Вы тут

Факты, падзеі, навіны


Cупрацоўніцтва ў агульных інтарэсах

Дэлегацыя ўрада правінцыі Ганьсу Кітайскай Народнай Рэспублікі пабывала на Гродзеншчыне, каб вызначыць канкрэтныя сферы супрацоўніцтва ў рамках пагаднення паміж гэтымі рэгіёнамі дзвюх краін.
Паводле слоў намесніка дырэктара апарата ўрада правінцыі Ганьсу Юй Цяньніна, ёсць жаданне супрацоўнічаць у сельскагаспадарчым машынабудаванні, хімічнай прамысловасці, а таксама ў сферы культуры і адукацыі. Бліжэйшым часам бакі наладзяць візіты прадпрымальнікаў, творчых дэлегацый. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра прапанаваў кітайскім партнёрам выкарыстаць у агульных інтарэсах геаграфічнае становішча нашага рэгіёна, стварыўшы эканамічную пляцоўку для сумеснай вытворчасці прадукцыі з перспектывай яе экспарту ў рамках Мытнага саюза і ў іншыя краіны, а таксама арганізаваць сумесную гандлёва-лагістычную структуру, узаемадзейнічаць у пытаннях малочнай жывёлагадоўлі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Хрэсны ход на веласіпедах

У гонар прападобнага Афанасія, ігумена Брэсцкага, даўно праводзяцца хрэсныя ходы ў Брэсце. На гэты раз хрэсны ход будзе веласіпедным. Як сказана ў прэс-рэлізе Брэсцкай епархіі, такое нетрадыцыйнае царкоўнае шэсце мае выхаваўчы характар, накіравана на прапаганду здаровага ладу жыцця як сярод царкоўнай, так і сярод свецкай моладзі.
Прыкладна 50 веласіпедыстаў стартуюць 13 верасня ад Свята-Афанасьеўскага мужчынскага манастыра ў Брэсце і праедуць да Свята-Праабражэнскага манастыра ў вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна. На другі дзень іх шлях пройдзе па Кобрынскім раёне, а на трэці дзень, 15 верасня, удзельнікі велапрабегу пачнуць падарожжа ад скіта ў Вяжным Пружанскага раёна і праедуць па Брэсцкім раёне, наведаюць яго храмы. За тры дні падарожнікі пераадолеюць больш за 150 кіламетраў у гонар брэсцкага святога.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Сям'я лідчан перадала музею 19 сваіх карцін

«Вытокі» — так называлася выстава карцін трох пакаленняў сям'і Лазоўскіх, якая нядаўна дэманстравалася ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.
У экспазіцыі былі прадстаўлены работы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Фёдаравіча Лазоўскага, яго дачкі Лідзіі, унучак Ганны і Лідзіі. А па заканчэнні выставы музей атрымаў у падарунак 19 карцін з сямейнай калекцыі. Іх тэматыка цесна звязана з родным краем: пейзажы, помнікі архітэктуры, культавыя будынкі, этнаграфія, фальклор, вызваленне горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў... Гэтыя работы ўвойдуць у выставу «Лідчына розных гадоў у карцінах мастакоў», прымеркаваную да 690-годдзя горада, а таксама ў пастаянную музейную экспазіцыю.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

За парушальнікамі назірае тралейбус

Запіс на відэарэгістратары тралейбуса дапамог хутка знайсці кіроўцу, які збіў пенсіянера.
У аддзеле прапаганды абласной Дзяржаўтаінспекцыі расказалі, што раніцай на скрыжаванні вуліц Галавацкага і Мазурава ў Гомелі, пры праездзе рэгуляванага пешаходнага пераходу кіроўца аўтамабіля Vоlkswаgеn Gоlf учыніў наезд на 83-гадовага пешахода. Мужчына пасадзіў пацярпелага пенсіянера да сябе ў машыну і адвёз у бальніцу. Але ж пры гэтым «забыўся» пакінуць свае звесткі і знік. Інспектары ДАІ па дазнанні ўважліва прагледзелі запісы відэарэгістратара тралейбуса, які знаходзіўся недалёка ў момант здзяйснення ДТЗ. Дарэчы, у абласным цэнтры ўсе тралейбусы абсталяваны невялічкімі відэакамерамі. Такім чынам і быў знойдзены кіроўца — 26-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Новыя Цярэшкавічы Гомельскага раёна. Зараз мужчына можа пазбавіцца правоў кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін да чатырох гадоў.

Паганяць мяч побач з домам

У Гомелі на базе гімназіі №51 урачыста адкрылася сучасная футбольная міні-пляцоўка са штучным пакрыццём. Плануецца, што любы школьнік не толькі гэтай вучэбнай установы, а і суседніх зможа без усялякіх перашкод паганяць тут мяч — пры любых умовах надвор'я.
Будаўніцтва вялося на працягу двух месяцаў. Фінансавыя сродкі ў памеры каля Br500 млн выдаткаваны адміністрацыяй Савецкага раёна горада і сумесным таварыствам «НТС», якое выступае пастаянным партнёрам праекта па ўзвядзенні футбольных міні-пляцовак па ўсёй Беларусі.
У Беларусі гэта ўжо трынаццаты падобны спартыўны аб'ект, а на Гомельшчыне — чацвёрты. Першая пляцоўка была адкрыта ў Жыткавічах. Сёння яна актыўна выкарыстоўваецца, там праходзяць розныя спаборніцтвы паміж мясцовымі школамі. Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас расказаў, што праект «Родная сторона» — дзецям» пачаўся тры гады таму. Усяго ў рэгіёнах Беларусі плануецца пабудаваць 118 міні-пляцовак. Большасць такіх футбольных палёў адкрываецца дзякуючы падрадчыку кампаніі «Тален Груп», размешчанаму ў Гомелі. Вядома, што яны плануюць пабудаваць у горадзе над Сожам завод па выпуску такіх спартыўных пляцовак. Пры гэтым плануецца вырабляць пакрыцці для розных відаў спорту, а не толькі для футбола.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Браканьер маскіраваўся пад... дзяржінспектара

Пры правядзенні прыродаахоўнага рэйду на возеры Белае ў Бярозаўскім раёне супрацоўнікі ўпраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржінспекцыі затрымалі двух мясцовых жыхароў, якія на надзіманай лодцы пры дапамозе забароненых прылад лоўлі — васьмі стаўных сетак агульнай даўжынёй 400 метраў — незаконна здабылі больш за 500 асобін розных відаў рыб агульнай вагой 42 кілаграмы.
— У аднаго з парушальнікаў на нагруднай кішэні мелася нашыўка «дзяржаўны інспектар рыбаховы». Яе, як і інспектарскае пасведчанне, а таксама сеткі мужчына набыў у Расіі. Як мяркуецца, туды ж браканьеры збывалі і высушаную рыбу, — паведаміла прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч. — Бярозаўскім РАУС вырашаецца пытанне адносна крымінальнай адказнасці затрыманых за незаконную здабычу рыбы, якая пацягнула нанясенне шкоды прыродзе ў асабліва буйным памеры — 10,8 мільёна рублёў (108 базавых велічынь).
Сяргей РАСОЛЬКА.

Левыя запчасткі

Супрацоўнікі ведамаснага пункта мытнага афармлення «Гомель-Аўта» Гомельскай мытні спынілі спробы незаконнага перамяшчэння праз мяжу запчастак для аўтатэхнікі коштам больш як Br230 млн.
Кантрабанду выявілі пры аглядзе дзевяці кантэйнераў, якія прыбывалі на адрас Гомельскага маторарамонтнага завода, на базе якога працуе сумеснае прадпрыемства па зборцы скутараў. У дакументах, якія суправаджаюць груз, за жнівень не было паказана каля 20 тысяч адзінак запасных частак для мотаролераў. Па фактах парушэння мытнага заканадаўства складзены адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле аб незаконным перамяшчэнні тавараў праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь. Незаконна ўвезены тавар канфіскаваны. Матэрыялы адміністрацыйных спраў перададзены ў суд, паведамілі ў прэс-групе Гомельскай мытні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.