Вы тут

У Парычах будзе... «Парыж»


У невялікім гарадскім пасёлку Парычы ў Светлагорскім раёне мясцовы прадпрымальнік будуе цэлы комплекс прыдарожнага сэрвісу і зусім не сумняваецца ў паспяховасці гэтага праекта.

— Як карабель назавеш, так ён і паплыве, — кажа прадпрымальнік Іван КАРАТКЕВІЧ. — Наша прыдарожная кавярня будзе мець назву «Парыж»! Гучна? Верым, што яе палюбяць не толькі жыхары нашага маленькага пасёлка, але і ўсе падарожнікі: праз Парычы вядуць галоўныя дарогі на беларускі поўдзень і ва Украіну, аўтамагістралі не сціхаюць ні ўдзень, ні ўначы.

1379367474926_1

...Тры гады таму гэты прадпрымальнік набыў пляцоўку, на якой некалі месціўся завод жалезабетонных вырабаў. Ужо гадоў з дваццаць тэрыторыя пуставала, будынкі прыйшлі ў заняпад. Выгляд пасёлка і без таго быў сумны. Я добра памятаю і свае асабістыя ўражанні, настрой псаваўся, калі даводзілася ехаць праз Парычы. Змрочны выгляд аўтастанцыі, каля якой дагэтуль стаіць «традыцыйная» прыбіральня, па суседстве туляцца састарэлыя заводскія пабудовы... Узнікала жаданне хутчэй пакінуць пасёлак.
У двары колішняга завода прадпрымальнік наладзіў вытворчасць па распілоўванні драўніны, цесляры пачалі зборку дамоў з круглякоў, знайшлося месца майстру па мастацкай апрацоўцы каменю. Трэба было дбаць і пра вонкавы выгляд прадпрыемства. Але як падступіцца да гэтай далёка не таннай справы? Як гэта часта здараецца, дапамог выпадак.

1379367476474_2

— Калі чарговы раз у нашай вёсцы Скалка (суседняй з Парычамі) прапала электрычнасць, а туліцца ў хатняй цемры не хацелася — ні тэлевізар паглядзець, ні пачытаць, ні вячэру прыгатаваць, — узяў дзяцей і паехаў у пасёлак у кавярню, спадзяваўся падсілкавацца гарачымі стравамі. А там на вітрыне — адны шакаладныя батончыкі і мінералка, — дзеліцца ўспамінамі Іван. — І гэткая злосць мяне ўзяла, крыўдна стала, што ўсё жыццё адчуваеш сябе перыфірыйным чалавекам, залежным і ад чыёйсьці безгаспадарнасці, ад бясконцых здарэнняў і непрадбачаных стыхій. Вось і вырашыў узвесці цэнтр, у якім можна будзе і смачна падсілкавацца, і час правесці за кубачкам кавы, і з сябрамі-суседзямі пабачыцца. Чаму звычайныя вяскоўцы не могуць дазволіць сабе сабрацца ўвечары за столікам, як тыя ірландцы, французы альбо палякі?

1379367479861_3

Прыдарожны сэрвіс — гэта яшчэ і дадатковыя працоўныя месцы, і папаўненне мясцовага бюджэту. Іван узяў у банку крэдыты, распрацаваў праект па рэканструкцыі старога адміністрацыйнага будынка, набыў будматэрыялы, запрасіў брыгаду майстроў, распачаў будоўлю... Цяпер засталіся невялікія ўнутраныя работы, завяршаецца адстройванне фасаду, хутка пачнецца ўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
— Акрамя офісных пакояў і залы кавярні ў нас будуць чатыры гасцінічныя нумары, некалькі памяшканняў для гульні ў боўлінг і більярд. Спадзяёмся, што Новы год многія жыхары Парычаў і навакольных вёсак прыйдуць сустракаць у наш «Парыж». Жадаем, каб наша Беларусь была прывабнай для гасцей з самых розных краін, але ў першую чаргу мы клапоцімся пра саміх сябе, — кажа Іван Караткевіч.

Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара.


Светлагорскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».