возеры рукамі ловім лінёў». Гэтага цуда не бачыў, але быў сведкам, як Вольга вудай лоўка выцягвала з-пад лапушыння тлустых плотак.
Аўра ў маёнтка Сыцькоў прыцягальная. Не хочацца ад іх ні ў які заманлівы горад. І просяцца словы мальбы: «Дзеці вёсак, куды б лёс не занёс вас, не забывайце родныя мясцінкі, дзе зарыты вашы пупавінкі. Шануйце зямельку бацькоў!»

***

Аднекуль занатаваў афарызм: «Зачыненыя дзверы — тое ж, што і адчыненыя, толькі зачыненыя».
Мне здаецца, мы ўсе заўсёды адчыняем-зачыняем адны і тыя ж дзверы, якія вядуць у Жыццё, у свет пазнання і адкрыццяў, роздуму і разваг, дабра і зладзейства. «А ўсё часцей хочацца ўвайсці ў тыя дзверы, праз якія ўпершыню ўбачыў неба, сонца, маміны вочы, адчуў маміну пяшчоту і наталіўся яе гаючым малачком.
У Горвалі, за пятнаццаць кіламетраў ад маіх Шоўкавіч, мама Марыя нарадзіла мяне. Сястра Клава, тады ўжо паненка, прыгадвае цяпер:
— Мы з бацькам на коніку ездзілі забіраць вас. Ехалі ціха па лясной дарозе, хаця б жа не патрывожыць твой сон. Мама нікому не даверыла цябе. Моцна туліла да грудзей шосценькага, апошненькага...
Мясцовы краязнавец, гісторык, ветэран Валерый Сямёнавіч Козыр паказвае мне Горвальскае старажытнае гарадзішча. І раптам прыводзіць да зарасніку акацый, якія раскошнымі дрэвамі ўтыркаюцца ў неба.
Божа! Вось тут стаяла даваенная горвальская бальніца. Тут Мама нарадзіла мяне!
Падаю ў травяны дол, абдымаю, цалую зямлю. Тут я ўпершыню ўбачыў сонца і маю святую парадзіху Марыю. О, Госпад, не дай захлынуцца ад пачуццяў!
Непадалёк ад тых памятных акацый задумліва нясе свае воды Бярэзіна. Яе спакой вартуюць векавыя сосны. Крыху далей — чароўная злучына рэк. Бярэзіна ўпадае ў Дняпро. З новым імпэтам яны кіруюць у бок Чорнага мора.
Дзякуй, жнівень, за такую сустрэчу!

***

Самабытны народны паэт Пімен Панчанка аднойчы натхніўся на верш «Жытнёвы звон». Ігар Лучанок надаў яму меладычныя крылы. Душэўна агучвае гэту песню заслужаны артыст Беларусі Іван Краснадубскі. Слухаю — не наслухаюся. І кожным разам па-новаму трымціць душа.
«Калі за лета не ўбачу жыта, зраблюся хворым...» — гэты поклічны радок Пімена Емяльянавіча суправаджаў мяне ва ўсіх вёсках у жніўні — у Малых і Вялікіх Аўцюках, Сыродзе, Вузнажы, Шоўкавічах, Дабужы, Селішчах, Чарнейках, Сведскім, Горвалі, Берагавой Слабадзе, Мілаградзе, Глыбокім, Старыне...
Жытнёвыя палеткі жніўнем — залатыя. Яны — жывыя парадзіхі, даюць жыццё хлебу, а значыць, нам, людзям. Кожнаму камбайнеру хочацца пакланіцца, перахрысціць яго, блаславіць. Вяскоўцы, як і байцы, — на вайне за ўраджай. Мы, творцы слова, — даўжнікі іхнія. Гэты дакор і парадзіў «калючае ржышча».

***

Адным жніўным днём мы з Толікам вырашылі ажывіць камень. Ляжыць гадамі на мурожным газоне. Счарнелы. Сумны. Як не мый, а фрэнч яго мурзаты.
Агледзелі камень з усіх бакоў і задумалі ўпрыгожыць яго ўсімі фарбамі, якія знойдзем на дачы.
І давай нашы пэндзлікі танцаваць па сонным камені. Натхненнем сталі белая, чырвоная, сіняя, зялёная, карычневая фарбы. А яшчэ — фантазія і няўрымса. Мы ўпрыгожвалі камень, а я тым часам, даводзіў унуку, што такое каштоўны, філасофскі, зубны камень, што азначаюць выслоўі «кідаць каменем, найшла каса на камень, пробны камень, як камень у ваду».
Неўпрыкмет мы прагналі ад каменя сум і халоднасць. І атрымалася з яго незвычайнай прыгажосці божая кароўка. Цяпер яна, лупаценькая, з вялікі павекамі, з крыламі-бусінамі, сустракае нас кожным разам, калі наведваем кветнік. Ганарымся, мы зрабілі нешта прыемнае каменю. Вось каб так заўсёды і ўсюды!
— Толік, — кажу, — мне трэба пра нашу божую кароўку запісаць у блакнот.
— А-а, гэта легкатня, — адказвае мне дашкольнік. — Стукні далонню па галаве і пішы...
Унук дзелавіты пачаў змываць фарбу з рабочых рук.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.