Вы тут

Уласныя магутнасці «адпачываюць», а імпарт расце


Чаму страчваюць свае пазіцыі айчынныя півавары?

Праблемныя пытанні піваварнай галіны рэспублікі абмеркавалі ў Лідзе на нарадзе з удзелам старшыні камітэта Дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандра ЯКАБСОНА, намесніка прэм'ер-міністра Міхаіла РУСАГА, старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна ШАПІРЫ, кіраўнікоў органаў улады, прадпрыемстваў, міністэрстваў і ведамстваў.

— У многіх краінах піва — гэта добрая альтэрнатыва моцным алкагольным напоям. І да таго ж піваварная галіна з'яўляецца істотнай крыніцай даходаў бюджэту. Летась у бюджэт ад акцызнага падатку па піве паступіў 1 трыльён рублёў, сёлета за паўгоддзе — каля 700 мільярдаў рублёў. Таму для дзяржавы вельмі важна, каб гэтая галіна развівалася эфектыўна, — зазначыў Аляксандр Якабсон.

У апошнія гады сітуацыя на піўным рынку краіны рэзка змянілася ў бок павелічэння вытворчасці, чаму спрыялі зробленыя дзяржавай захады. Створаны сучасныя магутнасці па вырабе піва, якія дазваляюць у поўным аб'ёме забяспечыць не толькі ўнутраныя патрэбы, але і пастаўкі на экспарт. А калі наладзілі вырошчванне піваварнага ячменю і выпуск у неабходных аб'ёмах соладу, гэта дазволіла практычна адмовіцца ад яго імпарту. Ёсць развітая вытворчасць шкляных бутэлек, этыкетак і іншых дапаможных матэрыялаў. Забяспечаны і эканамічныя ўмовы продажу прадукцыі: у прыватнасці, уведзена свабоднае цэнаўтварэнне, дазволена залічваць да затрат рэкламныя і маркетынгавыя паслугі. У галіну прыйшлі буйныя міжнародныя піваварныя карпарацыі.

Здавалася б, усе ўмовы для развіцця айчыннай піваварнай галіны ёсць. Аднак яна не толькі не паляпшае, а апошнім часам страчвае свае пазіцыі. Па выніках мінулага года вытворчыя магутнасці былі выкарыстаны ўсяго на 62% (у параўнанні з 2011-м выраблена 91,5% піва), падзенне вытворчасці назіраецца і сёлета. Беларускія вытворцы слаба займаюцца экспартам, страчваюць свае пазіцыі на ўнутраным рынку, і разам з тым беспадстаўна растуць аб'ёмы ўвозу піва ў краіну. Сёлета імпарт складае каля 30% — гэта анамальна для краіны, якая мае такія буйныя піваварныя прадпрыемствы і мясцовую сыравінную базу, лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Уладзімір КАЛЕНІК.

Для параўнання: паводле інфармацыі МЗС Беларусі, удзельная вага імпартнага піва ў агульных рэсурсах у Расійскай Федэрацыі летась склала 3,7%, ва Украіне — 1,3%, у Чэхіі — каля 3%, у Польшчы не перавышае 2%. У нас практычна кожная чацвёртая бутэлька піва — імпартная. І гэта — пры вялізных уласных магутнасцях, якія «адпачываюць».

Прычым увозам піва ў рэспубліку займаюцца не толькі кампаніі-імпарцёры, якія на гэтым спецыялізуюцца. «Дапамагаюць» і асобныя айчынныя вытворцы. Напрыклад, беларускімі прадпрыемствамі, што належаць замежным карпарацыям (піўзавод «Аліварыя», піваварні «Хайнекен») летась імпартавана каля 15 працэнтаў ад агульнага аб'ёму ўвезенага піва.

Пры гэтым міжнародныя кампаніі, якія маюць у Беларусі вытворчыя магутнасці, асабліва не напружваюцца развіваць на нашай тэрыторыі выпуск уласных брэндавых марак піва, а ўвозяць іх з Расіі і Украіны, дзе таксама маюць свае заводы. Напрыклад, канцэрн Саrlsbеrg распачаў у нас вытворчасць сваёй маркі «Хольстэн Пілзнер» толькі ў чацвёртым квартале мінулага года. У той час як у краіну працягваецца ўвоз вядомых на беларускім рынку марак піва гэтай карпарацыі: «Балтыка», «Тубарг», «Карлсберг», «Кроненберг» і інш.

— Адбываецца каласальны дэмпінг транснацыянальных карпарацый на беларускім рынку. Яны маюць празмерныя вытворчыя магутнасці ў Расійскай Федэрацыі, ва Украіне і па дэмпінгавых цэнах скідваюць «залішнія» аб'ёмы прадукцыі ў нас. Напрыклад, ёсць факты, калі піва кампаніі «Балтыка» ў Беларусі каштуе на 20-30% менш у параўнанні з Расіяй, дзе яно вырабляецца, — паведаміў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр ЗАБЕЛА.

Пры гэтым карпаратыўныя інтарэсы зусім неабавязкова супадаюць з інтарэсамі канкрэтных работнікаў і рэгіёнаў, дзе размешчаны прадпрыемствы. У прыватнасці, кампанія «Хайнекен» кіравала ў Беларусі дзвюма вытворчымі пляцоўкамі — такая спачатку была стратэгія. Але цяпер іншая: аптымізуючы свае магутнасці, спыняюць вытворчасць у Рэчыцы і пераводзяць абсталяванне ў Бабруйск. Каля 70 работнікаў у Рэчыцы трапляюць пад скарачэнне.

Што датычыцца экспарту, то аб'ёмы яго нязначныя. Прычым замежныя кампаніі ў пытаннях экспарту «адпачываюць» — асноўная нагрузка ўскладзена на дзяржаўныя прадпрыемствы «Крыніца» і «Брэсцкае піва». Пры гэтым апошнім, якое мае найменшыя вытворчыя магутнасці (4,3 млн долараў за год) даводзіцца паказчык па экспарце ў 2,5 раза большы, чым для піўзавода«Аліварыя» (магутнасці — 9,5 млн долараў за год), які належыць інтэрнацыянальнай кампаніі Саrlsbеrg. Больш за тое, ААТ «Брэсцкае піва», выконваючы гэтае заданне, экспартавала піва... са стратамі для сябе.

На нарадзе таксама адзначалася, што патрабуе ўдасканалення акцызная і цэнавая палітыка з мэтай стымулявання продажу піва і скарачэння ўжывання моцных спіртных напояў. Акрамя таго, трэба задзейнічаць вопыт шэрагу еўрапейскіх краін і стварыць эканамічныя ўмовы для развіцця міні-піваварняў, дзе вырабляецца непастэрызаванае, нефільтраванае піва, запатрабаванае ў аматараў гэтага напою. А прадпрыемства «Белсолад» павінна вырабляць не толькі традыцыйную сыравіну для піва, але і для арыгінальных, унікальных гатункаў, выконваючы любы «капрыз» спажыўцоў. Гэтыя і іншыя праблемы піваварнай галіны ўрад іКамітэт дзяржаўнага кантролю пазначаць у сумесным дакуменце, а іх вырашэнне будзе знаходзіцца пад жорсткім кантролем.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».