Вы тут

Чаму Абама адклаў інтэрвенцыю ў Сірыю


Яшчэ тыдзень таму, здавалася, лёс Сірыі прадвызначаны і вось-вось пачнецца інтэрвенцыя міжнароднай кааліцыі. Аднак замест гэтага адзін з завадатараў узброенага ўмяшання ЗША (у асобе прэзідэнта Барака Абамы) узяў паўзу. Гэта звязана з тым, што першапачатковы план інтэрвенцыі, распрацаваны ваенна-палітычным кіраўніцтвам ЗША на чале са старшынёй Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Марцінам Дэмпсі, стаў часткова неактуальным. Камандны цэнтр аперацыі быў разгорнуты ў сталіцы Іарданіі Амане, а камандаваць аперацыяй павінен быў амерыканскі брыгадны генерал Джон Уайт, удзельнік уварванняў у Афганістан, Ірак і Лівію. Пры гэтым удзел ЗША ў інтэрвенцыі павінен быў абмежавацца толькі агульнай каардынуючай роляй.

1379367544525_1

Першапачаткова план аперацыі супраць Сірыі прадугледжваў, што ўзброеныя сілы ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Саудаўскай Аравіі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў усталююць беспілотную зону над цэнтральнай і паўднёвай часткамі Сірыі, якія прымыкаюць да мяжы з Іарданіяй. Пры гэтым падтрымку з паветра павінен быў аказаць Ізраіль. Далей планавалася стварыць 40-кіламетровую буферную зону, пачынаючы ад іарданскай мяжы і аж да заходняй і паўднёвай ускраін Дамаска. Гэтую зону павінны былі ўтрымліваць каля 3 тысяч сірыйскіх паўстанцаў, якія складаюцца з прадстаўнікоў арабамоўнай этнаканфесійнай групы друзаў. Яны прайшлі папярэднюю падрыхтоўку ў спецыяльных ваенных лагерах на тэрыторыі Іарданіі, пад кіраўніцтвам амерыканскіх ваенных інструктараў і супрацоўнікаў ЦРУ. Наступным крокам павінна было стаць аб'яўленне сірыйскага горада Дэраа сталіцай «вызваленай» Сірыі.
Эдвард Сноўдэн і прычына паўзы з боку ЗША
Аднак ЗША былі вымушаны ўзяць паўзу ў сувязі з тым, што іх галоўныя саюзнікі па НАТА, перш за ўсё Вялікабрытанія і Германія, адмовіліся ад удзелу ў інтэрвенцыі без санкцыі Савета Бяспекі ААН. Таксама пра сваё нежаданне ўдзельнічаць у інтэрвенцыі выказаў і Ізраіль, які асцерагаецца ракетных удараў з боку Ірана ў выпадку свайго ўдзелу ў аперацыі. Такім чынам, першапачатковы план, які прадугледжвае шырокае ўцягванне саюзнікаў ЗША па НАТА ў сірыйскі канфлікт, не апраўдаў сябе. Адзінай натаўскай краінай, якая з самага пачатку актыўна рвалася ў бой супраць Башара Асада, заставалася Францыя — адзін з галоўных ініцыятараў інтэрвенцыі ў Лівію.
І хоць дэмарш амерыканскіх саюзнікаў па НАТА выкліканы іх скепсісам адносна прад'яўленых міжнароднай супольнасці доказаў прымянення хімічнай зброі Башарам Асадам, алею ў агонь таксама падліў экс-супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Эдвард Сноўдэн, які апублікаваў інфармацыю пра тое, што ЗША пільна сочаць за сваімі саюзнікамі па Альянсу, перш за ўсё, за Германіяй і Вялікабрытаніяй. Справа Сноўдэна наогул вельмі істотна паўплывала і яшчэ паўплывае на амерыкана-еўрапейскія адносіны. І таму недавер, справакаваны апублікаванай Сноўдэнам інфармацыяй аб сачэнні за саюзнікамі, безумоўна, стаў экстрапалявацца і на пытанне аб інтэрвенцыі ў Сірыю. Між іншым, кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу ўжо зрабіў заяву падчас саміту G20, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, згодна з якім ЕС выступае за палітычнае ўрэгуляванне сірыйскага канфлікту.
Дарэчы, менавіта падчас саміту G20 у Санкт-Пецярбургу прайшлі чарговыя канструктыўныя кансультацыі па сірыйскім пытанні паміж прэзідэнтамі ЗША і Расіі, якія адзначылі пераход да новай стратэгіі па сірыйскім урэгуляванні.
Некалькі прычын змены стратэгіі па Сірыі
Існуе некалькі важкіх прычын, з-за якіх ЗША вырашылі змяніць сваю стратэгію па Сірыі.
Па-першае, гэта звязана з тым, што сірыйскія паўстанцкія сілы вельмі моцна раз'яднаны. Галоўнымі гульцамі з'яўляюцца Сірыйская свабодная армія (ядро прадстаўлена сірыйскімі ваеннымі-дэзертырамі), арганізацыямі братоў-мусульман (падтрымліваецца Катарам), радыкальнымі ісламісцкімі суполкамі, афіляванымі з «Аль-Каідай» (гэта, перш за ўсё, «Джабхат Ан-Нусра» і «Ісламская дзяржава ў Іраку аль-Шам», якія падтрымліваюцца Саудаўскай Аравіяй). Яны не выступаюць адзіным фронтам, больш за тое, гэтыя групы пачалі весці жорсткую барацьбу адна з адной. Да таго ж прадстаўнікі «Джабхат Ан-Нусра» і «Ісламскай дзяржавы ў Іраку аль-Шам», найбольш радыкальных і ваяўнічых суполак «Аль-Каіды», неаднаразова былі заўважаны ў этнаканфесійных чыстках, вынікам якіх стала знішчэнне насельніцтва некалькіх курдскіх і хрысціянскіх вёсак. Больш за тое, метады вядзення вайны групоўкай «Ісламская дзяржава ў Іраку аль-Шам» настолькі жорсткія, што нават некаторыя радыкальныя групы, такія, як, напрыклад, Група каўказскага джыхаду, вырашылі пакінуць тэрыторыю Сірыі з-за іх.

1379367545438_2

Як відаць з першапачатковага плана інтэрвенцыі, ЗША вырашылі зрабіць стаўку ў пытанні падтрымкі інтэрвенцыі на новага гульца, прадстаўленага друзамі. Па сутнасці, друзы — гэта новы суб'ект у сірыйскім канфлікце, і стаўка ЗША на іх у пытанні інтэрвенцыі сведчыць пра жаданне амерыканскага боку надаць хаатычным працэсам кіраваны характар, пацясніўшы пры гэтым іншыя групоўкі паўстанцаў, асабліва радыкалаў.
Па-другое, яшчэ адной прычынай адмены інтэрвенцыі з боку ЗША з'яўляецца магчымы канфлікт з Іранам, які можа пачацца адразу ж пасля правядзення ваеннай аперацыі супраць Сірыі. Іран, стратэгічны саюзнік Сірыі, з самага пачатку канфлікту прымае актыўны ўдзел у яго вырашэнні, пастаўляючы для барацьбы з паўстанцамі элітныя падраздзяленні Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (па некаторых ацэнках, на тэрыторыі Сірыі іх знаходзіцца некалькі дзясяткаў тысяч чалавек). Акрамя гэтага, на баку Башара Асада ваюе шыіцкая радыкальная групоўка «Хезбалах», якую падтрымлівае Іран. Ці гатовыя сёння ЗША да вайны з Іранам, пытанне вельмі складанае. Але тое, што вайна з Іранам можа пачацца з-за Сірыі, з'яўляецца вельмі сур'ёзнай рызыкай, тым больш што такія дзяржавы Персідскага заліва, як Катар і Саудаўская Аравія, гуляюць менавіта на эскалацыю сірыйскага канфлікту ў кірунку вайны з Іранам. Многія эксперты наогул лічаць крызіс у Сірыі вынікам ірана-арабскага саперніцтва ў рэгіёне Персідскага заліва, выкліканага планамі з аднаго боку — Катара, з другога — Ірана па будове газаправодаў праз тэрыторыю Сірыі.
Па-трэцяе, існуе рызыка, што ў рукі радыкальных ісламісцкіх груповак, такіх, як «Джабхат Ан-Нусра» ці «Ісламская дзяржава ў Іраку аль-Шам», можа трапіць хімічная зброя і не толькі. Нядаўна Расія накіравала запыт у МАГАТЭ на аналіз рызык, звязаных з бяспекай ядзерных аб'ектаў у Сірыі ў кантэксце магчымай ваеннай аперацыі ЗША. Расія заклапочана рызыкамі, звязанымі з магчымымі ўдарамі па ядзерным рэактары. Аднак існуюць вельмі сур'ёзныя падазрэнні, што Сірыя ўжо даўно рэалізуе сваю ўласную ядзерную праграму пры падтрымцы Ірана і КНДР. Паводле ацэнак экспертаў, наяўнай колькасці ўзбагачанага ўрану недастаткова для стварэння ядзернай бомбы, аднак гэтага дастаткова для стварэння так званай «бруднай ядзернай бомбы».
Гэта азначае, што таксама існуе рызыка таго, што ў выніку інтэрвенцыі радыеактыўныя матэрыялы (магчыма, нават нешта больш сур'ёзнае) могуць трапіць у рукі радыкальных ісламісцкіх груповак, звязаных з «Аль-Каідай», у чым, безумоўна, не зацікаўлена ні адна з краін свету, уключаючы ЗША.

Арсен СІВІЦКІ

,
палітычны аналітык, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?