Вы тут

Капітал ідэй ад «пярвічак»: задумы і справы


Зусім нядаўна ў краіне адзначаўся дзень нараджэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Адным са святочных мерапрыемстваў стаў фінал першага рэспубліканскага конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю гэтага грамадскага аб'яднання. Сем камандаў — па адной ад кожнай вобласці і сталіцы — змагаліся за перамогу на працягу трох этапаў фіналу. Ён уключаў конкурс на лепшы праект для моладзі, конкурс «Я — лідар» і так званую «візітоўку».

Любанская «разынка»

У фінал трапілі прадстаўнікі як школьных і студэнцкіх ячэек, так і «пярвічак» БРСМ, створаных у арганізацыях і на прадпрыемствах. Таму было цікава назіраць за барацьбой зусім яшчэ юных школьнікаў з дарослымі дзяўчатамі, напрыклад, з упраўлення № 615 Беларусбанка горада Любань. Дарэчы, праект апошніх быў, на маю думку, адным з самых цікавых.

Згодна з канцэпцыяй маладых «банкірак», кожны горад павінен мець сваю «іскрынку», тое, чым бы ён прыцягваў увагу прыезджых. Безумоўна, вялікую ролю ў непаўторным выглядзе горада адыгрывае яго архітэктура. Менавіта на ёй, а дакладней, на яе малых формах, і зрабілі акцэнт дзяўчаты ў праекце пад назвай «Горад-сад».

Магчыма, да самых вядомых у свеце вісячых садоў Семіраміды яму і далёка, але паспрабаваць жа можна? Вынікам праекта стане стварэнне ў Любані новых кветнікаў, альтанак, газонаў, фантанаў і шмат чаго іншага.

Да рэалізацыі свайго праекта дзяўчаты збіраюцца прыступіць ужо ў пачатку кастрычніка, а да канца наступнага года асноўная праца ўжо будзе зроблена. Галоўнае, праект увасобіцца ў жыццё пры актыўным удзеле любанскай моладзі. Канкурэнты любанцаў, школьнікі з Магілёва, узнялі праблему засмечанасці сучасных гарадоў.

Каманда Гомельскай вобласці — прадстаўнікі Беларускага металургічнага завода — прапанавала праект па аб'яднанні ўсёй працоўнай моладзі нашай краіны з розных заводаў і прадпрыемстваў. З якой мэтай? Ды хаця б для таго, каб разам пагуляць у футбол або валейбол!

Пахаваць апошняга салдата

А вам хацелася б адправіцца ў сапраўдную экспедыцыю? З начлегамі, палаткамі, вогнішчамі і прыгодамі? Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта прэзентавалі праект «Школа пашукавіка».

Мэта экспедыцый — знайсці інфармацыю пра ўлічаныя і няўлічаныя пахаванні, а таксама непахаваныя астанкі загінулых. Нягледзячы на тое, што Першая і Другая сусветныя войны скончыліся шмат гадоў таму, яшчэ дагэтуль невядома, дзе пахаваныя многія салдаты. У жніўні ўдзельнікі «Школы пашукавіка» ездзілі ў экспедыцыю ў Карпаты, дзе засталіся рэшткі акопаў Першай сусветнай вайны. Знайшлі астанкі 15 воінаў, якія там загінулі.

Цяпер у «Школы пашукавіка» ёсць ужо чатыры запрашэнні на ўдзел у абласных экспедыцыях і два — на ўдзел у пошукавых экспедыцыях у Польшчы.

Падарожнічайце танна!

Чым звычайна школьнікі займаюцца на перапынках? Фіналісты з аршанскай сярэдняй школы № 3 прапанавалі ў сваім праекце «Вялікі перапынак»... танцаваць.

Мінскія школьнікі (СШ № 118) расказалі пра сваю газету Tееn-Tіmе («Час тынэйджараў»), якая выходзіць штомесячна і расказвае пра жыццё школы, праблемы і захапленні падлеткаў. Конкурсны нумар газеты цалкам прысвечаны дзейнасці «пярвічкі» ў роднай школе: розным акцыям і праектам.

А вось падлеткі з гарадскога пасёлка Астрыно (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) прапанавалі цікавы і вельмі танны спосаб падарожжаў — падарожнічаць па сваім рэгіёне! Падлеткі зацікаўлены ў пракладванні экскурсійных маршрутаў па родных мясцінах і дапамозе па стварэнні фонду краязнаўчага музея ў сваім населеным пункце.

Які ён, сапраўдны лідар?

Кожная каманда прапанавала сваю канцэпцыю лідара. Адны прадставілі яе ў форме прыпавесці, другія — у форме казкі, а трэція — станцавалі. Любанскія дзяўчаты, напрыклад, расказалі, што пад уздзеяннем неспрыяльных умоў, у прыватнасці, кіпеню, цвёрдая морква робіцца мяккай, далікатнае яйка — цвёрдым, а зерні кавы наогул змяняюць не толькі свой стан, але і тую ж ваду, ператварыўшы яе ў смачны напой. Так і чалавек можа змяняцца ў лепшы ці горшы бок. А лідар у стане не толькі не паддацца выпрабаванням лёсу, але і вынесці з іх вопыт.

Удзельнікі фіналу не адпускалі ўвагу прысутных ні на хвіліну. У выніку прызавыя месцы раздзялілі паміж сабой каманда школьнікаў з Оршы, Мінска і працоўнай моладзі з Гомельскай вобласці.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.