Вы тут

Алё, народ на провадзе!


На пажар

...У той дзень у школу спяшаліся. Адзінаццацікласнікі, каб атрымаць першы ў жыцці дакумент аб сярэдняй адукацыі; іх бацькі ды настаўнікі, каб парадавацца за сваіх дзяцей і вучняў. Бо выпускны ж! Нарэшце!
Завуч не проста спяшалася, яна... спазнялася. Таму ляцела як на пажар. Святочная чырвоная сукенка шчыльна аблягала яе стройную фігуру, высокія абцасікі цокалі ўжо па мармуровых плітках у школьным двары. Яна амаль дабегла!
У вестыбюлі спахапілася: узгадала, што мабільнік у машыне застаўся! Значыць, трэба вярнуцца. Каб лацвей было, каб хутчэй, каб нішто не замінала, аддала дзяжурнаму настаўніку сваю чырвоную (пад колер сукенкі) сумачку...
Той узяў яе, патрымаў у руках і, напэўна ж, вырашыў, што гэтая дамская яркая рэч яму яўна не пасуе. Хацеў пакласці яе на крэсла...
І тут на вочы яму трапіў... вогнетушыцель, што чырванню адліваў у куце.
План жарту саспеў імгненна.
Праз хвіліну маладая завуч (ужо з мабільнікам у руцэ) зноў уляцела ў вестыбюль.
На ўваходзе настаўнік фізкультуры (па просьбе дзяжурнага) аддаў ёй сумачку, але ж жанчына на аўтапілоце, як той казаў, тармазнула і ля самога дзяжурнага. Ён таксама ёй штось падаў... Завуч схапіла і, у апошні раз прадумваючы сваё выступленне перад прысутнымі ў актавай зале, маланкай панеслася на другі паверх.
Па бетонных прыступках лесвіцы гучна цокалі яе абцасы. Школьнікі, іх бацькі і госці — усе, хто прыйшоў на выпускны, глядзелі жанчыне ўслед і насцярожана прынюхваліся: што загарэлася, дзе пажар? Ці не трэба таксама бегчы — дапамагаць тушыць?..
Нехта ўсё ж спыніў жанчыну і пра гэта спытаў.
Толькі тады яна ўбачыла, што сумачка яе вісіць на плячы, а ў руках яна нясе... вогнетушыцель.
Адкуль ён узяўся, сцяміла толькі потым, успомніўшы хітрыя вочы дзяжурнага настаўніка. Хацела пакрыўдзіцца на яго, але ж потым падумала, што баль на тое і баль. Ён павінен быць з музыкай, песнямі і, вядома ж, жартамі.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ,г. Мінск.

Рэдкі фасон

У кожнага ў дзяцінстве здараюцца выпадкі, якія запамінаюцца на ўсё жыццё.
У 50-я гады мінулага стагоддзя вяскоўцы жылі бедна, грошай на крамную вопратку не мелі. І таму наймалі краўцоў, якія нешта шылі і з новай тканіны, а найчасцей перашывалі — з неданошанага, са старога.
Неяк такі спецыяліст завітаў і ў нашу хату, дзе расло аж чацвёра хлапцоў, найбольшай зімовай забавай у якіх было коўзацца з гор — на лыжах, на санках ці нават на жыватах. Таму не варта, мусіць, казаць, што вопратка літаральна гарэла.
У той год мне пашчасціла, як нікому, бо менавіта на мяне перашываўся бацькаў стары кажушок. Кравец дамовіўся з аплатай, дастаў сантыметр, загадаў:
— Ну, стралец, калі хочаш абноўку, лезь на ўслончык — буду мерку здымаць.
У міг вока я сігануў на зэдлік, задраў галаву і ўжо адтуль скамандаваў:
— Хачу кажушок з касымі рукавамі.
Кравец здзіўлена паглядзеў на мяне, затым на бацьку, перапытаў:
— З якімі рукавамі?
— З касымі, — паўтарыў я. І стаў паказваць, якія б хацеў мець... кішэні.
Тут дарослыя рассмяяліся. Кравец нават слёзы выцер: маўляў, чаго толькі не шыў за сваё жыццё, а вось кажушкоў з касымі рукавамі пакуль не даводзілася.
Але ён, вядома ж, з задачай справіўся. І ў хуткім часе я ўжо прыбраўся: стаў фарсіць у новым кажушку. Ну і што, што ён быў пашыты са старога? Мае аднагодкі тады не мелі і гэткага.

М. БАГДАНАЎ, в. Новы Пагост, Мёрскі раён.

След на зямлі

«Ну, ты выгадна прадаў! Як Якім ката», «Ну ты ўляпаўся... Як той поп з катом»... Толькі ў нашай вёсцы, відаць, пачуеш гэтыя фразы. Мала хто ўжо і памятае, адкуль яны.
А справа, між іншым, была так.
На пачатку 60-х гадоў на ўскрайку вёскі жыў невысокі каржакаваты мужык. Працаваў ён трактарыстам, сям'і не меў, выпіваў, мякка кажучы. І вось неяк, хапіўшы лішняга, трапіў ён не ў сваю родную хаціну, а ў капліцу на могілках.
Далей ногі, мусіць, не неслі, бо ўладкаваўся ён побач з труною і заснуў, як у сябе на печы.
Колькі там спаў, — наступіла раніца: поп Аўгусцін са сваякамі нябожчыка прыйшоў таго ў лепшы свет праводзіць. Дзверы адчыніў — і вачам не паверыў...
— Свят-свят-свят, — стаў шаптаць ды хрысціць медным крыжам капліцу, — згінь, нячыстая сіла! Цьфу!
Вось ад гэтага нечаканага гуку п'яны прачнуўся.
— Ах ты, грэшнік! Ах ты бязбожнік! Сораму ні на грам! — накінуўся на Якіма святар.
Горш за тое, ён потым скардзіцца пайшоў — у міліцыю, старшыні сельсавета. Якіму штрафу ўляпілі.
Той заплаціў. І, мусіць, тады ж вырашыў айцу Аўгусціну адпомсціць.
А тут і нагода якраз. Поп задумаў хату новую ставіць. Ужо і сцены вывеў, і кроквы падняў — можна страху крыць... Цвікоў няма. І не дастаць!
Якім узяўся дапамагчы. Разам са сваімі сябрукамі знайшоў невялікую скрынку (якраз з-пад цвікоў!), наклаў туды камення, а зверху — здохлага ката. Занёс на будоўлю. І, як ні дзіўна, вярнуўся потым з грашыма!
Карацей — назаўтра ўся акруга ўжо ведала, як поп ката купіў, а Якім — прадаў.
Такую вось памяць ён вяскоўцам пакінуў, бо яно ж кожны пасля сябе нешта на зямлі пакідае.

Віктар САЛАНЕЦ, г. Любань.

У грыбы

Не люблю я, калі гавораць: «Вой, а грыбоў у лесе! Хоць касою касі!». Ага, нараслі і чакаюць, пакуль ты закладзеш... Касу.
А вы што падумалі?
Вы проста ўспомнілі, як ездзілі збіраць? Я — таксама. Бо некалі ж ці не паўсюль завядзёнка была — у выхадны ўсім калектывам у лес выязджаць... Часам, праўда, не ведаючы, дзе ён: на ўсходзе ці на захадзе.
Мы неяк паехалі на поўдзень, бо кіроўца сказаў, што цяпла і сонца там больш. А таму і грыбоў быць павінна...
Нас у прадчуванні аж на песні пацягнула: жанчыны спявалі пра Янку, які ў суботу ехаў ля ракі, мужчыны — пра Яся, што канюшыну касіў, невядома, праўда, у які дзень. Хутчэй за ўсё, у пятніцу, але з-за гэтага асабліва не перажывалі.
На 17-м кіламетры ў прэферанс гуляць пачалі. Потым у нейкай вёсцы ў крамку заскочылі. Там піва было і ўсё астатняе. Узялі. Не дачакаўшыся заезду ў лес, перакусілі. Мужчыны забыліся словы сваёй песні і сталі падпяваць жанчынам. Але ў іх таксама добрыя песні скончыліся, таму спявалі абы-што... Нават пра бутэльку віна... Маўляў, калі яе вып'еш — не баліць галава, «а болит у того, кто не пьёт ничего».
Перад абедам напаткалі лясок, але ён быў надта хвойны: у ёлкі-палкі лезці не хацелася. Да таго ж скончылася піва, і мы зноў паехалі шукаць краму. Кіламетраў праз 50 знайшлі. Праўда, піва там не было — хтосьці выпіў. Жанчыны сталі гаварыць, што абыдзецца. А мужчыны закрычалі: «Ніколі ў жыцці! Чаго тады на прыроду ехаць?!.» І адправілі ў краму Сцяпана.
Сцяпан не падвёў — узяў усё, што трэба: пляшак пяць гарэліцы і адну бутлю віна. Здаецца, вінаграднага. І не зусім сухога.
Пад вечар мы ўбачылі сапраўдны лес, без колкіх ялін. Падрулілі ўшчыльную, але ніводнага дуба не знайшлі, таму ўладкаваліся пад бярозай.
Праз гадзіну высветлілася, што гэта асіна. Наш ветэран Мітрафанавіч прапанаваў неадкладна змяніць месца: у гэтым макроцці, маўляў, шмат камароў і іншых казявак, а трава асака вельмі рэжа вушы. Аднак большасць заявіла, што камароў хутка разгоніць дым, што ім і тут не мулка і не колка. А таму, каму рэжа вушы, параілі не дужа круціць галавой.
Пасля нядоўгай перапалкі зноў выпілі. Закусілі. Усім да смаку прыйшліся салёныя рыжыкі, якія прыгатавала маладая супрацоўніца Лена. За яе выпівалі тройчы. А вось за хлопца яе — ні разу, бо ён сваім прыёмнікам хацеў кароткія хвалі з Парыжа злавіць і антэнай ледзь не выкалаў вока бухгалтару. Той пакрыўдзіўся, пайшоў у балота і паклаў галаву ў мох.
Тыя, у каго галовы былі наверсе, на ўзгорку выпадкова заўважылі дуб. Два чалавекі палезлі на яго шукаць жалуды. Адзін неўзабаве чмякнуўся і нешта сабе пашкодзіў, але спачуваць яму сілы не было. Тым больш што ён і не плакаў — кульгаючы, хадзіў вакол аўтобуса...
Жанчыны завялі размовы пра справы і абновы, папракалі мужоў, казалі, якія яны гады.
У сваю чаргу мужчыны сцвярджалі, што ўсе жанчыны — змеі. Загадчык аддзела маркетынгу доўга пераконваў, што словы «гады» і «змеі» маюць аднолькавы сэнс. Але яму ніхто не паверыў. Тады ён пакрыўдзіўся і пайшоў у лес — шукаць салаўя...
Увогуле ўсё было добра, пакуль нехта не распаліў агонь побач з заднім колам аўтобуса. Шафёр раззлаваўся, пачаў крычаць і пагражаць неадкладным ад'ездам. Завёў рухавік і доўга бібікаў... Усе, хто мог яшчэ хадзіць, падцягнуліся да машыны. Паехалі. З паўдарогі вярнуліся і забралі астатніх.
Па дарозе ад няма чаго рабіць наш бухгалтар па зорках вызначыў, што раніцой мы паехалі не на поўдзень, а ў супрацьлеглы бок. А вось цяпер, паведаміў ён, курс вельмі правільны. Толькі гэта ўжо мала каго хвалявала. Галоўнае, да поўначы ўсе былі дома.
...Так што ведаем мы гэтыя грыбы! Калі не возьмеш з сабой марынаваных ці засоленых, дык у лесе іх можаш і не ўбачыць.

В. ЧАРОМХА, г. Магілёў.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».