Вы тут

ВУЛІЧНЫ ФЕСТЫВАЛЬ: пачатак


Артыст па імені Надвор'е прэтэндаваў на галоўную ролю ў Дзень горада Мінска

А як жа хацелася б мець свой калі не карнавал, то карнавальчык! Ах, Рыа, Рыа... Прыгожыя шэсці, бачаныя па тэлебачанні, распальваюць уяўленне. Але ж тут вам — не там, тут заўсёды любыя вулічныя мерапрыемствы залежаць ад дазволу нябеснай канцылярыі. І хацелі б людзі выйсці і «патусіць», але неба закрылі хмары, а рэдкія мінакі трымаюць напагатове парасоны.

Але паглядзіце на сітуацыю інакш: парасон можа стаць часткай антуражу, а хмары — сцэнаграфіяй, якая толькі правакуе артыстаў іграць лепш, радаваць больш, запальваць усмешкі насуперак усяму.
А калі пачаліся выступленні, спыняліся нават тыя, хто ішоў па справах. І тое, што мы лічылі непераможным (надвор'е) пакрысе адступіла.

1379367525197_1

Мо перад беларускім духам? Бо ці не самая складаная місія — адкрыць выступы калектываў — выпала на долю музычна-вандроўнага аркестрыка «Вурай». Гэта цуд, але беларускія песні, якія гурт прывозіць з этнаграфічных экспедыцый і прапануе слухачу ў сваёй апрацоўцы, заводзілі нават пад парасонамі! Сцэну акружылі, было жаданне патанчыць пад дудачку.
— Мы не першы раз іграем на пешаходнай вуліцы Карла Маркса, — гаворыць Сяржук Гаюн. — Мы ведаем, што людзі прыйдуць. І для кагосьці наш гурт стане адкрыццём, але прыходзяць і тыя, хто нас ведае, таму што ў асноўным музыкі сёння ў клубах іграюць, у рэстаранах. Але калі ёсць магчымасць паслухаць на вуліцы, з жывым гукам, то чаму не прыйсці? Хоць мне асабіста больш падабаецца, калі нас запрашаюць іграць на прыродзе, дзе побач возера ці рака. Усё роднае... Гарадскі асяродак па-свойму адметны і прыемны. Вулічныя канцэрты даюць больш магчымасцяў знаёміцца з новымі людзьмі, абменьвацца кантактамі. Мы ў асноўным вандруем з гэтай праграмай, якую выконвалі на фестывалі. Яна складаецца з песень розных куткоў Беларусі, прывезеных з маіх уласных экспедыцый. Шмат песень палескіх. Мне цікавае Палессе, там можна знайсці фальклор, які дагэтуль не быў запісаны. Мы такім чынам назбіралі на новы дыск. Калі мы працуем з фальклорам, то нам важна захаваць беларускую мелодыку, але падаць ужо ў сучасным гучанні. Перадаць глыбіню, мелодыку, інфармацыю, якая ёсць у беларускіх песнях: адчуванне прыроды, роднага свету. Данесці да людзей гэтую любоў.
Гледачы на вуліцы Карла Маркса як сапраўдныя хіты ўспрымалі старыя песні гурта «Вурай»: «Казачку пра Баламута» ды «Русалкі», танчылі разам. А паслы — падыходзілі і зычылі музыкам поспеху. Любоў творыць цуды. Пад канец выступу ніхто не думаў пра надвор'е.

1379367527924_2

Перапынак да выступу гасцей з Санкт-Пецярбургу тэатра «Мініяцюр» запаўнялі шпацырам па вуліцы К. Маркса. Ці мэтанакіравана рушылі да іншай пляцоўкі: іх на Маркса было 3. Па дарозе — асобныя сталы з сувенірамі, працы майстроў, рэдкія шапікі з ежай і гарачымі напоямі. Але калі б не дождж... Было б весялей, каб не прыходзілася думаць, чым запоўніць паўзы паміж выступамі. Можа, гэта з-за таго, што некаторыя чаканыя калектывы з-за мяжы не даехалі да Мінска: у Еўропе ёсць попыт на вулічныя тэатры...
Але калі на пешаходнай зоне з'яўляліся артысты, сагравала думка: жыццё наладжваецца! У парыках і грыме ці без іх, у адмысловых строях ці ў вопратцы, якую носяць усе, але яны пачыналі ўцягваць мінакоў у свае дзеі, пачынаўся кантакт, ты не проста назіраў, а станавіўся часткай жыцця вуліцы. А ў яго свае законы і правілы: тут кожны не толькі глядач, але і ўдзельнік.
І бліжэй да вечара, да заканчэння, нас — удзельнікаў — было ўжо шмат. Мы перамаглі дождж.
— Мне здаецца, што вулічным выступам больш патрэбны мімы і нешта кшталту «жывых скульптур», — вылучалася смяшлівая дзяўчынка ў кампаніі маладых людзей з «дрэдамі». Яны жыва дзяліліся ўражаннямі ад убачанага. Хлопцы гнулі сваю лінію, сур'ёзную:
— ...Альбо калі ідзеш на тэатр, то ўсё-такі хочацца, каб быў нейкі эксперымент: дзе ж яшчэ яго чакаць, як не ў жывым асяродку? Нешта такое ў тэатра «ЕУЕ» ёсць. А калі яшчэ потым гадаеш: што гэта ўсё значыла, дык наогул «крута», нібыта шараду расшыфроўваеш.
— Ну і інтэлектуал... Расслабся! — усміхнулася дзяўчынка.
Але ўсе разам яны потым рушылі ў Міхайлаўскі сквер, глядзець заключны спектакль ад тэатра «Інжэст», які любое шоу можа ператварыць у інтэлектуальную спрэчку і прапанаваць варыянты для асэнсавання. Спектакль «Залаты век у стылі барока» менавіта такі.
Узгорак ля тралейбуснага прыпынку стаў імправізаванай сцэнай. Ліхтары асвятлялі дзеючых асоб, якія адна за адной з'яўляліся пад прыгожую, узнёслую музыку. Вось маленькія людзі — у іх свае радасці, забавы. Але паралельна з ім існуюць вялікія людзі, амаль багі, у якіх свае адносіны. І нібыта пануе гармонія, дзе ў кожнага персанажа сваё месца. Але гучаць трывожныя матывы. Гармонію парушаюць вялізныя пачвары...
Тэатр «Інжэст» распавядае сваю гісторыю так, каб было зразумела: казка жывая. Вялікія жудасныя істоты ў металічным і з металічным позіркам аглядаюць прысутных. Усе запалоханыя, пераможаныя. Добра б маленькія, але і вялікія нічога не маглі супрацьпаставіць і пахаваліся ў роспачы...

[caption id="" align="alignnone" width="530"]1379367529550_3 Свае кнігі, выдадзеныя ў Выдавецкім доме "Звязда", прэзентуюць журналіст Віктар Корбут (злева) і пісьменнік Анатоль Бутэвіч[/caption]

Жах і хаос маглі б панаваць доўга. Каб не маленькія людзі, якія знайшлі паратунак... Яны прывезлі яго на залатым вазку ... І адбыўся цуд. Пачвары спалохаліся. А ён з нейкага сшытка (залатога) прачытаў загад, паводле якога ўсё цяпер павінна ісці толькі добра. Радуюцца маленькія. Задаволены былыя вялікія, якія гатовы падпарадкоўвацца залатому чалавеку.
Авацыі былі зусім не вулічныя: мастацтва выходзіць за рамкі ўмоў і само стварае ўмовы.
Вулічнае мастацтва прыстасаванае існаваць у розных умовах. Цікавыя выступленні вулічных артыстаў — гэта і ёсць тая ўмова, пры якой часам не зважаеш на дождж і халаднаватае надвор'е. Форум вулічных тэатраў, які пачынаўся ў пахмурных умовах, здолеў іх перамагчы.

Ларыса ЦІМОШЫК, Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Глядзі відэа і дадатковыя фотаздымкі тут.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.