Вы тут

НІ АДНАГО ПАЖАРУ — ГЭТА МАГЧЫМА!


Да зімы рыхтуйцеся летам

Інфармацыя аб пажарах, на жаль, кожны дзень з'яўляецца на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у паведамленнях СМІ.

Асабліва жудасныя навіны пра тое, што гінуць дзеці. А ці магчыма зрабіць, каб пажараў не было наогул?
У Лёзненскім раёне на тэрыторыі асобна ўзятага сельсавета з пачатку года пажараў не зарэгістравана.
— Летась гарэла адна гаспадарчая забудова, а сёлета ў нас не было пажараў. І гэта — заслуга не толькі сельвыканкама, а вынік сумеснай работы супрацоўнікаў пажарнай, газавай службаў і іншых, — расказвае Надзея ПАПЯЛКОЎСКАЯ, старшыня Дабрамыслянскага сельскага Савета Лёзненскага раёна. — Па прафілактыцы пажарнай бяспекі на тэрыторыі праводзіцца паўсядзённая праца. У ёй бяруць удзел і старэйшыны вёсак, якія ўключаны ў склад назіральных камісій. Іх роля заключаецца яшчэ і ў тым, каб пастаянна бачыць тых вяскоўцаў, якія часта проста не кантралююць свае дзеянні, злоўжываюць спіртным, што і становіцца нярэдка прычынай пажараў...
Населены пункт Дабрамыслі — параўнальна вялікі. Тут жыве каля 1180 чалавек. У вёсцы ёсць тры праблемныя дамы з пункту гледжання пажарнай небяспекі. І асабіста старшыня практычна штодня туды прыходзіць, у чарговы раз папярэджвае. І, безумоўна, такі «нагляд» з боку прадстаўніка ўлады, як і міліцыі, службы выратавання, дае станоўчы вынік.
Нормай стаў і падворны абход усіх вяскоўцаў.
У летні перыяд кантралюецца таксама і падпальванне травы, каб гэта не прывяло да бяды. Таксама вялікую дапамогу па прафілактыцы пажараў аказваюць электрыкі гаспадарак, якія аглядаюць электраправодку і рэкамендуюць, дзе і як правільна яе памяняць.
— За кошт сродкаў, што выдзяляюцца на год на пажарную бяспеку, мы мяняем праводку ў дамах адзінокіх старых, інвалідаў 1 і 2 груп. Вось, літаральна сёння падала заяўку на замену праводкі ў жыллі двух мужчын, — кажа старшыня.
Як кажуць, да зімы рыхтуйся летам. Таму на тэрыторыі сельсавета пільна кантралююць стан печаў у дамах вяскоўцаў. Камусьці неабходна выправіць комін, аздобіць, камусьці падправіць дзверцы... Выяўленыя праблемы пазначаліся, быў дадзены канкрэтны тэрмін: да кастрычніка ўсё выправіць. Гэта прыйдзецца рабіць гаспадарам больш чым 45 домаўладанняў. А на пачатку кастрычніка ўлады правераць ход выканання заўваг і рэкамендацый.
— Мы займаемся ўстаноўкай аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах, дзе жывуць інваліды, састарэлыя, шматдзетныя сем'і, — кажа Уладзімір ХІЛЬКО, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства. — Апавяшчальнікі ўсталёўваем з вывадам сігналу гукавой прылады да суседзяў. Сэнсу няма ставіць інваліду па слыху апавяшчальнік, калі ён гук не пачуе... І таксама правяраем стан электрычнай праводкі, рамантуем печы пры неабходнасці. Яшчэ правяраем газавыя каналы як устаноўленых, так і дзеючых катлоў, — паведаміў ён.
Наладжана, у прыватнасці, і цеснае супрацоўніцтва са спецыялізаванымі класамі ў школах. Пашыраецца валанцёрскі рух. Супрацоўніцтва вядзецца і са святарамі, якія пераконваюць грамадзян сачыць за пажарнай бяспекай.
Васілій ЧЭКАН, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, канстатуе, што адпаведны закон па прафілактыцы правапарушэнняў паспрыяў змяншэнню за апошнія гады колькасці пажараў і загінулых. Ён адзначыў вялікую ролю ў прафілактыцы з боку назіральных камісій, а ў сельскай мясцовасці — старшыняў сельскіх Саветаў: менавіта яны ўзначальваюць назіральныя камісіі, ствараюць актыў. І вялікую дапамогу ім аказваюць старэйшыны вёсак.
Асаблівасць Віцебшчыны ў тым, што яна — лідар па колькасці населеных пунктаў, якіх больш за 6 тысяч. Вельмі шмат вёсачак, дзе пражываюць па 10 і менш чалавек. І там пытанне прафілактыкі пастаўлена на адпаведным узроўні — як і ў буйных вёсках.
Прафілактычная праца праводзіцца ў школах. Праўда, «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» — гэта толькі факультатыў, што не вельмі спрыяе інфармаванасці падлеткаў. Хаця дырэктары, настаўнікі школ, як адзначаюць ва ўпраўленні па надзвычайных сітуацыях, заўсёды ідуць насустрач. Акрамя таго, настаўнікі абследуюць жыллё, дзе жывуць дзеці, асабліва шматдзетныя сем'і. Калі бачаць, што парушаюцца правілы бяспекі, паведамляюць пажарным. Апошнія, у сваю чаргу, самастойна і ў складзе камісій ходзяць па кватэрах, дамах. І такі ўзмоцнены кантроль ідзе на карысць — не дзеля справаздачы, а каб захаваць жыцці дзяцей, ды і дарослых таксама.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.


Лёзненскі раён.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.