Вы тут

Якая Балгарыя «на смак»...


...вырашыла высветліць наш карэспандэнт, якая заўжды лічыла, што адпачынак нельга ператвараць у суцэльны «шведскі стол». Але ў гэтай краіне такое наўрад ці атрымаецца, нават калі ваша паездка не мае ніякага дачынення да легендарнага «ўсё ўключана»...

«Вулічная» кухня

Найперш хочацца расказаць пра мясцовую кухню. У стравах тут шмат мяса, супы наварыстыя і густыя, за абедам ці вячэрай для многіх абавязковы куфель піва ці келіх віна, а на вуліцы на кожным кроку прадаецца піца і пякельная сумесь пад назвай дзюнар (праснак, у які загортваюць смажанае курынае філе, бульбу фры, агуркі, памідоры, цыбулю, салату і паліваюць усё часночным соусам). Пры гэтым большасць мясцовых дзяўчат носяць кароценькія спаднічкі і топы, дэманструючы ідэальныя фігуры, а ад хлопцаў уражанне, што яны нібыта і начуюць у трэнажорнай зале. Дарослыя жанчыны часта выглядаюць маладзейшымі за свой узрост. У чым сакрэт, я так і не зразумела. Можа, дапамагае мора, плаванне ў якім з дзяцінства замяняе любыя фітнэсы і дыеты?

1378935583289_12-33

Што ж варта пакаштаваць падчас вулічнай прагулкі? Па-першае, «банічкі» — своеасаблівыя піражкі з начынкай. Цеста нечым нагадвае слоенае. У якасці начынкі могуць быць жоўты сыр, брынза, агуркі, вяндліна, розныя джэмы і канфіцюры (у тым ліку і экзатычныя для нас: з інжыру ці пялёсткаў ружы). Кошт — ад 0,5 да 2 леваў (1 леў — крыху больш за 6 тысяч беларускіх рублёў).

Таксама вельмі смачныя булкі з дражджавога цеста. Пры жаданні можна набыць сабе смакату, якая толькі называецца булкай, а памерам яна з добры батон. Але калі думаеце, што яе хопіць надоўга, то памыляецеся. З'ядаецца ў імгненне. Начынка для такіх булак — шакалад, мармелад і малочна-яечны крэм з ванілінам. У балгарскай кухні шмат турэцкіх элементаў, таму не здзіўляйцеся, калі вам прапануюць пахлаву. Гэта салодкі выраб з тонкага цеста, які перасыпаны слаямі здробленых арэхаў, прамочаны сокам ці паліты мёдам. Вельмі смачна і каштуе менш за 1 леў.

Добра вядомая нам «вулічная» ежа — гарачыя бліны з начынкай, «палачы́нкі» па-балгарску. Іх тут робяць, як і булкі, з вяндлінай, сырам, розным варэннем і брынзай, мёдам, арэхамі і шакаладам.

І, безумоўна, нельга не ўзгадаць пра дробную смажаную рыбку, «ца́цу», якую ядуць з півам, вараную кукурузу і марозіва, якое на вуліцах прадаецца на вагу. Яно, дарэчы, па нашых мерках дарагаватае — 18-20 тысяч беларускіх рублёў за некалькі шарыкаў у вафельным ражку. Безумоўна, варта пакаштаваць айран. Гэты кісламалочны напой цудоўна наталяе смагу.

У вулічных кіёсках прадаецца і нацыянальная балгарская прыправа пад назвай чу́брыца. Менавіта яна надае цікавы смак балгарскім мясным стравам і супам. Яе варта купіць, бо гэта цудоўны сувенір. Складаецца чу́брыца з солі, сухой травы чаберу (не блытаць з чаборам, гэта зусім іншая расліна), чырвонага перцу, кукурузнай мукі, каляндры і здробненых лісткоў мяты.

Беларуская мара

Пад канец адпачынку да болю захацелася бульбяной кашы. Такой, як робяць у нас, са смажанымі салам і цыбулькай. У Балгарыі бульбу ў асноўным гатуюць у фрыцюрніцы ці тушаць з мясам. Гаспадар кавярні, які прымаў заказ, доўга не мог зразумець, што ж я прашу прынесці разам з кавалкам смажанай курыцы. Потым паглядзеў у мае галодныя вочы і моўчкі пайшоў на кухню. Праз пятнаццаць хвілін мне прынеслі тое, што я прасіла: на талерцы дымілася тоўчаная бульбачка са смажанай цыбуляй і зяленівам. Праўда, без шкварак, але смачна было ўсё роўна. І вось тады я зразумела, што сэнс маёй беларускай мары быў зусім не ў бульбе, а ў стаўленні, якое я пабачыла.

За бульбу, дарэчы, заплаціла, як за стандартную порцыю гарніру.

Уласнікі рэстаранаў у большасці сваёй стараюцца дагадзіць турыстам, як толькі можна. У некаторых месцах разам з нацыянальнымі стравамі прапануюць боршч, пельмені і «рускі салат», вядомы нам як «аліўе». Меню як мінімум на трох мовах: па-балгарску, па-англійску і па-руску, часам яшчэ і па-нямецку, а ў старым горадзе давялося пабачыць рэстаран, дзе меню і абслугоўванне, пры жаданні кліента, можа быць на польскай мове.

З іншага боку, можна часам трапіць у сітуацыі, дзе законы логікі зусім не дзейнічаюць. У кавярні, куды мы часцей за ўсё хадзілі на абед, вакол пластыкавых сталоў стаялі неверагодна прыгожыя квітнеючыя кусты ў кадках. Але як смачна заўжды было есці! Фаршыраваныя перцы ў Балгарыі гатуюць крыху па-іншаму: не з таматным соусам, а з малочным. Суп з бараніны вельмі хацелася паесці з чорным хлебам, але мясцовая кухня прадугледжвае толькі пшанічны ці тонкія праснакі з часнаком... Запяканка з мяса і гародніны пад назвай «мусака», смажаныя на рашотцы кабачкі-цукіні з ёгуртавай падліўкай, шопская салата... І ўсе порцыі такога памеру, што можна смела замаўляць адну на дваіх. А аднойчы мы мелі неасцярожнасць зазірнуць у іншае месца. Там на шыльдзе ганарліва красаваліся чатыры зоркі, якія абяцалі адпаведны ўзровень як сэрвісу, так і смаку страў. Што ў выніку? Абрус у плямах і бульбяное пюрэ, якое аказалася зробленым з сухога паўфабрыката...

Брынза, ракія і настальгія

Прыдзірліва вывучаць кошты ў мяне не было асаблівай мэты, але, па агульным уражанні, у Балгарыі таннейшыя, чым у нас, аліўкавы алей, халва, арэхі, некаторыя сокі, кавуны. Мяса і малочныя прадукты — прыкладна на адным узроўні. Іншая справа, што не ўся любімая беларусамі ежа там знойдзецца. Напрыклад, не чакайце разнастайнасці тваражкоў і малочных дэсертаў. Тварог у большасці супермаркетаў увогуле не прадаецца. Затое салёная брынза — у вялікай колькасці. Вы яе паспытаеце і ў якасці кампанента салату, і як дадатак да бульбы фры, і як самастойную страву. Спачатку балгарская брынза можа здацца надта салёнай на смак, але праз некалькі дзён салёнасць ужо ўспрымаецца як норма.

Калі ўжо закранулі тэму нацыянальнай балгарскай смакаты, то варта ўзгадаць і пра мясцовыя алкагольныя напоі, віно і ракі́ю. У супермаркеце, напрыклад, бутэлька віна «Мавруд» (гэтак жа называецца адзін з самых старэйшых на зямлі гатункаў чырвонага вінаграду, з якога і робяць гэты напой) каштуе на нашы грошы 30 тысяч рублёў. Ракія, балгарская гарэлка, якая не мае горкага смаку, чамусьці каштуе нятанна. За маленькую бутэлечку, дзе ракіі ўсяго 100 грамаў, мы аддалі каля 45 тысяч рублёў. Тут варта браць у разлік, што гэты напой — адзін з галоўных сувеніраў для турыстаў, таму, відаць, не трэба здзіўляцца такой лічбе.

Склалася ўражанне, што ў балгарскіх супермаркетах рай для гаспадынь, якія не маюць шмат часу на прыгатаванне ежы. Праўда, я не разумею, як у прыморскім горадзе можна набываць замарожаныя мідыі, але сама бачыла, як адна жанчына паклала іх у свой кошык.

Дарэчы, калі падчас адпачынку ў Нясебры вы раптам засумуеце па кефіры ці селядцу, вам не дадуць памерці ад настальгіі. Дастаткова адправіцца ў Бургас, які знаходзіцца за 30 кіламетраў. Набыць квіток на аўтобус каштуе 6 леваў у адзін бок. У горадзе ёсць крама пад назвай «Бярозка». У ёй вы знойдзеце ўсе звыклыя нам прадукты: шакаладныя цукеркі, варанае згушчанае малако, смятану... Хіба што дранікаў я там знайсці не змагла. Але ж у «Бярозцы» будзьце гатовыя і да сур'ёзных выдаткаў: напрыклад, паўлітра кефіру там каштуе амаль 25 тысяч рублёў.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.