Вы тут

«Заўсёды ёсць нагода для торта!»


На амерыканскім тэлебачанні ёсць папулярная рэаліці-перадача «Саkе bоss». Уладальнік пякарні Бадзі Валастра разам з камандай кандытараў вырабляюць незвычайныя торты. Проста глядзіш і дзівішся людской фантазіі! Торты неверагодных памераў — у выглядзе караблёў, будынкаў... Калі я бачыла гэтыя вырабы мастацтва, успамінала вітрыны беларускіх кандытарскіх, дзе наўрад ці можна знайсці нешта цікавейшае, чым бярозкі, ружачкі ды мішкі на паляне. Але ж калі надыходзіць свята, заўсёды хочацца чым-небудзь здзівіць. Так мяне аднойчы здзівілі сябры, падараваўшы на дзень народзінаў незвычайны торт, на якім красаваўся амаль увесь жаночы арсенал: памада, пудра, цені... Вядома ж, прыдатныя ў ежу. Затым я спытала ў іх, дзе яны знайшлі такі цуд. У адказ сябры пазнаёмілі мяне з Настассяй Шырэйкай, якая адкрыла свой бізнес па вырабе і продажы эксклюзіўнай кандытарскай прадукцыі.

1379108393967_1

— Ці лёгка маладой дзяўчыне пачаць бізнес?
— А як вы думаеце? (Смяецца.)

— Думаю, што не. Аднак, гледзячы на тое, што ў вас атрымалася, я разумею, што гэта магчыма...
— Усё рэальна і магчыма! Я вас у гэтым запэўніваю. Чалавек сам замінае свайму шанцу на поспех, прыдумляючы адгаворкі «зараз няма часу, няма магчымасці»... Усё ў вас ёсць! Хутчэй за ўсё, проста не хапае матывацыі. Я жыву па прынцыпе, што можна ўсяго дасягнуць, калі сапраўды гэтага жадаць.

Зусім без вопыту, неабходных знаёмстваў было цяжка. Ты ж мяне бачыш! — смяецца Настасся, мініяцюрная мілая дзяўчына. — Многія не маглі зразумець, чаго я ад іх хачу. Розныя моманты былі. Некаторыя пыталіся: «Дзяўчына, а вам 18 ёсць?» Асабліва ў дзяржаўных інстанцыях не хацелі мяне ўсур'ёз успрымаць. Прыходзілася ісці на кампрамісы і даводзіць, што я магу весці бізнес.

1379108396231_2

— Раскажыце пра свой калектыў.

— Наш калектыў складаецца з чатырох чалавек. Я адказваю за арганізатарскія справы. У нашага кандытара Юліі Садоўскай вопыт працы ўжо 12 гадоў, цяпер яна кандытар вышэйшай катэгорыі. Праектам саkеs.bу мы займаемся з ёй разам ужо чацвёрты год. Пазнаёміліся, калі шукала чалавека, які б зрабіў торт мне на вяселле. Гэта цяпер прасцей, бо з'явіліся людзі, якія і на даму працуюць, а тры гады таму нічога падобнага наогул не было. Мне хацелася казачны торцік, як на малюнку. Ніхто не хацеў ім займацца. Мне пашанцавала, знаёмыя далі кантакты Юліі. Яна прыгатавала проста шэдэўр! Торт настолькі спадабаўся нам і гасцям, што пасля вяселля я на кожнае свята замаўляла ў яе штосьці цікавенькае. Паралельна я планавала адкрыць уласную кавярню, кандытарскую. Як бачыце, у пэўны час, у пэўным месцы мы сустрэлі адна адну.
Наогул, я веру, што калі ты рухаешся ў правільным кірунку, то патрэбныя людзі самі знаходзяцца, належным чынам складваюцца абставіны. Першапачаткова планы былі нерэальнымі. Хутчэй, гэта былі мары. Калі пачалі падлічваць матэрыяльную базу, вывучаць заканадаўства, стала зразумела, што не ўсё фінансава мы можам сабе дазволіць. Зарэгістравалі ЧУП, дамен саkеs.bу, таварны знак. Першыя кліенты, вядома, былі знаёмыя. Спачатку я замаўляла ў Юліі. Усе, хто каштаваў ласункі на маіх святах, таксама ішлі да яе. Так і запрацавала гэтая знаёмая ўсім сістэма.

1379108399705_3

Наш бізнес, хутчэй за ўсё, трэба разглядаць як інтэрнэт-бізнес. Мы займаемся сайтам, паблікамі ў сацыяльных сетках, рэкламай у сеціве. Заказы прымаем таксама анлайн, гэтым займаецца Ірына. Затым кліенты прыязджаюць да нас з ужо канкрэтным пажаданнем, што і як. Так прасцей. А потым мы разам фантазіруем, дапамагаем ім.
Сайт працаваў два гады, і тады мы змаглі дазволіць арандаваць памяшканне, шмат часу затрацілі на рамонт. За гэты час я паспела нарадзіць дзіця. Не магла пакінуць займацца любімай справай нават на 38-м тыдні цяжарнасці. Цяпер дачка з мужам. Ён з павагай ставіцца да майго праекта, падтрымлівае.

Нядаўна прынялі ў штат яшчэ аднаго кандытара. У нас чыста жаночы калектыў. Нам весела разам! Усе прыблізна аднаго ўзросту, ёсць агульныя тэмы.

Няхай у нас невялікая кавярня, але мы ганарымся, што ўжо гэтага мы дабіліся абсалютна самастойна і за ўласныя сродкі. Пакуль гэта сціплы кафетэрый, але ў нас усё наперадзе.

— Ці адчуваеце вы канкурэнцыю?
— Тры гады таму, калі мы пачыналі, падобнага было значна менш. Цяпер гэта пачынае распаўсюджвацца. Але больш на неафіцыйным узроўні. Жанчыны займаюцца выпяканнем на замову на даму і разглядаюць гэтае хобі як дадатковы заробак. Але мы ў першую чаргу ад такога хацелі адысці. Мы гарантуем якасць, выкарыстоўваючы толькі сертыфікаваныя прадукты пры вырабе нашых прысмакаў. Гэта вельмі важна! Я сама, як маладая маці, разумею, наколькі патрэбна, каб торт для дзіцяці быў натуральным. Канкурэнцыя невялікая. Тых, хто, як і мы, адказвае за якасць, мастацкае выкананне, індывідуальны падыход да кліента, мала.

— Гэта добра ці дрэнна?
— Канкурэнцыя — гэта добра! Яна прымушае рухацца наперад, станавіцца лепш. Кандытарскі рынак у нашай краіне яшчэ не ахоплены. І будзе вельмі добра, калі з'явяцца новыя падобныя праекты. Мы, напрыклад, часам адмаўляемся ад заказаў, бо не хапае часу. Цяпер у нас працуе 2 кандытары, якія выпякаюць да дзесяці тартоў на дзень. А хацелася б паспяваць больш. Мы ў пошуку персаналу. Наша мэта не «ўрваць» як мага больш грошай. Нам важна, каб людзі ставіліся да сваёй працы з любоўю, хацелі развівацца ў гэтым кірунку. Цяжка падабраць новых людзей у каманду. Але ж попыт будзе!

— У чым асаблівасць вашых ласункаў?
— Мы сочым за еўрапейскімі, амерыканскімі тэндэнцыямі. Выпякаем шмат цікавых і мілых рэчаў. Больш апіраемся на амерыканскія традыцыі. Сёння вельмі папулярныя капкейкі. Гэта пірожныя з крэмам, упрыгожаныя масцікай, вельмі смачная альтэрнатыва тортам. Асабліва на дзіцячых святах і карпаратывах. Торт разрэжаш, і ён ужо не такі прыгожы. А тут кожнаму госцю па міні-торціку. Гатуем печыва, пірожныя — як класічныя, так і незвычайныя, торты па хатніх рэцэптах: «Мядовы», «Напалеон»...
У нас індывідуальны падыход. Калі на канкрэтны кампанент алергія, мы заменім яго. На днях атрымалі вельмі цікавы заказ ад мамы — дызайнера адзення. Яна прывезла ўзор тканіны, з якой пашыта сукенка для маленькай імянінніцы, і папрасіла упрыгожыць торт, як тканіну... Галоўнае, каб кліент застаўся задаволены. Цяжэй за ўсё, калі людзі не могуць канкрэтна выказаць сваё пажаданне. Мы ўлічваем кожную дэталь. Напрыклад, калі замаўляюць торт на юбілей, мы пытаем, чым цікавіцца юбіляр, род яго дзейнасці. Бывала, што выпякалі і імправізаваную будоўлю, і рыбалку, і бабулю-імянінніцу за швейнай машынкай... Усяго не пералічыць! Мы любім упрыгожваць торты маленькімі дэталямі. Калі гэта торт для дзяўчыны, то на ім могуць быць і кветкі, і прыдатная да ежы касметыка. Торт з'елі, а салодкі напамін аб свяце ў выглядзе памады можна пакінуць і на месяц.

— Па якіх нагодах замаўляюць у вас салодкае?
— Самыя папулярныя — вяселлі і дзіцячыя дні нараджэння. Але я лічу, што заўсёды ёсць нагода для торта! Неяк мае сваякі набылі ўчастак для дачы. У падарунак мы зрабілі ім торт у выглядзе дома з агародам. І потым сям'ёй выбіралі, каму якая дзялянка дастанецца. Ці, напрыклад, набыццё аўтамабіля! Альбо калі муж марыць пра машыну, але пакуль не мае дастаткова фінансаў, чаму б не падарыць яму салодкі варыянт?

Нашы торты — гэта толькі натуральныя інгрэдыенты і цалкам ручная праца, таму выпечка не можа быць таннай. 1 кг торта будзе каштаваць каля 230 000. Мы намагаемся рабіць цэннік даступным, але ніжэй апусціць ужо не можам.

Галоўнае — гэта жаданне! Натхняйцеся вопытам нашай гераіні і стварайце свае шэдэўры!

Вераніка ЦВІРКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?