Вы тут

Тэхніка бяспекі пры выкарыстанні пластыкавых картак


Вельмі добра памятаю, як атрымліваў першы раз стыпендыю. Адно аддзяленне банка для студэнтаў усіх факультэтаў БДУ. Атрымлівалі, праўда, не ўсе ў адзін дзень, але чэргі ўсё роўна былі даўжэзныя. Свае першыя «разумныя» грошы вельмі хацелася забраць (можа і добра, што яны былі такія пакутлівыя), аднак думка пра тое, што давядзецца праз месяц зноў адстойваць чаргу, стомленым, знясіленым пасля заняткаў, зусім не радавала.

Пашчасціла, што хутка нам зрабілі пластыкавыя карткі. Стала значна прасцей: хочаш — здымай гатоўку праз банкамат (паміж сабою студэнты называюць яго «бабкамётам»), хочаш — расплачвайся карткай. Адбывалася ўсё пяць гадоў таму, калі банкамат трэба было яшчэ пашукаць, а тэрміналы для безнаяўнага разліку былі толькі ў буйных гандлёвых пунктах. Цяпер жа карткай можна разлічыцца нават у некаторых таксістаў, а ўсе асноўныя плацяжы многія робяць праз інтэрнэт. Безнаяўныя грошы — гэта зручна. Аднак зручнае павінна быць і бяспечным. Сёння Алена Лагуніна, начальнік аддзела арганізацыі працы Разліковага цэнтра пластыкавых картак Беларусбанка, раскажа правілы, выконваючы якія можна камфортна і бяспечна выкарыстоўваць пластыкавую картку ў крамах, рэстаранах, банкаматах, інфакіёсках...

Глядзіце ў чэк і не паведамляйце ПІН-код

«Выкарыстоўваючы картку, якая з'яўляецца ключом да вашага рахунку, будзьце ўважлівыя і выконвайце наступныя простыя рэкамендацыі», — кажа спецыяліст.

Перад тым, як увесці ПІН-код або падпісаць чэк, які пацвярджае куплю, абавязкова правярайце суму, а пры здзяйсненні аперацыі за межамі Беларусі — і валюту плацяжу.

Не варта падпісваць чэк, у якім не прастаўлены або не адпавядаюць рэчаіснасці сума, валюта, дата аперацыі, назва гандлёвай арганізацыі.

Не дазваляйце праводзіць вашу картку праз счытвальную прыладу абсталявання некалькі разоў. Калі касір кажа, што аперацыя не прайшла і трэба яшчэ раз набраць ПІН-код, не рабіце гэтага, пакуль не атрымаеце ад касіра чэк з надпісам аб адмове ў правядзенні аперацыі.

Пры правядзенні аперацый у рэстаранах, барах і крамах, аддаючы картку абслуговаму персаналу, не выпускайце яе з поля зроку і ні ў якім разе не паведамляйце ПІН-код.

Для кантролю над выдаткоўваннем грашовых сродкаў карыстайцеся сэрвісам SMS-інфармавання, які дазваляе атрымліваць на мабільны тэлефон паведамленні пры кожнай аперацыі па спісанні грашовых сродкаў.

Калі пры правядзенні куплі вы не захавалі чэк, не турбуйцеся, — аперацыі, зробленыя з выкарыстаннем карткі, фіксуюцца банкам, і інфармацыю можна паглядзець у выпісцы па сваім рахунку.

«У выпадку якіх-небудзь разыходжанняў або падазрэнняў, звязаных з выкарыстаннем карткі, неабходна звярнуцца ў банк, дзе будзе ўважліва разгледжаны кожны канкрэтны выпадак. Таксама пасля любой праведзенай аперацыі трымальнік карткі можа праверыць рэшту на рахунку ў банкамаце, інфакіёску, пункце выдачы наяўных грошай альбо патэлефанаваўшы ў сэрвісную службу банка, а таксама з дапамогай паслуг SMS-банкінг, М-банкінг, інтэрнэт-банкінг», — расказвае Алена Лагуніна.

Сумняваецеся? Забярыце картку і адыдзіце

«Перад правядзеннем аперацыі ў банкамаце ці інфакіёску пажадана агледзець яго пярэднюю частку і ПІН-клавіятуру. У гэтых месцах не павінна знаходзіцца прымацаваных старонніх прадметаў, не павінна быць ніякіх накладак. У выпадку, калі ўзніклі падазрэнні, не ўстаўляйце картку ў карткапрыёмнік і па магчымасці паведаміце пра падазрэнні ў банк», — папярэджвае спецыяліст і дае яшчэ некалькі слушных парад:

Ніколі не ўстаўляйце картку ў карткапрыёмнік банкамата з высілкам. Калі вы адчуваеце, што банкамат альбо інфакіёск працуе не так, як звычайна, націсніце клавішу для адмены і забярыце картку.

Калі пасля аперацыі ваша картка не была вернута, неадкладна заблакіруйце яе, патэлефанаваўшы ў сэрвісную службу, і звярніцеся ў філіял банка, з якім заключаны дагавор рахунка, з заявай аб тым, што адбылося.

Калі вы ўжо ўставілі картку ў карткапрыёмнік, а потым у вас з'явіліся сумненні — не ўводзьце ПІН-код. Націсніце клавішу для адмены аперацыі і забярыце картку.

Звяртайце ўвагу на людзей, якія стаяць за вамі ў чарзе каля банкамата, у выпадку неабходнасці папрасіце іх адысці на адлегласць, з якой яны не змогуць пабачыць ваш ПІН-код. Стойце як мага бліжэй да банкамата, а ПІН-код набірайце лепш сярэднім пальцам рукі, астатнімі прыкрываючы клавіятуру.

***

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.