Вы тут

Пра «сваё» і «не сваё»


Каб стаць прафесіяналам, патрабуюцца жаданне і ўпартасць

«Што для вас найбольш важна ў будучай рабоце?» — пацікавіліся ў навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў аўтары сацыялагічнага даследавання. І атрымалі наступныя адказы. «Быць самастойным» — так лічаць 41,2% рэспандэнтаў. «Мець высокі заробак» — 37,1%. «Адчуваць сябе прафесіяналам» — 36,3%. «Мець добрыя ўмовы працы» — 36,7%. «Зрабіць кар'еру» — 35,5%. «Прадоўжыць адукацыю» — 39,8%. «Заваяваць павагу людзей» — 28,5%. Ва ўдзельнікаў апытання была магчымасць выбіраць некалькі з прапанаваных варыянтаў адказаў.

Даследаванне праводзілася аналітычным цэнтрам ЕсооM і ахапіла 1635 рэспандэнтаў з 96 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Нашай мэтай было высветліць матывы выбару прафесіі, якія дамінуюць, ацаніць ступень задаволенасці ўмовамі навучання, калектывам і сваімі выкладчыкамі, — расказвае дырэктар цэнтра ЕсооM Сяргей МУСІЕНКА. — Таксама нас цікавілі планы і чаканні навучэнцаў, звязаныя з набыццём спецыяльнасці, і думкі маладых людзей аб прэстыжнасці прафесіі і ўвогуле аб аўтарытэце сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў грамадстве.

1378935580810_12-17

Вышэйшая ці сярэдняя спецыяльная?

Не сакрэт, што ў апошнія гады праблема з запаўненнем вучэбных аўдыторый паўстае ўсё часцей не толькі перад кіраўнікамі прафтэхустаноў. Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы таксама сутыкаюцца з недаборам нават на бюджэтныя месцы.

— Пасля распаду СССР на постсавецкай прасторы распачаліся бурныя, не заўсёды зразумелыя і кантраляваныя змяненні ў сістэме адукацыі ўсіх узроўняў. З'явіліся прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Стала развівацца платная форма навучання ў дзяржаўных ВНУ. І ўсё больш выпускнікоў імкнуліся любой цаной атрымаць менавіта вышэйшую адукацыю, прычым цікавілі моладзь пераважна эканоміка і права. Такая сітуацыя вельмі хутка прывяла да сур'ёзнага дысбалансу кадраў па многіх спецыяльнасцях — будаўнічых, метала- і дрэваапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, лёгкай і харчовай прамысловасці. Там утварыўся дэфіцыт кадраў, паколькі прыток моладзі істотна скараціўся, — тлумачыць Сяргей Мусіенка. — І хоць Беларусь — адна з нямногіх краін СНД, дзе не дапусцілі разбурэння сістэмы падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў сярэдняга звяна, тым не менш інэрцыйныя працэсы закранулі і нас.

Выкладчыцкі склад двойчы адчуў на сабе непрадказальны прэсінг: у пачатку 1990-х гадоў — ад агульнага хаосу і нявызначанасці, і на мяжы стагоддзяў — ад рыначных падыходаў і ацэнак. Высокакваліфікаваныя спецыялісты ў сваёй справе, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання добра бачылі розніцу паміж сваімі заробкамі і тым, што яны маглі атрымліваць у прыватнай кампаніі або на буйным прадпрыемстве. Таму цякучасць кадраў не абмінула і сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Пры гэтым сёння, як правіла, кіруюць гэтымі навучальнымі ўстановамі выхадцы з сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта людзі, якія лепш за іншых разумеюць важнасць падрыхтоўкі для краіны рабочай эліты.

Між іншым, даследаванне паказала, што сярэднюю спецыяльную адукацыю маюць больш як 50% бацькоў усіх навучэнцаў ССНУ. Цікава, а наколькі істотным быў іх уплыў на прафесійны выбар свайго дзіцяці?

Выбар па прызванні або «за кампанію»?

— Ніхто не стане аспрэчваць той факт, што ад правільнасці выбару прафесіі залежыць вельмі шмат у жыцці: і ўпэўненасць чалавека ў сабе, і аптымістычнае бачанне сваёй будучыні, і яго самарэалізацыя, і імкненне да асабістага росту, — распавядае Сяргей Мусіенка. — З псіхалагічнага пункту погляду, правільны выбар — гэта выбар па прызванні, які выключае такія легкадумныя варыянты, як «за кампанію», «выпадкова» і «трэба было дзесьці вучыцца». Прафесійнае прызванне абапіраецца на разуменне самога сябе, сваіх інтарэсаў, схільнасцяў, а таксама на цвярозае ўяўленне пра свае здольнасці, уключаючы і такія якасці, як цярплівасць, настойлівасць і самадысцыпліна. Таму вельмі важна, што на першае рангавае месца навучэнцы паставілі менавіта матыў «Мне падабаецца прафесія» — так адказалі 61,3 % рэспандэнтаў!

25% навучэнцаў ССНУ паведамілі, што на іх выбар паўплывала сям'я. Даследчыкі заўважылі, што даволі высокі працэнт бацькоў навучэнцаў ССНУ маюць вышэйшую адукацыю, тым не менш іх дзеці вучацца ў каледжах. Пра што гэта можа сведчыць?

— Магчыма, ім не спатрэбілася тое, што яны вывучалі ў ВНУ, альбо яны расчараваліся ў сваёй прафесіі , — разважае Сяргей Мусіенка, — і гэта вынік іх незадаволенасці вышэйшай адукацыяй. Сёння зусім не рэдкасць, калі людзі працуюць на працоўных месцах, якія або зусім не адпавядаюць профілю атрыманай імі спецыяльнасці, або атрыманыя веды яны могуць прымяніць там толькі часткова. Дык адкуль узяцца задаволенасці ўласным жыццём?

Між іншым, прэстыжнасць навучальнай установы мела значэнне для 27,8% навучэнцаў ССНУ. 16,2% прызналіся, што кіраваліся рэальнымі магчымасцямі працаўладкавання пасля заканчэння вучобы. У той жа час істотную вагу займаюць і вузкаўтылітарныя або ўвогуле спантанныя матывы: «Тут навучацца бліжэй да дома» — 13,5%; «Трэба было дзесьці вучыцца» —10,6%. Не паступіў (не паступіла) у ВНУ — 10,9%; «Выпадкова» — 10,4%; «Тут быў меншы конкурс» — 3,6% і «Тут лягчэй навучацца» — 3,7%.

Вельмі крыўдна, што сярод фактараў уплыву адсутнічаюць самі навучальныя установы: іх рэклама, піяр-акцыі, конкурсы — усё тое, што выкарыстоўваюць, напрыклад, вядучыя ВНУ. Увогуле ў крыніцах атрымання інфармацыі пра сваю спецыяльнасці прысутнічаюць нейкія «інфармацыйныя нажніцы»: супярэчнасць, на думку даследчыкаў, заключаецца ў тым, што асноўную масу інфармацыі моладзь атрымлівае з тэлебачання, радыё, прэсы і інтэрнэту, аднак у ацэнках навучэнцаў гэтыя крыніцы займаюць далёка не першыя месцы. Газеты як крыніцу інфармацыі ўзгадалі толькі 11% навучэнцаў ССНУ, тэлебачанне — 13,2%, часопісы — 6,3%, радыё — 3,9%. Праўда, інтэрнэт як крыніцу звестак аб спецыяльнасці ўказалі 45,4% рэспандэнтаў.

Затое вельмі эфектыўна працуюць такія інфармацыйныя каналы, як «сябры і знаёмыя» (34,3%), «сям'я» (39,4%) і «школа» (27,8%). Даволі істотны ўплыў аказваюць і Дні адчыненых дзвярэй, якія праводзяць навучальныя ўстановы — 15,3%.

Шанцы на «месца пад сонцам»

55% навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў плануюць пасля заканчэння навучання ўладкавацца на працу. І прыкладна столькі ж — працягнуць сваё навучанне. А што трэба зрабіць, каб стаць сапраўдным прафесіяналам? Самае галоўнае, на думку апытаных, гэта працалюбства і ўпартасць — так лічаць 76,5% навучэнцаў ССНУ. 72% упэўнены, што патрабуецца таксама вялікае жаданне. Далей у парадку змяншэння ідуць наступныя адказы: добрыя выкладчыкі (40,2%), доўга і шмат працаваць (34%), добрыя ўмовы для навучання ( 31,2%), добрая спецыяльная падрыхтоўка (28,7%) і добрае здароўе (21%). У тым, што іх прафесія запатрабавана на рынку працы, упэўнены амаль 46% рэспандэнтаў. І яшчэ 35% далі адказ « хутчэй, так». Між іншым, больш як 60% рэспандэнтаў ацэньваюць узровень выкладання ў сваёй навучальнай установе як высокі.

Даследчыкі пацікавіліся ў маладых людзей, як яны ацэньваюць свае шанцы на тое, каб самасцвердзіцца ў жыцці? «Шанцы ёсць, усё залежыць ад мяне» — так адказалі 60,2% навучэнцаў ССНУ. 19,8% ацэньваюць свае шанцы як дастаткова высокія, а 14% не задумваліся над гэтым пытаннем. І толькі 0,2% апытаных лічаць, што іх шанцы вельмі нізкія, а 0,4% увогуле не бачаць для сябе ніякіх перспектыў.

— Што асабіста мне імпануе, дык гэта разуменне навучэнцамі сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў таго, куды яны прыйшлі вучыцца, навошта, і што іх чакае пасля заканчэння вучобы. Чаго не скажаш пра многіх студэнтаў ВНУ, у якіх зусім няма ўпэўненасці ў тым, што яны будуць запатрабаваны на рынку працы, — падкрэсліў Сяргей Мусіенка. — З сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў выходзяць спецыялісты, больш адаптаваныя да задач, якія ім даводзіцца вырашаць, больш устойлівыя псіхалагічна, так бы мовіць, больш прыземленыя — людзі, якія цвяроза сябе ацэньваюць. І ў гэтым іх перавага. А вось калі чалавек пасля заканчэння ВНУ аказваецца на вытворчым канвееры і працуе па рабочай спецыяльнасці, то для яго гэта можа ператварыцца ў сапраўдную праблему, нават жыццёвую трагедыю.

Прызнаюся, я сам калісьці навучаўся ў ПТВ, затое калі паступіў у політэхнічны інстытут, то быў ужо самастойным і ўпэўненым у сабе чалавекам. З уласнага досведу ведаю, што выпускнікі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія навучаюцца ў ВНУ, па спецдысцыплінах дадуць фору ўчарашнім адзінаццацікласнікам. Магчыма, ім больш складана даецца вышэйшая матэматыка, але гэта можна навярстаць. А вось практычныя веды ў інстытуце не заўсёды атрымаеш...Таму асабіста я супраць скарачэння завочнай формы навучання для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.

На думку Сяргея Мусіенкі, для прыцягнення моладзі важнае значэнне мае сувязь каледжаў з вытворчасцю. Многія ўстановы набіраюць навучэнцаў пад заяўкі прадпрыемстваў, таму і расчараваных у прафесіі няшмат. Гарантаваная работа пасля заканчэння навучальнай установы — чым не аргумент на яе карысць?

У той жа час, падкрэслівае эксперт, сёння назіраецца даволі вялікі адток студэнтаў з першых курсаў універсітэтаў: сярод тых, хто выбывае, як правіла, тыя, каму цяжка вучыцца, хто «выбраў не сваё». Сяргей Мусіенка лічыць, што трэба зрабіць так, каб гэтыя маладыя людзі мелі магчымасць давучвацца ў каледжах, магчыма, па роднасных спецыяльнасцях. Але адпаведныя рашэнні павінны быць прынятыя на дзяржаўным узроўні...

Анатоль РУБІНАЎ, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам прыёмнай кампаніі:

— Заяўленая колькасць месцаў для прыёму ў ВНУ складала сёлета 97,5 тысячы, а, напрыклад, у 1991 годзе план прыёму быў усяго 37,5 тысячы чалавек. Гэта значыць, што сёння мы выпускаем у 2,6 раза больш спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, чым у пачатку 1990-х гадоў.

А ў сістэме прафтэхадукацыі запланавана прыняць на вучобу 36 тысяч маладых людзей, у той час як у 1991 годзе гэты паказчык складаў 72 тысячы. Атрымліваецца, што на аднаго рабочага ў нас прыпадаюць тры спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Гэта не зусім нармальная прапорцыя...

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».