Вы тут

«Бацька» Хатабыча нарадзіўся ў Віцебску


Сёлета — 110 гадавіна з дня нараджэння Лазара Лагіна, пісьменніка, народжанага ў Віцебску, які ў ліку іншых напісаў славуты твор — казку «Стары Хатабыч». Было гэта роўна 75 гадоў таму.
Ужо даўно ідзе размова пра тое, што ў Віцебску ўвекавечаць памяць Лагіна помнікам яго самаму вядомаму герою. Пра неабходнасць гэтага шмат казалі і на 100-годдзі з дня нараджэння Лагіна, і раней.

1379367502783_1

Несцерка, Міколка-паравоз і Хатабыч

Адзін са старэйшых паэтаў Беларусі — віцябчанін Давід Рыгоравіч СІМАНОВІЧ, якому сёлета споўніўся 81 год, ужо даўно марыць, каб у Віцебску паставілі помнік не толькі Хатабычу, але і іншым літаратурным героям, якіх прыдумалі літаратары — выхадцы з Віцебшчыны.
— Напрыклад, Міколку-паравоза прыдумаў Лынькоў — наш з вамі зямляк. Было б добра таксама ўстанавіць скульптуры каго-небудзь з герояў Быкава, Караткевіча, Вольскага (Несцеркі. — Аўт.), чыё жыццё звязана з Прыдзвінскім краем.
Што датычыцца Лагіна і Хатабыча, на думку Давіда Рыгоравіча, помнік апошняму, несумненна, павінен быць у Віцебску, бо Хатабыч — адзін з самых цікавых і папулярных літаратурных вобразаў, які ведаюць з дзяцінства.
Упершыню пра тое, што Лагін — творчы псеўданім, Давід Сіманавіч даведаўся ад вядомага журналіста і пісьменніка Уладзіміра Мяжэвіча (былі разам у камандзіроўцы ў Гродне).
А ці памятае паэт прыезд Лагіна ў 1974 годзе на 1000-годдзе Віцебска? Аб гэтым наведванні роднага горада Лагіным згадваецца ў многіх артыкулах.
— Ды хто вам сказаў, што ён прыязджаў? Мы з Лагіным на юбілеі горада не сустракаліся. Прынамсі, я тады ў Віцебску яго не бачыў. Можа, Лагін і быў, але я гэтага не ведаю. Магу згадаць прозвішчы ўсіх з кагорты вялікіх землякоў, каго я прапанаваў запрасіць гаркаму КПБ на святкаванне. Сярод іх — Броўка, Караткевіч, Азгур, Фрадкін і іншыя. З імі я меў зносіны, з Лагіным — не, — здзіўляецца майму пытанню паэт.
У некаторых артыкулах пра Лагіна ўпамінаецца, што ён быў на святкаванні 1000-й гадавіны Віцебска, але не афішаваў свой візіт. У прыватнасці, пра гэта пісала яго дачка — журналіст і літаратар.

1379367503469_2

Лагін — ад Лазар Гінзбург

Напэўна, насамрэч Лазар Іосіфавіч Гінзбург, які прыдумаў сабе псеўданім на аснове першых літар свайго імя і прозвішча, мог дазволіць сабе «раскошу» ў 1974 годзе без лішняй увагі да сябе пахадзіць па роднаму гораду. Тут ён нарадзіўся 21 лістапада 1903 года (па старым стылі) у беднай яўрэйскай сям'і. Ён быў першым з пяцярых дзяцей Іосіфа Файвелевіча і Ханы Лазараўны. Яго бацька займаўся перагонам плытоў па Заходняй Дзвіне.
Па некаторых звестках, ужо ў наступным годзе сям'я пераехала ў Мінск. Але іншыя даследчыкі творчасці пісьменніка канстатуюць, што ў Мінску юны Лазар аказаўся ва ўзросце 5 гадоў. Гэта адбылося, калі ў цяперашняй сталіцы нашай краіны бацька хлопчыка адкрыў скабяную краму.
Вядома, што ў 1919 годзе 15-гадовы Лазар скончыў сярэднюю школу ў Мінску. Потым адправіўся добраахвотнікам на грамадзянскую вайну. Займаўся арганізацыяй камсамола ў Беларусі, быў адным з яго кіраўнікоў. А ў хуткім часе ў газетах пачалі друкаваць яго першыя вершы і заметкі.
Пра тыя вершаваныя «спробы» Лазар Іосіфавіч іранічна напісаў у прадмове да адной са сваіх кніг: «Паслухайце, шчыра кажучы, у мяне ёсць немалая заслуга перад айчыннай літаратурай: я своечасова і навекі перастаў пісаць вершы». Тады ж ён сустрэў у Растове-на-Доне Уладзіміра Маякоўскага і паказаў яму свае вершы. Маякоўскі іх пахваліў, а пазней у Маскве пры сустрэчах цікавіўся: чаму Лазар не нясе яму новых? Цікава, што ў 1923 годзе Лазар вучыўся на аддзяленні вакалу Мінскай кансерваторыі. Аднак пакінуў вучобу з-за адсутнасці цікавасці да музыкі.
У выніку Гінзбург скончыў аддзяленне палітэканоміі Інстытута народнай гаспадаркі імя К. Маркса. Пасля чаго служыў у арміі. У 1930-м працаваў у газеце «За индустриализацию», а яго бацька стаў наборшчыкам газеты «Известия» — адным з лепшых. Потым былі аспірантура і падрыхтоўка да абароны дысертацыі, праца ў газеце «Правда» і часопісе «Крокодил»...
Самы вядомы твор — аповесць-казка «Стары Хатабыч» — была надрукавана ў 1938 годзе ў часопісе «Пионер». Аповесць выйшла асобнай кнігай у 1940 годзе. Біёграфы адзначаюць, што варта адрозніваць першую рэдакцыю аповесці ад другой, якая з'явілася ў 1955-м. Там не толькі былі заменены многія эпізоды і персанажы, але і сама кніга значна вырасла ў аб'ёме. На падставе другой рэдакцыі Лагін напісаў аднайменны кінасцэнарый. Фільм быў зняты ў 1957 годзе.

«Перанос» джына ў Расію

Дом у Віцебску, у якім нарадзіўся літаратар, знаходзіўся на вуліцы, якая ў наш час мае назву Талстога, а да рэвалюцыі была Падзвінскай.
На жаль, той двухпавярховы дом не захаваўся да нашых дзён. На яго месцы працуе летняя кавярня. Але ёсць надзея, што дом адновяць. Такую ініцыятыву падтрымалі Аляксандр Косінец, старшыня Віцебскага аблвыканкама, і Аляксей Мілер, кіраўнік расійскай кампаніі «Газпрам». Чаму б у адноўленым доме не размясціць дзіцячы музей?
Мяркуецца, што менавіта тут юнаму Лазару прачыталі кніжку, якая і натхніла яго на напісанне «Старога Хатабыча» — гэта аповесць «Медны збан» англійскага пісьменніка Энсці. Адзін з яе герояў, джын Факраша-эль-Аамаша, на загад Сулеймана Вялікага быў змешчаны ў медны збан і кінуты ў Чырвонае мора...
Лагін «перанёс» джына ў савецкую Расію. Напэўна, многія сучасныя блогеры, калі б Лагін напісаў казку пра Хатабыча цяпер, маглі б абвінаваціць аўтара ў плагіяце. Але ж нават Шэкспір перарабляў сюжэты твораў, якія былі напісаны да яго. А «Залаты ключык» Талстога — таксама аўтарскі варыянт раней вядомай казкі.
Цікава, што і ў ХХІ стагоддзі, падчас актыўнага развіцця «высокіх тэхналогій», Хатабыч — вельмі запатрабаваны герой. У Расіі, у прыватнасці, быў зняты поўнаметражны фільм аб інтэрнэце. Гэта фантастычная камедыя... па матывах казкі пра Старога Хатабыча. Сюжэт прыкладна такі: юны хакер Гена купіў праз інтэрнэт на аўкцыёне па фальшывай крэдытнай картцы збан. А ў ім быў вядомы ўсім стары. Вызвалены джын зноўку спазнае, як моцна змяніўся свет, у якім нават магутны джын можа далёка не ўсё. Многія кінакрытыкі ацанілі фільм, адзначыўшы, што ён атрымаўся выдатным — сапраўды жывым і вясёлым.

У пошуках мецэнатаў

Вядомы віцебскі скульптар Валерый МАГУЧЫ ў свой час распрацаваў чарнавы варыянт помніка галоўнаму герою казкі. Карэспандэнт «Звязды» пабываў у яго майстэрні — у надзеі ўбачыць тое, што зможа ўпрыгожыць горад.
Валерый Магучы — аўтар такіх вядомых скульптур, як «Скрыпка Шагала» (другая назва — «Віцебская мелодыя на французскай скрыпцы»), Салярцінскага... Усяго больш за 20 твораў Магучага можна ўбачыць у Віцебску. Ён — аўтар статуэтак «Залатая ліра», Гран-пры конкурсаў міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».
— Вельмі даўно мару, каб тут з'явіўся помнік героям казкі пра Старога Хатабыча. Думаў пра гэта яшчэ ў савецкія гады. Вывучаў цэнтр горада, «прыкідваў», дзе лепш усталяваць помнік. І хацелася, каб месца было звязана з Лагіным. Вельмі добра «ўпісаўся» б такі помнік у месца, дзе стаяў дом, у якім Лагін жыў. Можна зрабіць цікавы брэнд Віцебска, — разважае скульптар. — Хочацца, каб кампазіцыя была не манументальным, а камерным аб'ектам, які б выклікаў станоўчыя эмоцыі.
Яшчэ ў 2004 годзе ён атрымаў «дабро» на стварэнне помніка Хатабычу ад тагачаснага кіраўніцтва гарвыканкама. Але ў афіцыйным адказе гаварылася, што для рэалізацыі ідэі ў бронзе патрэбны спонсары. Апошніх няма і цяпер.
Магчыма, у год чарговага юбілею Лагіна ўдасца вызначыцца з фінансавым пытаннем?

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».