Вы тут

Спакойна! Гэта — правакацыя


Ганна — жанчына вельмі прыгожая. І як кожная сапраўдная прыгажуня, яна ніколі не чула «не» ад сваіх кавалераў. Замуж выйшла рана і хутка. Але шлюб доўга не праіснаваў — першы муж трапіў у аўтакатастрофу і загінуў. Яна пагаравала з паўгода. Новы кандыдат на ролю мужа таксама знайшоўся вельмі хутка. Разам Ганна і Мікалай больш за дзесяць гадоў. Былі...

Цяпер яны часова раз'ехаліся. Ганна вельмі хоча вярнуць мужа, але Мікалай з усіх сіл супраціўляецца гэтым намерам. А ўсё з-за таго, што Ганна мела звычку шантажыраваць «другую палову». Калі муж затрымліваўся на працы, калі не купляў новыя туфлі ці сукенку альбо спрабаваў ухіліцца ад наведвання яе бацькоў, яна прымяняла выпрабаваную стагоддзямі меру ўздзеяння: пазбаўляла яго блізкасці. Першыя гады сумеснага жыцця, калі ў Мікалая яшчэ былі да Ганначкі моцныя пачуцці, ён моўчкі і хуценька выконваў усе яе капрызы. Потым пачаў паціху аднеквацца, а апошні час дык і наогул актыўна абураўся. Нават заводзіў каханку, каб жонка «апрытомнела» і перастала яго шантажыраваць з-за ўсялякіх дробных і буйных падстаў. Але і гэта не дапамагло. Ганну спрабавалі ўшчуваць сяброўкі: «Супакоілася б ты ўжо. Відавочна, што яму надакучыць цярпець твае выбрыкі і ён цябе кіне!».

1379108371459_1

Сяброўкі Ганны як у люстэрка глядзелі. Цярпенне Мікалая нарэшце скончылася. Цяпер муж і жонка памяняліся месцамі, і ўжо Ганна просіць яго дараваць і вярнуцца ў сям'ю, а Мікалай круціць носам і шантажыруе яе скасаваннем шлюбу. Пры словах «усё, заўтра ідзём у суд», якія ёй раз-пораз кідае муж, з Ганнай здараюцца істэрыкі. Яна з асабістага вопыту цяпер ведае, як дорага могуць абысціся жаночыя правакацыі і капрызы, калі своечасова не спыніцца.

Гісторыя Ганны не адзіная. Але не будзем пра сумнае... Тым больш што ёсць сярод маіх знаёмых і камічныя выпадкі, калі жанчыны спрабавалі справакаваць мужчын на адно, а атрымалі зусім іншае. Напрыклад, Іна, якая аднойчы пасварылася з каханым, патэлефанавала яму з пагрозамі, што скончыць жыццё самагубствам (безумоўна, зусім не збіраючыся гэта зрабіць). Узрушаны мужчына адразу кінуў усё і прыехаў да Іны, але яна дзверы не адчыніла. Тады ён, не на жарт спалохаўшыся, выклікаў прадстаўнікоў МНС і «хуткую дапамогу». І пасярод ночы Іна вымушана была высвятляць адносіны з прадстаўнікамі гэтых дзвюх службаў.

Капрызы яшчэ адной знаёмай — Варвары — таксама скончыліся для яе выклікам «хуткай». Яна запатрабавала ад каханага тэрмінова вярнуцца з камандзіроўкі (мужчына знаходзіўся ў іншым горадзе), клятвенна паабяцаўшы «памерці ад суму». Улічваючы, што гэта была ўжо не першая спроба Варвары чаго-небудзь дамагчыся пры дапамозе правакацыі, каханы вырашыў яе правучыць. Яму, дарэчы, удалося дасягнуць мэты: пасля выкліку «хуткай дапамогі» Варвара перастала шантажыраваць мужа з-за розных дробязяў.

Амаль анекдатычнымі выглядаюць спробы многіх прыгажунь правакаваць несвабодных мужчын, а дакладней, іх жонак ці пастаянных сябровак на скасаванне шлюбу (адносін). Чаго толькі жанчыны не «выкідваюць» у надзеі, што каханы, нарэшце, падасць на развод альбо яго жонка не вытрывае і збярэ яго рэчы! То спіну кіпцюркамі «пазначыць», то прадметы свайго інтымнага жаночага гардэроба па кутах кватэры, дзе каханы жыве разам з жонкай, распіхаюць. А адна ўзяла ды і напісала на спіне каханка, калі той спаў: «Ён здраджвае табе са мной! Жонка, ты — сляпая дурніца!». Зразумела, што пасля гэтага мужчына заставаўся жанатым ужо нядоўга...

Але, як удалося высветліць не толькі прадстаўніцы прыгожай часткі чалавецтва правакуюць мужчын, каб дасягнуць сваіх мэтаў, але і прадстаўнікі моцнай паловы не грэбуюць правакацыяй. Робяць мужчыны гэта звычайна, каб спакусіць якую-небудзь прыгажуню. Ды толькі жанчыны, у адрозненне ад прадстаўнікоў моцнай паловы, вельмі хутка разумеюць, што на самой справе неабходна мужчынам. І рэагуюць на такія паводзіны вельмі жорстка. Напрыклад, знаёмая Аксана прызналася, што спробы мужчын справакаваць яе на што-небудзь вельмі раздражняюць. «Аднойчы, — расказвае дзяўчына, — мяне паспрабаваў «зняць» адзін, каб потым пахваліцца сваёй перамогай перад сябрамі. Але я адразу яго «раскусіла»: падурыла галаву, паздзекавалася і хутка кінула»...

Нашы парады

Лілія Ахрэмчык, псіхолаг: «Уздзейнічайце непрыкметна!»

— Выбрыкі, правакацыі, маніпуляцыя — дастаткова эфектыўная мадэль паводзін, якой жанчыны карыстаюцца ўжо не адно стагоддзе. Аднак неабходна ўлічваць, што на адных мужчын дзейнічаюць толькі вельмі ненавязлівыя маніпуляцыі, а іншыя наогул не ўспрымаюць жаночых выбрыкаў. «Нічога дрэннага не зрабіў, а ў яе — істэрыка», — думае мужчына і вырашае, што жанчына проста неадэкватная. Увогуле, чым больш разумны і чулы мужчына, чым больш жанчына зацікаўлена ў працяглых з ім адносінах, тым больш непрыкметнай павінна быць спроба паўздзейнічаць на яго.

1379108373182_2

Вельмі шмат залежыць і ад мэты, якую жанчына сабе пры гэтым ставіць. Калі яна проста хоча прыемна правесці з мужчынам час, то правакаваць можна да поўнай перамогі — гэта значыць да сексу з ім. Калі мэта — прыцягнуць увагу мужчыны надоўга і ўсур'ёз, затрымаць яго, то неабходна зрабіць нешта адметнае і толькі потым пачынаць «іграць» на іншых струнах яго душы. Для чаго неабходна менш гаварыць самой, а больш — слухаць яго. Гэта дазволіць выведаць, чым ён жыве, што для яго з'яўляецца значным, чым ён цікавіцца ў жыцці. Такая стратэгія дазволіць жанчыне выглядаць у яго вачах разумнай, а час, на яе патрачаны, ён не палічыць дарэмным. Але ёсць з гэтага і выключэнні: некаторым мужчынам больш падабаецца менавіта гульня, якая для яго больш значыць, чым непасрэдна адносіны. У гэтым выпадку гульня з боку жанчыны будзе толькі яшчэ больш распаляць мужчыну. Калі ёй таксама гэта падабаецца, то яны знайшлі адзін аднаго.

У пастаянных жа адносінах неабходна памятаць, што правакаваць мужчыну можна толькі да таго часу, пакуль яму гэта падабаецца і ён атрымлівае задавальненне. Але і тут неабходна ведаць мяжу, за якую нельга пераходзіць, бо гульня жанчыны хутка пачне раздражняць мужчыну, дзейнічаць яму на нервы. А ў гэтым выпадку яго рэакцыя можа быць непрадказальнай. У маёй практыцы была жанчына, якая пастаянна пагражала мужу скасаваннем шлюбу. І ён паступова проста перастаў на гэта рэагаваць.
Калі ж вы ўсё ж такі перайшлі дазволеную мяжу, і мужчына раз'юшаны, то... прызнайцеся ў тым, што вы гулялі, каб распаліць яго, прыкіньцеся мілай, добрай і паслухмянай. Станьце зноў пяшчотнай, слабай і бездапаможнай. Гэта звычайна выклікае спачуванне з боку мужчыны і спыняе яго агрэсію. Калі ж жанчына пераходзіць дазволеную мяжу і працягвае далей свае выбрыкі, то яна можа страціць каханага. Памятайце пра гэта, жанчыны!

Алена КАВАЛЁВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».