Вы тут

Вялікая вайна — на паштоўках


Сваю першую паштоўку ўладальнік унікальнай калекцыі старадаўніх адкрытак і фотаздымкаў Уладзімір Ліхадзедаў набыў амаль 40 гадоў таму. Разглядваючы на ёй мясціны роднага Полацка, яшчэ хлопчыкам вырашыў: «Буду збіраць паштоўкі!» У хуткім часе дзіцячае хобі перарасло ў справу ўсяго жыцця. Сёння калекцыя вядомага гісторыка і філакартыста налічвае больш за 30 тысяч арыгінальных паштовак і фотаздымкаў. На іх — вайна 1812 года, старажытны Мінск, сінагогі, праваслаўныя і каталіцкія храмы, гарадская і сельская забудова... Асобны раздзел калекцыі прысвечаны Першай сусветнай вайне.

1378935542532_1

— Уладзімір Аляксеевіч, чым абумоўлена ваша ўвага да гэтай тэмы?

— Калі я збіраю паштоўкі і фота, звязаныя з гісторыяй Беларусі, то Першая сусветная вайна — неад'емная яе частка. Прычым абсалютная большасць нямецкіх адкрытак, якіх у мяне шмат, прысвечана гэтай вайне. Больш за 3 гады ў Беларусі стаяў фронт, тут знаходзіліся кайзераўскія войскі. Яны і пакінулі шмат паштовак, старадаўніх фотаздымкаў сучаснай Беларусі, асабліва яе заходняй часткі. А вось Усходняя Беларусь больш бедная ў ілюстрацыйным плане. Дарэчы, гэтыя фотаздымкі вызначаюцца высокай якасцю. І самае цікавае, што фота 1970-х гадоў у параўнанні з імі горшыя.

— Атрымліваецца, што дзякуючы немцам у нас сёння ёсць магчымасць убачыць некаторыя эпізоды той эпохі?

— Ёсць у мяне і рускія паштоўкі, але нямецкіх нашмат больш. Тады ўзровень развіцця фатаграфічнай справы ў Германіі ўсё-такі быў вышэйшым, чым у нас.

Калі мы былі на сваёй зямлі, то немцы — на чужой, таму ўсё новае для іх было ў навіну. Фатаграфавалі краіну, яе жыхароў. Адпраўлялі фотаздымкі дамоў. Вядома, у той час, калі была Першая сусветная вайна, фатаграфія ўспрымалася ўжо не як цуд, але ж усё-такі з'яўлялася незвычайнай з'явай. Не было тэлебачання, інтэрнэту. Таму з дапамогай ілюстрацый немцы расказвалі сваім землякам пра новыя мясціны, паказвалі іншае жыццё.

1378935544186_2

— І як яно выглядала вачыма нямецкага салдата?

— Калі на рускіх паштоўках адлюстраваны толькі буйныя гарады ці больш-менш прыгожыя мясціны, то немцы здымалі ўсё. Беларускія краявіды ў гады Першай сусветнай вайны, асабліва маленькія мястэчкі. Архітэктуру. Шмат фота прысвечана побыту беларусаў. На іх вясковыя жыхары сеюць, аруць, косяць, збіраюць ураджай, пякуць хлеб... Ёсць тут і баявыя дзеянні, акопнае жыццё.

— А што ў перапынках паміж ваеннымі дзеяннямі здымалі расійскія фатографы?

— Расійскія паштоўкі і фотаздымкі былі больш агітацыйнымі. На іх — салдаты царскай арміі, вялікія гарады, помнікі архітэктуры... Выяў маленькіх гарадоў практычна не сустракаецца.

— Магчыма, на такую беднасць у тэматычным плане паўплывала цэнзура?

— Уся тагачасная карэспандэнцыя без выключэння праходзіла цэнзуру. Тычыцца гэта як нямецкага, так і рускага бакоў.

— 15 тысяч паштовак і фотаздымкаў у вашай калекцыі прысвечана Першай сусветнай вайне. Можа, каб аблегчыць сабе працу, вы іх класіфікуеце па падтэмах?

— У маёй кнізе «Беларусь праз фотааб'ектыў нямецкага салдата. 1915—1918 гг.» змешчаны рэпрадукцыі ў наступных блоках: «Гарады», «Мястэчкі», «У тыле», «Фронт», «Брэсцкі мір», «Памяць». Аднак мне зручней класіфікаваць паштоўкі і фотаздымкі ў адпаведнасці з рэгіёнамі, дзе яны былі зроблены.

— А ці заўсёды ўдаецца высветліць геаграфію такога здымка?

— Вядома, не. Добра, калі паштоўка надрукавана ў друкарні. Тады, як правіла, на ёй пазначаны патрэбны адрас. Калі адкрытка фатаграфічная, то і на ёй таксама ёсць падказка — адваротны бок, на якім пазначаны год і мясцовасць. Памылкі тут быць не павінна: звычайна салдаты адпраўлялі фотаздымкі з таго месца, дзе яны былі зроблены. Шмат трапляецца і «чыстых» паштовак. Пашчасціць, калі пэўная мясцовасць табе знаёма. Аднак гэта рэдкасць. Праўда, было і такое, што менавіта па фотаздымку пазнаваў тое ці іншае месца.

— А акрамя адраса, пра што яшчэ распавядае адваротны бок паштоўкі?

— Пра тое ж, што нясуць адрасатам і вашы электронныя лісты, SMS-кі ці MMS-кі. З таго часу нічога не змянілася. Вы з'ездзілі за мяжу — адпраўляеце сваякам ці сябрам фотаздымак. Побач пішаце пра сябе, падарожжа, дзеліцеся ўражаннямі... Так было і раней. Немцам таксама было цікава паглядзець, дзе знаходзіцца іх сын, брат, муж... Звычайныя лісты. Што кожны чалавек можа пісаць сваёй сям'і? Як ён жыве, якія ў яго праблемы, якое цяпер надвор'е... Гэта самае каштоўнае, бо паштоўка не хлусіць.

— Калі паштоўкі і фотаздымкі знайшлі сваіх адрасатаў, то як яны трапілі да вас, фактычна туды, дзе былі створаны?

— Я езджу па ўсёй Расіі, Еўропе і іншых краінах, сустракаюся з калекцыянерамі, у іх і набываю патрэбныя мне работы. Практычна ўсе паштоўкі і фотаздымкі прывезены мною адтуль. Сёння іх становіцца ўсё менш і менш. Прычым цяпер іх можна набыць у інтэрнэце. Вядома, гэта ў многім аблегчыла працу. Толькі ці заменіш гэта жывымі зносінамі?

— А ці можна і ў Беларусі адшукаць папяровых «сведак» тых часоў?

— Было і такое. Толькі, зноў жа, у Беларусь іх нехта прывёз. Асабліва нямецкія. Праўда, тая ж сітуацыя і з рускімі экзэмплярамі: усе паштоўкі адсюль адпраўляліся кудысьці. Таму прасцей у Беларусі знайсці паштоўку, якую сюды даслалі. Хоць і такіх у краіне па прычыне дзвюх апошніх войнаў амаль не захавалася.

— Ці праўда, што па паштоўках і фота Першай сусветнай вайны можна вывучаць гісторыю гэтага перыяду?

— А чаму б і не! Напрыклад, паштоўкі пачатку стагоддзя і часоў Першай сусветнай вайны вельмі адрозніваюцца. Па іх можна прасачыць, як развіваліся нашы гарады за кароткі прамежак часу. Калі іх параўноўваць, навідавоку змены. Можна нават зрабіць выснову пра бурнае эканамічнае развіццё Расійскай імперыі. А паколькі беларускія землі тады ўваходзілі ў яе склад, то гэта тычыцца і нашай краіны. Яшчэ па фотаздымках можна параўнаць, напрыклад, архітэктуру Палесся і Прыдзвіння. Па іх можна вывучаць побыт жыхароў розных рэгіёнаў: як яны апраналіся, што елі, дзе жылі... Я шмат для сябе зрабіў адкрыццяў. Напрыклад, на Палессі быў развіты гандаль на лодках.

— Да 90-гадовага юбілею заканчэння Першай сусветнай вы падрыхтавалі кнігу «Беларусь праз фотааб'ектыў нямецкага салдата. 1915—1918 гг.». Ці плануеце нешта падобнае выпусціць да 100-годдзя з пачатку вайны?

— Ужо сёння з гэтай нагоды рыхтуецца некалькі кніжных выданняў. Цяпер хочацца паказаць Беларусь не толькі з нямецкага боку, а і з рускага. Цікавы розны погляд на адны і тыя ж падзеі. Таксама ў перспектыве шэраг выстаў, прысвечаных Першай сусветнай вайне, дзе будуць прадстаўлены як арыгінальныя паштоўкі і фотаздымкі, так і іх копіі. Прычым гэтыя выставы будуць дэманстравацца не толькі ў Беларусі, а і ў іншых краінах. Можна іх будзе паглядзець і ў віртуальным свеце. На Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы планую прадставіць калекцыю кніг, выпушчаных у часы Першай сусветнай вайны і звязаных менавіта з Беларуссю. Сярод іх большасць — нямецкія кнігі. Яшчэ адбудзецца выстава прэсы гэтага перыяду, якая асвятляла ваенныя падзеі.

— Спадзяюся, што тады з'явіцца нагода сустрэцца зноў!

Гутарыла Вераніка КАНЮТА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.