Вы тут

Святлана ДЗЯНІСАВА, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»: ЯНЫ ДУМАЮЦЬ, ШТО МЫ ДУМАЕМ


— Калі б я меў магчымасць чытаць твае думкі, то жылося б мне значна лягчэй, — выдаў Ён у адзін з нядаўніх, яшчэ каляндарна летніх, але ўжо добра парэпаных крэскамі восені вечароў. Накрапвала, але наш традыцыйны шпацыр працягваўся па звыклым маршруце. Што дакладна «падзвігла» Яго на такое пытанне — загадка, але рэагаваць я мусіла не тое каб маланкава, але імгненна. Мне так, прынамсі, здалося.

— Нічога сабе! Ды іх чытаць — гэта амаль тое ж самае, што прадзірацца скрозь пропісы доктара тваёй цешчы. Ды значна горш!

Яскрава ўявіла, як яго аснашчаны новай опцыяй мозг робіць спробу за спробай, каб перахапіць хаця б адну, няхай нават самую ёмістую, самую ўчэпістую ў сваім прадвызначэнні думку. Але нейронныя сувязі з іх спасціжэннем — гэта не рыбная лоўля і нават не псіхааналіз.

— Чалавек не мысліць словамі. Мне так здаецца. Ну, хочаш прыклад? Памятаеш, як я сказала табе пра сваё жаданне набыць вясёленькую «хатку» нашай губцы для мыцця посуду? Дык вось, калі б ты, як сам кажаш, «чытаў» мае думкі, то знайшоў бы ў маёй галаве выяву найвыбітнейшага з гармідараў, створанага — ты толькі ўяві! — нагрувашчваннем брудных талерак, кубкаў, лыжак, чарпакоў і відэльцаў. А пасярэдзіне ты ўбачыў бы... смаўжа. Чырвонага.

1379108369306_dz

Я не адразу сказала Яму, што ў таго смаўжа меліся пукатыя сінія вочы. Але што зробіш, калі менавіта так выглядае бачаная мною нядаўна керамічная падставачка пад губку для посуду. Менавіта яна, падстаўка, на маю думку, ёсць тое адзінае, чаго не стае нашай кухні. Яна чамусьці мне імпанавала. Пра тое, што перад стосам талерак мітусіліся б, лезучы ў вочы, рукапісы часопіса «Маладосць», я, канешне ж, не змаўчала.

— ... і кожны з іх літаральна кішэў бы думкамі свайго аўтара. Уяўляеш? І праз іх табе таксама давялося б прадзерціся! І дзе гарантыя, што тыя думкі ты не прыняў бы за чарговыя мае? А як бы ты, цікава, «прачытаў» вобраз бландзінкі, застылай у позе... сіняй зоркі?

Вось што б Ён тут увогуле зразумеў? Што думкі пра посуд і смоўжыка, даганяючы адна адну, праціснуліся ў свядомасць гэтай бландзінкі акурат паміж занепакоенасцю зместам нумара часопіса, у якім яна працуе, і жаданнем пазычыць трошачкі энергіі ў неба? Добра, калі так.

Ён маўчаў — працягла і шматзначна. Затое я амаль дакладна ведала, пра што было ў той час Яго маўчанне. Выкарыстанне позы сіняй зоркі дае яшчэ і такія магчымасці...

А ўвогуле, гэта пра тое, што я ніколі не разумела сэнсу ў існаванні міелафона (прылады для чытання думак), няхай сабе і ў якасці прадмета фантастычнага прызначэння. Бо сцвярджаць, што чалавек думае словамі, — гэта, на мой розум, тое самае, што апантана даказваць: бачыць ён, маўляў, вачамі, а чуе — вушамі. Бязглуздзіца, наіў, тэатр абсурду. «Яны думаюць, што мы думаем, што мы на самой справе так думаем, а мы ж толькі думаем, што мы так думаем», як казаў Спанч Боб.

Ну, так. Калі я хачу кавы, я, вядома, думаю пра каву, але я ж не думаю літаральна: «Я хачу кавы». Ну, або не заўсёды так думаю. Далёка не заўсёды. Часцей я ўвогуле не думаю. Я проста хачу. Хаця б таму, што ў галаве бландзінкі, якая хоча кавы, няма ніякіх літар, слоў і сказаў, а ёсць — кавярня, кубак, пах вяршкоў і смак пірожных. Вяршкі — ірландскія, з карамелькай і віскі, пірожныя — таксама не безэ.

— Ты толькі ацані гэта, — падлашчваюся я ружовай коткай. — Я падношу табе свае думкі на сподачку з блакітнай стужачкай — ачышчанымі ад шалупіння хістанняў, змаганняў і мрояў, — апошняе прамаўляю ўжо тонам жанчыны, упэўненай у сваёй выключнай клапатлівасці. — Уласна кажучы, такімі, якімі яны маглі б быць, калі б на самой справе існаваў такі жаданы табою міелафон. Калі б быў сэнс у яго існаванні.

У адказ на Яго маўчанне мне раптам прыходзіць у галаву, што калі міелафон калі-небудзь вынайдуць, то працаваць ён будзе як рэтранслятар ідэй — выдаючы не «тэксты» з падсвядомасці, а... карцінкі... І тое, пра што я думаю, Ён будзе на свае вочы бачыць?!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.