Вы тут

Беларусь у цэнтры Новай Цэнтральнай Еўропы


17 верасня ў Мінску прайшла прэзентацыя даклада, падрыхтаванага беларускім Цэнтрам стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў «Да Новай Цэнтральнай Еўропы! Пераадоленне крызісу Цэнтральнай Еўропы праз будаўніцтва новага макрарэгіёна». На прэзентацыі прысутнічалі працаўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў Расіі, Казахстана, Украіны, Польшчы, Літвы, Румыніі; беларускія эксперты, навукоўцы, журналісты.

1379543307531_19-32

Пра мэту выдання даклада і асноўныя яго палажэнні мы гутарылі з вядучымі аўтарамі распрацоўкі — дырэктарам Цэнтра Арсенам СІВІЦКІМ і кіраўніком Беларускай групы развіцця Юрыем ЦАРЫКАМ.

«Звязда»: З чым звязана ідэя распрацоўкі даклада? На што ён накіраваны?

Юрый Царык: Два гады таму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь была агучана канцэпцыя інтэграцыі інтэграцый. Сутнасць яе зводзілася да таго, што стварэнне Еўразійскага саюза не прадугледжвае падзелу Еўропы, але з'яўляецца найважнейшай перадумовай для раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва двух буйных утварэнняў у рэгіёне — Еўрапейскага і Еўразійскага саюзаў.

Дыскусіі апошніх месяцаў паказалі відавочны дэфіцыт прапаноў, ідэй і праектаў, якія рэальна прасоўвалі б гэтую канцэпцыю.

Важным крокам у гэтым напрамку стала агучаная міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем прапанова аб перафарматаванні праграмы «Усходняе партнёрства». Гаворка ішла аб умацаванні бізнес-вымярэння «Усходняга партнёрства» і фарміраванні спіса прыярытэтных стратэгічных праектаў у рамках праграмы.

Аднак і пасля гэтага далейшае экспертнае абмеркаванне ўзаемных адносін Беларусі і Еўрапейскага саюза працягвала грунтавацца, у асноўным, на падставе мадэлі супрацьстаяння праектаў еўрапейскай інтэграцыі і еўразійскай інтэграцыі. З аднаго боку, гэтая памылковая логіка гульні з нулявой сумай непазбежна заганяла ў тупік не толькі Беларусь, але і іншыя краіны рэгіёна: дастаткова паглядзець на прыклады Украіны ці Малдовы. З іншага боку, што лагічна, такі падыход у цэлым вёў і вядзе да зніжэння ўзроўню бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У гэтых умовах канцэпцыя інтэграцыі інтэграцый патрабуе адмысловага інструментарыя для яе рэалізацыі, які дазваляе пераадольваць міжынстытуцыянальныя бар'еры. У прыватнасці, на наш погляд, гэтая канцэпцыя можа быць рэалізавана толькі праз выкарыстанне прынцыпу сумеснага развіцця — шляхам стварэння новага адзінага рэгіянальнага рынку на аснове прамыслова-інфраструктурнай, энергетычнай, сэрвіснай і культурна-адукацыйнай кааперацыі дзяржаў, кампаній і няўрадавых арганізацый краін рэгіёна. Такі новы рынак мы і называем Новай Цэнтральнай Еўропай.

«Звязда»:

Стварэнне новага рынку, які аб'ядноўвае краіны ЕС, Мытнага саюза і пазаблокавыя дзяржавы. Як гэта магчыма?

Ю.Ц.: Гэта магчыма дзякуючы спецыфіцы падыходу да рэалізацыі праекта.

Спецыфіка складаецца ў тым, што рынак Новай Цэнтральнай Еўропы ствараецца на аснове новых інфраструктур і індустрыі, матрыцы стратэгічных інвестыцыйных праектаў. І толькі ў ходзе рэалізацыі гэтых праектаў фарміруюцца неабходныя прававыя ўмовы яго функцыянавання.

Па-другое, гэты рынак спалучае розныя эканамічныя і тэхналагічныя ўклады — заходнееўрапейскі, постсавецкі, а таксама, магчыма, кітайскі і іншыя. Гэта звязана з тым, што, па-трэцяе, гэты новы рынак фарміруецца ў глыбокай сувязі з іншымі рэгіёнамі — Цэнтральнай Азіі, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, якія з'яўляюцца для яго рынкамі збыту.

«Звязда»: А як гэта суадносіцца з праграмай Еўрапейскага саюза «Усходняе партнёрства»?

Арсен СІВІЦКІ: Суадносяцца спецыфічна. Фактычна «Новая Цэнтральная Еўропа» — гэта альтэрнатыва «Усходняму партнёрству» ў змястоўным плане. Замест палітыкі амаль аднабаковага навязвання жорсткіх умоў з боку Бруселя, што мы сёння бачым на прыкладзе сітуацыі вакол Украіны, мы прапануем палітыку сумеснага развіцця.

Сёння праграма «Усходняе партнёрства» знаходзіцца ў крытычным стане і патрабуе трансфармацыі. Гэтая сітуацыя абумоўлена, з аднаго боку, тым, што для цэлага шэрагу удзельнікаў праграмы яе першапачатковыя стратэгічныя мэты не з'яўляюцца дасягальнымі. Напрыклад, Беларусь і цяпер Арменія, якая аб'явіла аб уступленні ў Мытны саюз, не можа заключыць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

З іншага боку, гледзячы сёння на тое, якія жорсткія ўмовы ставяцца Украіне з боку ЕС, узнікае пытанне: а навошта трэба такое пагадненне, калі яно прывядзе да дэіндустрыялізацыі і падзення якасці жыцця ў краіне?

Таму сёння неабходна поўнае перафарматаванне «Усходняга партнёрства», напаўненне яго канкрэтнымі праектамі і рэсурсамі, неабходнымі для іх рэалізацыі. «Новая Цэнтральная Еўропа» — гэта ініцыятыва, накіраваная на змястоўнае напаўненне новага фармату адносін нашых краін з Еўрасаюзам.

«Звязда»: Якія праекты могуць скласці аснову такога новага парадку дня?

А.С.: Гэта, перш за ўсё, транспартныя праекты. Напрыклад, зараз патрабуюць рэалізацыі два буйныя транспартныя інфраструктурныя праекты: стварэння высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Берлін — Мінск — Масква на аснове еўрапейскай каляі для пасажырскіх перавозак і паралельнае падаўжэнне расійскай каляі, якая злучае Кітай, Казахстан, Расію і Беларусь, у Заходнюю Еўропу па тэрыторыі Польшчы, Германіі, Францыі для грузавых перавозак.

Другі напрамак — забеспячэнне энергетычнай бяспекі рэгіёна. Крытычную ролю тут адыгрывае будаўніцтва Беларускай АЭС і наступнае стварэнне ў рэгіёне яшчэ адной атамнай электрастанцыі. Гэта створыць спрыяльныя ўмовы для развіцця прамысловасці ў рэгіёне.

Таксама ёсць праекты ў сферы машынабудавання, сельскай гаспадаркі, развіцця гарадской інфраструктуры і, зразумела, у адукацыйнай сферы.

Мы разумеем, што на сённяшні дзень ініцыятыва Новай Цэнтральнай Еўропы прадстаўлена ў самым агульным выглядзе. Таму мы спадзяёмся, што публікацыя даклада і яго распаўсюджванне стануць першым крокам да мабілізацыі бізнесу і экспертных структур на задачу хуткага і эфектыўнага фарміравання практычнага парадку дня будаўніцтва новага макрарэгіёна.

Сяргей ЮР’ЕЎ.

Этот материал на русском языке.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».