Вы тут

Жыццё як простая рэч


Сёння сусед зверху нешта доўга і старанна прыбіваў. Мабыць, плінтус адышоў, але не, гэта хутка паправіць: тры разы стукнуў — і гатова. Тут чалавек працаваў грунтоўна. За гэты час можна крэсла паламанае адрамантаваць альбо стол ці шафу. Усё б нічога, толькі рамонтныя работы ён праводзіў на пачатку шостай гадзіны раніцы. Што тут зробіш, такі рэжым у чалавека. Праўда, рэжым апошнім часам рэзка памяняўся. Раней усё адбывалася вечарам: спачатку сусед сварыўся з жонкай (у панэльнай шматпавярхоўцы чуваць нават словы і фразы), а потым, відаць, каб зняць стрэс, лупіў малатком па нейкіх дошках. І гэта, як правіла, адбывалася вечарам, часам зацягвалася да дванаццаці ночы. Цяпер вось — раніцай і без сваркі.

1379367491529_777

Успомніла пра сённяшняе абуджэнне, калі чарговы раз патэлефанавала чытачка са сваёю бядою. І сапраўды навала, а паратунку знайсці нельга. Я ўжо пісала ў газеце пра велізарны святлодыёдны экран, які ўстанавілі ў Брэсце на плошчы Леніна, недалёка ад дома №24. Гэты сучасны від рэкламы цяпер ёсць у любым буйным горадзе, калі на экране ўвесь час мяняюцца ролікі, карцінкі, і голас за кадрам чытае бягучы радок. Патэнцыяльных спажыўцоў заклікаюць купіць, адпачыць, пакатацца, наведаць... І так з дня ў дзень, з ранку да вечара.
І людзі ў названым доме сталі прымусова слухаць гэтую трансляцыю. Адна з кватэранаймальніц тады тэрмінова памяняла вокны, але і трайны шклопакет не абараніў ад манатоннага гучаку. Людміла Пятрова пайшла па суседзях, сабрала подпісы, заяву занеслі ў гарвыканкам. Тады ў дом накіравалі спецыяліста з санітарнай службы, ён замераў узровень шуму і выдаў заключэнне, што велічыня дэцыбэлаў не перавышае крытычнага парога. У афіцыйным адказе таксама зазначалася, што ўзровень шуму ад экрана не перавышае звычайны вулічны шум.
Такі падыход жыльцоў не задаволіў, яны сталі звяртацца ў інстанцыі далей. Справа ж не ў велічыні гуку. Любы псіхолаг скажа вам, што бесперапынная паўтаральнасць аднаго і таго ж тэксту здольная давесці чалавека ледзь не да вар'яцтва. Тым больш калі чалавек немалады і не вельмі здаровы. А дом, ля якога стаіць экран, даволі стары. Жывуць там у асноўным пенсіянеры, людзі, якія большую частку дня знаходзяцца ў кватэрах. І калі тэлевізар ці радыё заўсёды можна выключыць, ад гэтай гвалтоўнай рэкламы нідзе не схаваешся. Цікава, што на вуліцы гуку амаль не чуваць, яго перакрывае шум машын. Затое ў кватэрах, вокны якіх выходзяць на гэты бок, бясконца прапануюць пельмені мясцовага мясакамбіната і макарону пэўных вытворцаў. Для тых, хто скача на цяперашніх дыскатэках ці праводзіць час у начных клубах, такі гук не страшны. А вось для людзей з чуйнай нервовай сістэмай, для тых, хто пакутуе на сэрца, гэта стала штодзённым выпрабаваннем. Толькі хто потым дакажа, што прыступ справакаваны менавіта раздражненнем ад навязлівага шуму?..
Дык вось, пасля згаданай публікацыі наша газета атрымала адказ з аблвыканкама, дзе гаворыцца: «Дасягнута дамоўленасць паміж гарвыканкамам і ТАА «БізнесІнфа Сістэма» (гаспадар экрана. — Аўт.) аб паэтапным выключэнні з трансляцыі гукавой рэкламы». Здавалася б, заклікі пачутыя, людзям набрацца цярпення і чакаць. Бо названае прадпрыемства — камерцыйная структура, і яно мае абавязацельствы перад рэкламадаўцамі. А за што заплачана, тое мусіш трансляваць.
Калі пазваніла Людміла Пятрова, я адразу ўспомніла і яе візіт, і той матэрыял. Толькі вось адразу цяжка было паверыць, што... прайшло тры гады. Зверылі, усё правільна, афіцыйны адказ датаваны 27 кастрычніка 2010 года. Абяцанага людзі чакалі амаль тры гады, ды так і не дачакаліся.
На згаданым прадпрыемстве вельмі здзівіліся майму пытанню, удакладнялі дату, нумар, фармулёўку адказу з аблвыканкама. Потым ветлівая дзяўчына перазваніла і паведаміла, што за гэты час у іх два разы былі праверкі па лініі санітарнай службы. Вердыкт спецыялістаў: узровень рэкламы не перавышае ўзровень шуму вуліцы. Так што прадпрыемства функцыянуе ў рамках закона, і ні пра якае выключэнне гуку гаворка ісці не можа.
Нічога іншага чакаць і не даводзілася б у гэтай сітуацыі. Што той дзяўчыне да людзей з дома № 24? У яе свая работа, а ў яе кіраўнікоў свой бізнес. Гэтыя наступствы павінны былі прадугледзець службовыя асобы гарвыканкама, калі давалі дазвол на ўстаноўку экрана. Але і ім, відаць, не прыйшло ў галаву падумаць пра жыльцоў дома — урэшце, раздражняльнік стаіць не ля іх акна.
Вы, напэўна, заўважылі, што даўно ўжо ўсе так жывём: у аднаго сусед зранку малатком у столь ляпае, другога «дасталі» курцы на прыпынку, якія дымяць ледзь не ў твар, трэцяму, ці бачыце, не даспадобы феерверкі, якімі моладзь бавіцца ноч напралёт. І гэта — праблемы таго, каму не падабаецца, каму перашкаджае, каго нервуе. Большасць з нас існуе так, як самім выгадна, не зважаючы на другога. Калі мы такімі сталі?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».