Вы тут

«Беларусь проста павінна навучыцца атрымліваць перавагі»


У межах дыскусійнага клуба «Філасофская і палітыка-прававая думка» Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшло чарговае пасяджэнне, на якім з адкрытай лекцыяй на тэму «Расія ў перспектыве Еўразійскага саюза» выступіў вядомы расійскі палітолаг, прафесар эканомікі, дырэктар Цэнтра даследаванняў постындустрыяльнага грамадства (Масква) Уладзіслаў ІНАЗЕМЦАЎ, з якім пасля «Звязда» пагутарыла пра сітуацыю вакол будаўніцтва Еўразійскага саюза.

1379543287306_19-29

 

— Беларусь, Расія і Казахстан рухаюцца да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Як бы вы ацанілі гэты рух? Якія перавагі і недахопы агаліліся з моманту запуску Мытнага саюза?
— Гэты праект я ацэньваю станоўча, бо сёння ў свеце стварэнне інтэграцыйных эканамічных груповак з'яўляецца трэндам. Адзінае, пра што сёння можна шкадаваць, дык гэта пра тое, што Расія не моцна выйграе ад Мытнага саюза з эканамічнага пункту гледжання. Расійскі бізнес актыўна адыходзіць у Казахстан, бо там больш зразумелыя ўмовы рэгулявання бізнесу. Беларусь атрымлівае, з аднаго боку, важкія перавагі за кошт ільготных паставак энерганосьбітаў. З другога боку, расійскі рынак для беларускай прадукцыі вельмі шырокі, і ён увесь час пашыраецца. Расія ж не можа атрымаць для сябе істотных пераваг ад гэтага праекта, таму што рынкі Беларусі і Казахстана невялікія ў параўнанні з расійскім. Такім чынам, Расія плаціць пэўную цану за палітычны ўплыў на постсавецкай прасторы, за адчуванне адраджэння сваёй велічы. У выніку кожны атрымлівае ад гэтага праекта сваё: саюзнікі Расіі — эканамічныя прэферэнцыі, а Расія — своеасаблівае маральнае задавальненне. Але чым больш адкрытымі нашы эканомікі будуць адна да адной, тым больш станоўчых эфектаў будзе ад Мытнага саюза.
— Аднак эканомікі Мытнага саюза адкрыты не толькі адна да адной. Уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю прывяло да таго, што ўся Адзіная эканамічная прастора стала функцыянаваць па прынцыпах СГА. Як гэта спалучаецца з фарміраваннем Еўразійскага эканамічнага саюза?
— Справа ў тым, што Расія ўступала ў СГА 18 гадоў, і за гэты час яна ўжо прыняла большасць нормаў гэтай арганізацыі. Што тычыцца Беларусі і Казахстана, тут існуюць пэўныя магчымасці. Напрыклад, калі б сёння паміж Беларуссю і Расіяй існавалі больш даверлівыя адносіны, то Беларусь магла б фактычна экспартаваць свае тавары, выкарыстоўваючы статус Саюзнай дзяржавы: праз створаныя ў Расіі сумесныя прадпрыемствы вывозіць іх на знешнія рынкі пад рэжымам членства Расіі ў СГА. Таму, на мой погляд, наступны этап выкарыстання Мытнага саюза ў тым, каб Беларусь навучылася выкарыстоўваць Саюзную дзяржаву для пранікнення на рынкі краін СГА.
Што тычыцца небяспекі рээкспарту тавараў з краін — членаў СГА на беларускі рынак, я пакуль што не бачу такіх тэндэнцый.
Мытны саюз дае шэраг прэферэнцый, і мне здаецца, што Беларусь проста павінна навучыцца карыстацца тымі шчылінамі, якія існуюць, каб атрымліваць максімальныя перавагі ад членства ў ім.
— У той жа час з моманту ўступлення Расіі ў СГА назіраецца скарачэнне расійскага рынку для шэрагу беларускіх таварных груп, перш за ўсё, прадукцыі машынабудавання з-за канкурэнцыі з новымі гульцамі.
— Думаю, што гэта звязана не толькі з уступленнем Расіі ў СГА. У Расіі ў прынцыпе цяпер рэзка зніжаюцца інвестыцыі. Увогуле закупкі абсталявання і тэхнікі ідуць уніз. Зніжэнне інвестыцый за гэты год склала каля 14%. Таму не факт, што скарачэнне рынкаў збыту беларускай прадукцыі абумоўлена ўзрастаннем канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі.
— Для Беларусі адным з галоўных аргументаў далучэння да Мытнага саюза з'яўлялася, акрамя энергетычных прэферэнцый, жаданне ўзмацніць свае пазіцыі на знешніх рынках. І быў прапанаваны такі інструмент, як стварэнне саюзных прадпрыемстваў, холдынгаў. Аднак прайшло ўжо шмат часу, а дыскусіі вакол стварэння холдынга МАЗа і КаМАЗа або інтэграцыі Мінскага завода колавых цягачоў у структуру расійскага ваенна-прамысловага комплексу, сітуацыя з выхадам «Уралкалія» з Беларускай калійнай кампаніі сведчаць аб тым, што працэсы ідуць у іншы бок.
— Справа ў тым, што расійская палітычная эліта прывыкла браць усё бясплатна, узровень карупцыі вельмі высокі. Таму абяцанні для беларускіх прадпрыемстваў увайсці ў нейкія вытворчыя ланцужкі з расійскімі прадпрыемствамі — складана выканальная задача. Што тычыцца сітуацыі з аб'яднаннем МАЗа і КаМАЗа, мне адразу здавалася, што поспеху ў гэтай здзелцы не будзе. Таму што расійскія кампаніі прывыклі да абсалютнай адсутнасці канкурэнцыі. І яны гатовыя максімальна ціснуць сваіх канкурэнтаў і дамаўляцца, стоячы на жорсткіх пазіцыях.
Іншы прыклад — «Беларуськалій». Наколькі памятаю, беларускі бок ацаніў гэты актыў у $30 млрд. З улікам усіх мультыплікатараў, суадносін паміж цаной і капіталам і выручкай, гэта не вар'яцкая цана. «Беларуськалій» — вельмі рэнтабельнае прадпрыемства, і яно выдатна прадавалася б на заходнім рынку за такую цану. Але расійскі бок адмовіўся плаціць $30 млрд, таму што ў Расіі звычайна пытанне куплі актыву вырашаецца рознымі нефармальнымі спосабамі значна танней.
— Як вы думаеце, што неабходна зрабіць Расіі для таго, каб ператварыць Мытны саюз у прывабны праект для Украіны?
— Баюся, што Расія ўжо не зможа зрабіць нічога для гэтага. Таму што ва Украіне палітыка ў значнай ступені спалучае элементы бізнесу. Многія палітычныя дзеячы Украіны з'яўляюцца адначасова буйнымі бізнесменамі. А ўкраінскія бізнесмены сёння зацікаўлены ў абароне сваёй уласнасці і ў легалізацыі сваіх даходаў і маёмасці ў Еўропе. Яны бачаць у Еўропе стабільнасць, а ў Расіі — пастаянную змену правілаў гульні і пагрозы, якія зыходзяць ад буйнога расійскага капіталу, на фоне якога ўкраінскія бізнесмены будуць адчуваць сябе некамфортна.
Таму, хоць украінскі народ з гісторыка-культурнага пункту гледжання блізкі да Расіі, палітычныя эліты Украіны будуць схіляцца ў бок Еўропы.
— Вядомы амерыканскі геапалітык Збігнеў Бжэзінскі мяркуе, што страта Украіны для Расіі, як і для будучага Еўразійскага саюза, з'яўляецца крытычным пунктам, пасля якога сам еўразійскі праект губляе сэнс. Ці падзяляеце вы гэты пункт гледжання?
— Не відавочна, што тое, што дрэнна для Еўразійскага саюза, дрэнна і для Расіі. Існуюць і іншыя пункты гледжання. Напрыклад, вядомы фінскі дыпламат і член фінскага парламента Кіімо Кільюнен, які вельмі добра ведае постсавецкую прастору, прытрымліваецца дыяметральна супрацьлеглага пункту гледжання, мяркуючы, што далучэнне Украіны да ЕС у будучыні зможа вельмі істотна паўплываць на адносіны паміж Расіяй і Еўропай. Ён прыводзіць аналогію з Вялікабрытаніяй, якая далучылася да Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ў 1973 годзе. Да гэтага моманту Еўропа, у якой дамінавала Францыя, была жорсткім апанентам ЗША. Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь не меў асаблівых сімпатый да амерыканізму і выбудоўваў іншы вобраз атлантызму. Калі Англія далучылася да ЕЭС, Еўропа стала значна бліжэйшай да амерыканскай пазіцыі, таму што ўнутр яе ўвайшоў амерыканскі саюзнік — Вялікабрытанія. Дык вось, Кільюнен лічыць, што Украіна настолькі блізкая да Расіі ментальна і палітычна, што, будучы ўнутры Еўропы, яна не будзе сапернікам Расіі, а наадварот — стане яе «агентам уплыву» ў ЕС, зменшыць ступень варожасці і насцярожанасці Еўропы ў дачыненні да Расіі.
— А вось іншы прыклад — Арменія, якая зусім нядаўна заяўляла пра гатоўнасць падпісаць Дагавор аб асацыяцыі з ЕС на лістападаўскім саміце Усходняга партнёрства ў Вільнюсе, а два тыдні таму зрабіла такі нечаканы ход для многіх назіральнікаў і заявіла пра сваё жаданне далучыцца да Мытнага саюза. Чым гэты крок, на ваш погляд, абумоўлены?
— Арменія не падпісала ніякага дагавора з Расіяй, яна нават не падала заяўку на ўступленне ў МС, гэта была пакуль што толькі дэкларацыя армянскага і расійскага прэзідэнтаў Сержа Саргсяна і Уладзіміра Пуціна аб жаданні Арменіі ўступіць у МС. Аднак гэтая дэкларацыя выклікала пэўную напружанасць у Ерэване, таму што Арменія не такая ўжо маналітная і адзіная краіна. З улікам дыяспары, якая існуе ў Еўропе і ЗША, Арменія — гэта краіна, якая свядома шукала шлях на Захад.
Думаю, што цяпер Пуцін прапанаваў армянскаму боку пэўныя ўмовы, ад якіх яна не змагла адмовіцца. Гэта жаданне Пуціна ўзяць рэванш за Украіну, пэўны гандаль, які акажацца вельмі выгадным для Арменіі, таму што ён, напэўна, прывядзе да адкрыцця расійскага рынку для армянскай прадукцыі, дадатковых расійскіх крэдытаў, верагодна, спрашчэння працэдур рэгістрацыі армянскіх мігрантаў у Расіі і крэдытных паставак расійскага ўзбраення.
Але з геапалітычнага пункту гледжання для Расіі гэта сумніўны ход, таму што яна фактычна атрымлівае саюзніка, блакіраванага даволі варожымі сіламі, які не мае агульнай мяжы з МС.
— На вашу думку, якія захады павінны зрабіць эліты Беларусі, Расіі і Казахстана для таго, каб еўразійскі праект адбыўся як паспяховы?
— На мой погляд, каб працэс пайшоў і завяршыўся паспяхова, яго неабходна перавесці ў рэжым натуральнага развіцця. Удзельнікам будучага Еўразійскага саюза, перш за ўсё расійскаму боку, неабходна вынесці пытанні эканамічнай інтэграцыі за палітычную плоскасць, стварыць адмысловы механізм, які б выпрацоўваў прынцыпы рэгулявання агульнай эканамічнай прасторы, і на які не ўплывалі б палітыкі.

Арсен СІВІЦКІ

 

 

Этот материал на русском языке.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».