Вы тут

Амаль 10 тысяч азартных гульцоў «завязаліся»


На тэрыторыі нашай краіны дзейнічае 477 ігральных устаноў, у тым ліку 31 казіно, 275 залаў гульнёвых аўтаматаў і 171 букмекерская кантора. Такую інфармацыю, па стане на пачатак ліпеня, далі рэдакцыі ў прэс-цэнтры падатковай галіны. Толькі за апошні год такіх ігральных аб'ектаў стала на 22,2% больш, у тым ліку на 4 новыя казіно, 46 залаў гульнёвых аўтаматаў і 38 букмекерскіх кантор. З такімі тэмпамі «забаўляльнага» росту наша краіна хутка пачне канкурыраваць з Лас-Вегасам. Цікава, а колькі грошай атрымлівае дзяржава ад гэтага бізнесу і, увогуле, кім і як ён у нас кантралюецца? На гэтыя і іншыя пытанні нам адказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю падакцызных тавараў, ігральнага бізнесу і электронных сістэм кантролю рэалізацыі тавараў Міністэрства па падатках і зборах Ларыса Шыбко.

— Ці добрую «капейку» атрымлівае бюджэт краіны ад гэтых устаноў?
— За першае паўгоддзе сёлета фактычнае паступленне падатку на ігральны бізнес склала 165,1 млрд рублёў. Планавыя паступленні па падатку на ігральны бізнес на пачатак ліпеня выкананы ў цэлым па рэспубліцы на 104,4%. Тэмп росту паступленняў па падатку на ігральны бізнес у супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 193,7%.

— Падаткі заўсёды плацяцца своечасова?


—Для суб'ектаў ігральнага бізнесу прадугледжана даволі сур'ёзная адказнасць за няўплату ці няпоўную аплату падаткаў. Такія парушэнні на працягу двух месяцаў запар прадугледжваюць нават спыненне дзеяння спецыяльных дазволаў (ліцэнзій). Такія выпадкі сустракаюцца даволі рэдка, але ўжо здараліся.

— Ці выяўляюцца вашымі кантрольнымі структурамі незаконныя схемы ігральнага бізнесу, напрыклад, «шэрыя» гульнявыя аўтаматы ці нешта іншае?
— У нашай краіне ўжо не першы год дзейнічае рэестр падобнага абсталявання. Гэтае абсталяванне цяпер можа выкарыстоўвацца толькі пасля яго ўключэння ў такі дзяржаўны рэестр. Гэтую працэдуру сёння ажыццяўляе Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі і БелДІСС. Адзначу асобна, што пасля таго, як у нас пачаў дзейнічаць гэты рэестр, выпадкаў выкарыстання фальсіфікаванага абсталявання не было.

— Хто пераважна займаецца ігральнай справай? Існуюць чуткі, што фінансаванне падобных структур мае «маскоўскую» прапіску...
— У нас не існуе нейкіх спецыяльных абмежаванняў у той часцы, хто можа займацца гэтым бізнесам. Вызначана галоўнае патрабаванне аб тым, што падобную дзейнасць павінны ажыццяўляць юрыдычныя асобы Беларусі. А вось хто будзе ў складзе такой арганізацыі, для нас гэта вялікага значэння не мае. Ігральная ўстанова можа быць створана на базе прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, дзе ёсць адзін ці некалькі ўласнікаў. У склад такіх уласнікаў юрыдычнай асобы можа ўваходзіць грамадзянін або юрыдычная асоба Беларусі або нейкай іншай дзяржавы.

— Ці атрымлівалі падатковыя службы прэтэнзіі ад мясцовага насельніцтва або юрасоб да дзейнасці арганізацый ігральнай накіраванасці?
— Да нас паступалі звароты і ад грамадзян, і ад юрыдычных асоб. Напрыклад, да таго часу, як быў уведзены механізм самаабмежавання наведвання ігральных устаноў, да нас звярталіся людзі з прапановай увесці на тэрыторыі такіх аб'ектаў патрабаванне прад'яўляць дакумент, які пацвярджае асобу, пры ўваходзе туды. Такая норма была рэалізавана. Цяпер на тэрыторыі ігральных устаноў могуць знаходзіцца толькі фізічныя асобы ва ўзросце пасля 18 гадоў (і толькі пасля прад'яўлення дакумента, што пацвярджае асобу), не самаабмежаваныя ў наведванні ігральных устаноў.

— Наколькі запатрабаваным стаў такі механізм самаабмежавання?
— Па стане на 5 верасня гэтага года было зарэгістравана 9 993 фізічныя асобы, якія добраахвотна абмежавалі сябе ад наведвання ігральных устаноў. Мінімальны тэрмін такога самаабмежавання складае 6 месяцаў, а максімальны — 3 гады.

У рэспубліцы па выніках першага паўгоддзя сёлета зарэгістравана 10 930 аб'ектаў падаткаабкладання падаткам на ігральны бізнес, што на 2696 адзінак больш, чым на адпаведную дату летась, у тым ліку 189 ігральных сталоў, 10547 гульнёвых аўтаматаў і 194 касы букмекерскіх кантор. Гульнёвыя аўтаматы складаюць 96,5% ад агульнай колькасці аб'ектаў падаткаабкладання, ігральныя сталы — 1,7%, касы букмекерскіх кантор — 1,8%.

Даведка

Удзельная вага падатку на ігральны бізнес у паступленнях, якія кантралююцца Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, за першае паўгоддзе склала 0,3% і павялічылася на 0,1 працэнтнага пункта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Падатковымі органамі за першае паўгоддзе 2013-га зроблена 21 праверка юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы ігральнага бізнесу.

Па выніках праверак даналічана 858,9 млн рублёў, у тым ліку падаткаў — 597,3 млн рублёў, арыштавана таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 2,6593 млрд рублёў.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.