Вы тут

«А што б сказаў Шэкспір?


Вось і апусцілася заслона «Белай вежы -2013». І па традыцыі на закрыцці павіталі «Вежу» 2014 года — са спадзяваннем, што яна прынясе новую асалоду ад сапраўднага мастацтва. А на той, што адбылася, як заўсёды, былі і адкрыцці, і расчараванні.

На гэты раз, як ужо гаварылася, фестываль праходзіў без журы. Але гэта не значыць, што не было пераможцаў. Рада фестывалю, куды ўвайшлі арганізатары, крытыкі, прадстаўнікі СМІ, прысудзіў Гран-пры спектаклю «Лэдзі Макбет» Дзяржаўнага моладзевага тэатра Літвы. Спектакль быў чаканы найперш таму, што яго паставіў Альгірдас Латэнас, вядомы брэсцкаму гледачу па рабоце як у Брэсцкім тэатры, так і па іншых фестывальных пастаноўках. Здаецца, ні разу спадар Латэнас не расчараваў, прынамсі, таго гледача, які шукае ў тэатры думку, інтэлект, ну і вядома, незвычайную форму. Так было і цяпер. На сцэне — вялікія люстэркі. Касцюмы і прастора маюць тры колеры: чорны, белы і чырвоны. Дзея пазбаўлена часу, героі апрануты па высокай модзе, значэнне мае змрок і ігра ценяў. Гэта стыль Латэнаса. Сярэднявечнае адзенне ўпрыгожана ненавязлівымі дэталямі нашага часу, і праз гэтае праступае актуальнасць ідэі, якую праводзіць аўтар. Чым не сучасны персанаж — гэты Малькольм, якому лянота лішні раз павярнуцца, а не тое што змагацца за трон, адстойваць сваю пазіцыю?

1379453732355_18-15

Каранацыя Макбетаў — гэта вельмі моцны эпізод спектакля. Яны здабылі карону вялікай крывёю і цешацца ёю, фактычна як жывыя нябожчыкі, размахваючы замест сцягоў чучаламі варон. Латэнас стварыў інтэлектуальны спектакль, дзею для тых, хто ўмее думаць. Аўтар лічыць, што кожнае зло абавязкова будзе пакарана. Расплата падкрадзецца тады, калі ўсе мэты будуць дасягнуты і крыніцу зла, здавалася б, чакае трыумф... Пасля трохгадзіннага дзейства гледачы доўга не адпускалі артыстаў са сцэны.
А вось стваральнікі спектакля «Гамлет. Кропка G» маскоўскага «Тэатра месяца» Шэкспіра прыцягнулі яго за вушы. Кажуць, што ў Маскве гэта надзвычай папулярны цяпер тэатр, вельмі касавы. Цяпер жа ў модзе ўсялякія нетрадыцыйныя павевы. Усе ролі ў спектаклі выконваюць дзяўчаты, так бы мовіць, амаль без адзення. Як сказана ў анатацыі, стваральнікі праводзяць думку аб тым, што ў сучасным свеце паняцці жаноцкасці і мужнасці сталі настолькі размытымі, што жанчыны бяруць на сябе многія абавязкі...» Але пры чым тут Шэкспір? Дзяўчына амаль што ў купальніку і ў аблавуху ў ролі Гамлета — гэта, на мой погляд, адкрыты сцёб над аўтарам класікі і яго героямі. Якое ўжо тут: «Быць ці не быць»! А можа, яны апераджаюць час, і менавіта ў такім кірунку развіваецца тэатр? Тады гэтаму тэатру зусім не патрэбны аўтары кшталту Шэкспіра, — яму трэба шукаць сваіх герояў на вуліцы.
Але ж і героі з вуліцы, персанажы рэальнага жыцця, у руках мастакоў могуць стаць сапраўдным тэатрам. Гэта паказаў тэатр-фестываль «Балтыйскі дом». Несумненна, падзеяй сёлетняй «Вежы» стаў спектакль тэатра з Піцера «Антыцелы». Пасля яго заканчэння зала некаторы час была ў шоку, ніхто не апладзіраваў, артысты не выйшлі на паклон... Гэта было б не да месца пасля таго, што ўбачылі і пачулі на сцэне. Спектакль мае дакументальную аснову. У Санкт-Пецярбургу ў 2005 годзе забілі студэнта-антыфашыста Цімура Качараву. Забіў равеснік з нацыяналістычнай групоўкі. А праз шэсць гадоў паявіўся спектакль. Ён зроблены па сцэнарыі журналіста — як тэлевізійны рэпартаж. Героі расказваюць на камеру: былы фашыст, антыфашыст, следчы, сяброўка Цімура, маці забітага, маці забойцы. Выкарыстаны і рэальныя відэазапісы з галасамі сведак, і рэальныя галасы абедзвюх маці. Вось гэта найбольш ашаламляе. Тым больш што актрысы Ала Ямінцава і Вольга Бялінская дакладна перадалі іх інтанацыі, іх боль. Гора абедзвюх маці пранікае ў кожны нерв, працінае душу гледача. І невядома, чыё гора большае: той, якая аплаквае нявінна забітага сына, ці той, якая да скону павінна несці грэх свайго дзіцяці. Апошняй не даводзіцца разлічваць нават на спагаду і падтрымку навакольных. Актрыса Вольга Белінская атрымала прыз за «Лепшую жаночую ролю» — яна іграла маці забойцы.
За лепшую мужчынскую ролю адзначаны Канстанцін Мішын, які выконваў ролю «Мцыры» у спектаклі, што сам паставіў у маскоўскім тэатры «Школа драматычнага мастацтва». А лепшым спектаклем малой формы прызнана «Пікавая дама» Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Гэтая ж работа атрымала і прыз глядацкіх сімпатый «Выбар гледачоў».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».