Вы тут

Здарэнні


Кантрафакт на Br1,5 млрд

Падчас правядзення агляду магчымых месцаў захоўвання спіртазмяшчальнай вадкасці, санкцыянаванага пракурорам Гомельскай вобласці, супрацоўнікі розных падраздзяленняў міліцыі адначасова адразу ў некалькіх гарадах вобласці выявілі буйныя партыі кантрафактнага тавару.
Як расказаў начальнік 8-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Андрэй Заяц, у кватэры 29-гадовага жыхара Добруша канфіскавана 2303 літры алкагольнай вадкасці, расфасаванай у ПЭТ-бутэлькі па 5 літраў, і 502 літры гарэлкі па 0,5 л з этыкеткамі з надпісам «Наталі», «Пшанічная», «Жытняя», «Застолле» (вытворчасці РФ) без акцызных марак Рэспублікі Беларусь і адпаведных дакументаў. У доме 42-гадовага жыхара абласнога цэнтра выяўлена і канфіскавана 3210 літраў спіртазмяшчальнай вадкасці, расфасаванай у ПЭТ-бутэлькі па 5 літраў і 10 літраў, а таксама гарэлка з этыкеткамі з надпісам «Хорціца» (выраблена ва Украіне) без акцызных марак Рэспублікі Беларусь і адпаведных дакументаў. У 51-гадовай жыхаркі Савецкага раёна Гомеля быў запас 115 літраў спіртавой вадкасці, у ПЭТ-бутэльках па 5 літраў і 150 літраў гарэлкі па 0,5 л. Агульная сума канфіскаванага тавару складае 1 мільярд 562 мільёны рублёў. Ва ўсіх выпадках супрацоўнікамі падатковай інспекцыі складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Дачнік выратаваў старую з сынам

34-гадовы дачнік у Шумілінскім раёне падчас пажару выратаваў састарэлую жанчыну і яе 54-гадовага сына.
— Пажар у жылым доме адбыўся а дзясятай гадзіне вечара ў вёсцы Ільінка. Да прыбыцця пажарных Аляксей Васільевіч Папалаў, які працуе апаратчыкам на прадпрыемстве «Нафтан» з вогненнага дома вывеў і літаральна выцягнуў іх праз аконны праём. Ён пражывае ў Наваполацку, а ў той вечар знаходзіўся ў вёсцы на сваёй дачы,— паведаміла Марына Фандо, прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Гаспадыня дома са скаргай на сэрца была шпіталізавана для назірання ў раённую бальніцу. Прычына пажару ўстанаўліваецца. Адна з версій — неасцярожнае абыходжанне з агнём сына гаспадыні дома. У выніку пажару ў доме плошчай 80 квадратных метраў знішчаны дах, пашкоджаны стольнае перакрыццё, сцены, маёмасць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Зарэзаў былую жонку і паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам

У дачыненні да забойцы 19-гадовай жыхаркі Дубровенскага раёна распачата крымінальная справа.
Жорсткае забойства адбылося ў Оршы сярод белага дня. Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Віцебскай вобласці Іны Гарбачовай, 29-гадовы мужчына, прама на вуліцы, на вачах у людзей, нанёс некалькі нажавых раненняў сваёй былой жонцы. Маладая жанчына памерла на месцы здарэння. Пасля гэтага мужчына нанёс адзін удар нажом сабе. Цяпер ён знаходзіцца ў рэанімацыі. У дачыненні да падазраванага распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Забойства»). Па папярэдніх звестках, ён учыніў забойства падчас сваркі з былой жонкай.

Надзея ПАЎЛАВА.

Сквапныя да ракаў

На возеры Крушыноўскае ў Рагачоўскім раёне ў рукі да работнікаў Жлобінскай міжрайінспекцыі трапіў мясцовы жыхар, які незаконна здабыў 115 вузкапалых ракаў, у той час як норма вылаву складае не больш за 30 асобін у суткі на чалавека.
Цяпер грамадзяніну давядзецца адазваць па артыкуле Крымінальнага кодэкса за незаконную здабычу водных жывёл, якая пацягнула нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю ў буйным памеры — на 5,8 мільёна рублёў.
— Гэты «рэкорд» наступным днём пабілі на возеры Княжное тры рыбакі, якія прамышлялі «крыгай». Калі іх спынілі работнікі Віцебскай міжрайінспекцыі, яны паспелі незаконна здабыць 16 асобін розных відаў рыб і 296 асобін вузкапалага рака, — распавяла прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч. — Сваімі дзеяннямі браканьеры нанеслі шкоду прыродзе ў асабліва буйным памеры — на 16,6 мільёна рублёў (166 базавых велічынь).

Мак да «бабулі» не даехаў

Супрацоўнікі аддзела ДАІ Кастрычніцкага раёна сталіцы затрымалі дваіх раней неаднаразова судзімых жыхароў Мінскай вобласці, якія перавозілі ў аўтамабілі больш за 10 кілаграмаў насення маку.
Падчас нясення службы па ахове парадку на дарогах экіпажу ДАІ паступіла ўказанне аб спыненні і аглядзе аўтамабіляў, у якіх пашкоджаны пярэднія фары. Неўзабаве такі легкавік — «Форд» — з'явіўся ў полі зроку: ён рухаўся па вуліцы Ландэра з малой хуткасцю, і ў яго была разбіта левая фара. Супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамашыну і пачалі правяраць дакументы. Два мужчыны ў салоне паводзілі сябе вельмі нервова. Прычына таму стала вядомая, калі з пад пярэдніх сядзенняў работнікі ДПС дасталі скрутак з насеннем маку і растваральнікам. На пытанне адносна прызначэння грузу мужчыны адказалі, што вязуць мак бабулі для выкарыстання ў выпечцы. Гэтыя тлумачэнні падаліся не надта пераканаўчымі, таму затрыманых даставілі ў Кастрычніцкі РУУС для разбору. Зараз ужо супрацоўнікі аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі будуць высвятляць: якой такой бабулі грамадзяне везлі столькі маку...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Мінчанін выклаў у інтэрнэт
порназдымкі сваёй дачкі

34-гадовага мужчыну падазраюць у здыманні і распаўсюджванні праз інтэрнэт парнаграфічных фотаздымкаў сваёй малалетняй дачкі. У дачыненні да бацькі заведзена крымінальная справа.
Папярэдне высветлена, што сёлета ў ліпені мінчанін у сябе дома вырабіў некалькі фота парнаграфічнага зместу сваёй малалетняй дачкі, а затым выклаў іх у інтэрнэт, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр ГЕРАСІМАЎ. — Падазроны ўжо быў неаднаразова судзімы.
— Цяпер мінчанін знаходзіцца пад вартай. Ён дае прызнальныя паказанні, аднак пакуль не адважваецца матываваць свае дзеянні, — дадае афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія ГАНЧАРОВА. — Па справе прызначаны неабходныя экспертызы. Да расследавання прыцягнулі псіхолагаў.

Надзея ПАЎЛАВА.

Сутыкнуўся, потым загарэўся

Жудасная аварыя адбылася бліжэй да абеду на 14-м кіламетры МКАД: пасля дарожна-транспартнага здарэння аўтамабіль яшчэ і загарэўся.
Сутыкнуліся грузавая аўтамашына «МАЗ» і легкавік «Дэу-Маціз». У выніку ўдару легкавы аўтамабіль урэзаўся ў раздзяляльны адбойнік і пачаў гарэць. Кіроўца і пасажырка з гэтай машыны загінулі. Іх асобы ўстанаўліваюцца. Загаранне легкавіка ліквідавалі сталічныя пажарныя-выратавальнікі, якім пра дарожна-транспартнае здарэнне паведамі відавочцы трагедыі.
Выцягнулі з балота каня
Маладзечанскім выратавальнікам паведамілі, што паблізу вёскі Гарадок у балоце тонуць чалавек і конь...
Як пазней высветлілася, 32-гадовы непрацуючы грамадзянін ехаў на калёсах па прасёлкавай дарозе. Конь нечага напужаўся, і воз рэзка з'ехаў з дарогі проста ў балота. Калі выратавальнікі дабраліся да месца, грамадзянін ужо самастойна выбраўся з багны, а вось конь у вупражы знаходзіўся ў балоце за 10 метраў ад берага. Жывёлу дасталі пры дапамозе вяровак, яна не пацярпела.

Сяргей РАСОЛЬКА

Сеў на мель...

«Водны» дзень нараджэння надоўга запомніцца ўсім, хто яго адзначаў у прыватным катары «Каспер» на рацэ Сож ля Гомеля. Калі ўначы маламернае судна ўжо заходзіла ў бухту, яно села на мель, не даплыўшы да берага 10 метраў. Пераадольваць гэтую адлегласць уплаў ніхто не захацеў. Пасажыры па тэлефоне запрасілі дапамогу. Як расказалі ў Гомельскім абласным ўпраўленні МНС, у катары знаходзілася 12 пасажыраў і капітан, якія самастойна не маглі дабрацца да берага. Выратавальнікі эвакуявалі ўсіх на бераг. Высветлілася, што пацярпелых няма, а вось 56-гадовы капітан катара, які працуе дырэктарам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, па вонкавых прыкметах знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Акрамя таго, на катары адсутнічалі выратавальныя камізэлькі. Супрацоўнікамі міліцыі капітан катара быў дастаўлены для правядзення медыцынскага агляду і далей у Цэнтральны РАУС Гомеля.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Адкусіў... вуха, або «Тайсан» па-вясковаму

Кампанія з трох маладых людзей вырашыла адправіцца на дыскатэку ў адну з вёсак, дзе аднаго з іх (да таго часу ўжо нападпітку) чакалі не зусім прыемныя падзеі.
— Малады чалавек пазнаёміўся з кампаніяй, якая прыехала з Віцебска. Прыезджыя бавілі час каля сельскага Дома культуры. Вырашылі выпіць, пагаварыць... Але размова не атрымалася: паміж будучай ахвярай і прыезджым хлопцам узнік канфлікт, які перарос у бойку. У ходзе бойкі госць з абласнога цэнтра спрабаваў выціснуць вочы таму, хто яму чамусьці не спадабаўся. Зразумеўшы, што гэта яму не ўдасца, пусціў у ход... зубы. Ён абхапіў чалавека рукамі за шыю і ўчапіўся зубамі за правую вушную ракавіну, — расказвае Максім Зіновік, намеснік пракурора Гарадоцкага раёна.
Невядома, наколькі цяжкімі аказаліся б наступствы для здароўя параненага, калі б не жонка хулігана. Яна адарвала «акулу» ад яго ахвяры. Вельмі прафесійнымі аказаліся дзеянні ўрачоў раённай бальніцы, якія літаральна прышылі адарванае вуха.
Як дадалі ў раённай пракуратуры, пры вывучэнні абставін таго, што адбылося, а таксама асоб удзельнікаў бойкі, было высветлена, што той, хто кусаўся, і раней не быў законапаслухмяным чалавекам. Ён, у прыватнасці, у 2011 годзе зламаў сківіцу жыхару Віцебска...
Па факце прычынення цялесных пашкоджанняў пракуратурай раёна ў дачыненні да хулігана была заведзена крымінальная справа па артыкуле 153 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, санкцыя якой прадугледжвае пакаранне ў ліку іншага ў выглядзе штрафу да 1 000 «базавых» (сёння гэта — 100 мільёнаў рублёў), папраўчых работ тэрмінам да 1 года або арышту да 3 месяцаў.
— Пры гэтым у ходзе следства будзе вырашана пытанне аб наяўнасці ў дзеяннях зламысніка замаху на здзяйсненне больш цяжкага злачынства. Бо, адкусіўшы вуха, ён усё ж такі спрабаваў знявечыць апошняга, а пры такім зыходзе пакаранне можа быць і ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 4 да 8 гадоў, — дадаў намеснік пракурора Гарадоцкага раёна.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

«Знаёмства» коштам амаль 200 мільёнаў

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Савецкага РУУС сталіцы сумесна з байцамі атрада хуткага рэагавання МУС затрымалі дваіх маладых хлопцаў, якія за некалькі гадзін паспелі абакрасці выпадковага знаёмага больш чым на 190 мільёнаў рублёў.
Паводле інфармацыі Савецкага РУУС г. Мінска, два хлопцы з Бабруйска пазнаёміліся ў адным з начных клубаў з мінчанінам, які пад чарку пахваліўся ім нядаўна набытым аўтамабілем «Опель-Інсігнія». Сябры, скарыстаўшыся тым, што іх новы знаёмы «прыняў за каўнер», скралі ў яго ключы ад кватэры. У той момант, калі адзін са зламыснікаў адцягваў увагу гаспадара, другі абследаваў чужое памяшканне, забраўшы ўсё каштоўнае, у тым ліку ключы і дакументы ад аўтамабіля. А пасля скраў і саму іншамарку.
Уладальнік, прачнуўшыся ранкам, не далічыўся маёмасці на агульную суму больш за 190 мільёнаў рублёў. Пацярпелы звярнуўся з заявай у міліцыю. Скрадзены аўтамабіль, дзякуючы зладжаным дзеянням сышчыкаў, быў вернуты законнаму ўладальніку.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Кантрабандная... «сувязь»

Супрацоўнікі Віцебскай мытні канфіскавалі вежу сувязі і дэталі для яе агульным коштам 450 мільёнаў рублёў.
— У вёсцы Юхавічы Расонскага раёна быў прыпынены рух грузавога аўтамабіля «МАН» з паўпрычэпам. Аўто ехала з Расіі ў Беларусь, ім кіраваў грамадзянін Расіі. У парушэнне правілаў аўтамабільных перавозак грузаў тавар перамяшчаўся без якіх-небудзь суправаджальных дакументаў. Улічваючы гэта, вежа сувязі BKL-72 і закладныя дэталі для яе з кандуктарам на агульную суму 450 мільёнаў рублёў канфіскаваны. Паўпрычэп, на якім перавозілі тавар, коштам 120 мільёнаў рублёў таксама канфіскавалі, — паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы мытні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.